У Беларусі плануецца прыняць меры па абмежаванні рэкламы шкодных прадуктаў для дзяцей, а таксама па поўнай забароне рэкламы піва. Такое палажэнне прапісана ў рамках рэалізацыі дзяржпраграмы «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь» на 2016—2020 гады, паведаміў першы намеснік міністра аховы здароўя Дзмітрый Піневіч падчас прэс-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА 22 верасня.

Плануецца таксама змяніць нарматывы па ўтрыманні цукру і солі ў прадуктах. У прыватнасці па ўтрыманні цукру перш за ўсё ў кісламалочнай прадукцыі для дзяцей, а таксама па ўтрыманні солі ў каўбасных, хлебабулачных вырабах.

Стануць больш жорсткімі нарматывы ўтрымання транстлушчаў у алейнатлушчавай прадукцыі. Запланавана таксама выключэнне іх з дзіцячых прадуктаў харчавання, прадугледжана зніжэнне ўздзеяння рэкламы харчовых прадуктаў і безалкагольных напояў на дзяцей, абмежаванне рэкламы газаваных напояў для дзяцей, харчовай прадукцыі з высокім утрыманнем солі, цукру, тлушчу, поўная забарона рэкламы піва, павелічэнне часу сацыяльнай рэкламы на тэлебачанні.

Гэта неабходна зрабіць, падкрэсліў Піневіч, бо ў Беларусі на артэрыяльную гіпертэнзію пакутуюць больш за 40% мужчын і 38% жанчын, гіперхалестэрынемія сустракаецца ў паловы мужчын і траціны жанчын працаздольнага ўзросту. Недастатковая фізічная актыўнасць мае месца ў 24% насельніцтва. А залішняя маса цела адзначаецца больш чым у 40% насельніцтва краіны.

Спецыялісты Міністэрства аховы здароўя адзначаюць, што значная частка насельніцтва Беларусі сілкуецца няправільна. У рацыёне назіраецца залішняе ўтрыманне жывёльнага тлушчу, простых вугляводаў, солі, недастатковасць вітамінаў і мінералаў.

Паводле дадзеных афіцыйнай статыстыкі, сярэднясутачнае спажыванне садавіны і агародніны ў нашай краіне складае 350—450 грамаў у дзень на чалавека, а СААЗ рэкамендуе 600 грамаў у дзень.

Такі лад жыцця з`яўляецца прычынай залішняй вагі (57,4% дарослага насельніцтва маюць залішнюю вага, 24,3% — атлусценне), узнікнення хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, цукровага дыябету і анкалагічных захворванняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0