Турцыя вымушаная прыпыніць дыпламатычныя кантакты на высокім узроўні з Нідэрландамі на фоне дыпламатычнага канфлікту, заявіў турэцкі віцэ-прэм'ер Нума Куртулмуш, паведамляе ВВС.

Ён таксама заявіў аб магчымасці перагляду пагаднення з Еўрасаюзам аб міграцыі.

«Мы робім роўна тое ж самае, што робяць і яны ў адносінах да нас. Мы не дазволім рэйсам з дыпламатамі з Нідэрландаў прызямляцца ў Турцыі або выкарыстоўваць нашу паветраную прастору. Тыя, хто стварыў гэты крызіс, нясуць адказнасць за яго ўрэгуляванне», — сказаў Куртулмуш.

У суботу нідэрландскія ўлады не дазволілі двум турэцкім міністрам — спачатку кіраўніку МЗС Турцыі Меўлюту Чавушаглу, а пазней міністру па справах сям'і і сацыяльнай палітыкі Турцыі Фаціме Бецюль Саям Кае — выступіць у Ратэрдаме перад грамадзянамі Турцыі, якія жывуць у Нідэрландах.

Улады Нідэрландаў не дазволілі Чавушаглу ўехаць у краіну, а Саян Кае эскартавалі да нямецкай мяжы.

Турэцкія чыноўнікі збіраліся пераканаць сваіх суграмадзян падтрымаць змены ў канстытуцыі Турцыі, якія значна пашыраюць паўнамоцтвы прэзідэнта. Рэферэндум па гэтым пытанні прызначаны на 16 красавіка.

Раней улады Аўстрыі, Германіі і Швейцарыі таксама забаранілі выступы турэцкіх афіцыйных асоб, спаслаўшыся на магчымыя праблемы бяспекі.

Пасля гэтага прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган параўнаў Нідэрланды з «бананавай рэспублікай», запатрабаваў ад міжнародных арганізацый увесці санкцыі супраць гэтай краіны і абвінаваціў краіны Захаду ў ісламафобіі. «Я казаў, што з нацызмам скончана, але я памыляўся, нацызм жывы на Захадзе», — заявіў ён.

Канцлер Германіі Ангела Меркель назвала гэтыя выказванні непрымальнымі і выказала Нідэрландам «поўную падтрымку і салідарнасць».

Прэм'ер-міністр Нідэрландаў Марк Рутэ таксама назваў гэтыя заявы Эрдагана непрымальнымі. Міністр замежных спраў Германіі Зігмар Габрыэль выказаў надзею на тое, што Турцыя «ачомаецца».

Прэм'ер-міністр Даніі Ларс Лека Расмусэн адклаў запланаваную сустрэчу з турэцкім калегам Біналі Йылдырымам, заявіўшы, што дэмакратычныя прынцыпы знаходзяцца ў Турцыі пад жорсткім прэсінгам.

У панядзелак Нідэрланды папярэдзілі сваіх грамадзян аб неабходнасці праяўляць асцярожнасць ва ўмовах напружанасці ў адносінах дзвюх краін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?