У нядзелю, 12 сакавіка, у эфіры дзяржаўнага канала «Беларусь-1» паказалі праграму «Галоўны эфір», дзе лейтматывам была тэма «дармаедаў». 

Абмеркаваць пратэсты і нашумелы «Дэкрэт №3» у студыю запрасілі псеўдаакадэміка Сяргея Саладоўнікава і «палітолага» Бяляева, які нядаўна адзначыўся фразай, што беларуская мова для беларусаў — не родная. 

Ад пачатку абмеркавання што вядучы, што госці аднадушна прасоўвалі ідэю «правільнасці» дэкрэта і «няправільнасці» рэфлексій.

«Вінаватыя на месцах», «няправільна асвятлялі ў інтэрнэце», «падаўляючая большасць можа зарабіць у Беларусі, калі захоча», «рабочыя зацягнулі з пошукам работы» — вось чым падмацоўвалі свае словы ўдзельнікі дыскусіі. 

«Палітолаг» Бяляеў нават выказаў здзіўленне доўгімі роздумамі міліцыі, пакуль «разынкі, пра якіх сказаў прэзідэнт, вельмі нахабна сябе паводзілі», намякаючы на шэраг затрыманняў апазіцыйных лідараў, актывістаў і журналістаў. 

Пасля ў эфіры канала накінуліся на незалежныя СМІ: «Белсат», «Навіны.бай», «Еўрарадыё», «Свабода», «ТУТ.бай» — усіх на БТ назвалі «адыёзнымі». 

Спыніліся і на публікацыі «Нашай Нівы» — гаворка пра аператыўны каментар бацькі «анархіста Раманава», якога мы знайшлі адразу ж пасля выхаду «расследавання». 

Загаловак Бацька «анархіста Раманава» пра аўтараў расследавання БТ: «Я скручу ім башку» падаўся БТшнікам «вартым чырвонай карткі». 

«Цэлы дзень гэта красавалася на галоўнай старонцы. А ўнізе старонкі [артыкула], маленькім шрыфтам, незаўважна напісана, што траціл у сына ўсё ж быў», — так сказаў пра наш матэрыял закадравы голас.

Праўда, нават на скрыншоце БТ было відаць, што ўвесь артыкул напісаны аднолькавым кеглем, а праз пару гадзін на нашым сайце з'явіўся разгорнуты каментар бацькі.

Чытайце таксама: Бацька «анархіста Раманава» расказаў акалічнасці цьмянай справы

Гэтым супрацоўнікі «Беларусь-1» не абмежаваліся і працягнулі, што незалежныя СМІ, узяўшыся за рукі, разгарнулі ў краіне цэлую кампанію па абароне… баевікоў УНА-УНСО!

Зянону Пазняку на БТ прыпісалі згоду з высновамі «расследавання» і заклік «не хадзіць на мітынгі». Пазняк у адказ абвінаваціў БТ у хлусні. 

У праграме ўспомнілі Сірыю, Украіну і Егіпет, паказалі кадры вайны і смерцяў, яшчэ раз пракруцілі запіс перамоваў Статкевіча, дзе ён вельмі дзіўна пачынае сказы па-руску, а сканчае па-беларуску, і наадварот. 

«Фішкай» праграмы стаў новы запіс праслухоўвання палітыкаў — гэтым разам Дашкевіча і Севярынца. У размове Дашкевіч назваў анархістаў у Курапатах «карыснымі адмарозкамі», а Севярынец пагадзіўся, што «іх трэба падцягваць». 

У «Галоўным эфіры» таксама паабяцалі працяг «расследавання». 

За некалькі гадзін пасля з'яўлення «Галоўнага эфіру» ў інтэрнэце відэа паспела сабраць некалькі тысяч «дызлайкаў», пасля чаго БТшнікам давялося зноў, як і ў выпадку з «расследаванням», адключаць каментарыі і адлюстраванне статыстыкі ацэнак. 

Нагадаем, што нядаўна карыстальнікі «УКантакце» вельмі спецыфічна адрэагавалі на паказ «Званка сябру».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?