Чытачы «Нашай Нівы» з Касцюковічаў даслалі ў рэдакцыю фота, зробленыя ў горадзе 14 лютага.
«Мо на цэментным заводзе зламаліся фільтры для выкідаў? Горад пасыпае вось такой белай цэментнай мукой. Не разумею, чаму гэтым мусяць дыхаць мае дзеці», — напісаў чытач.
Як запэўніў журналіста «Нашай Нівы» дырэктар касцюковіцкага цэментнага завода Ігар Ложачнікаў, ніякіх форс-мажораў на прадпрыемстве не здаралася.
«Фільтры ў нас сучасныя, нічога такога быць не можа. Вы прыедзьце для праверкі — у нас ёсць сістэма кантроля, нас правяраюць. Можа і былі асобныя нюансы, пару машын абсыпала — не ведаю. Але гэта не катастрофа — у нас на заводзе таксама машыны абсыпае. Бываюць выпадкі. У нас, у прынцыпе, завод працуе, фільтры працуюць у штатным рэжыме», — сказаў Ложачнікаў.