«Мы ў чарговы раз убачылі, што ні міжнародныя пагадненні, ні міжнародныя арганізацыі не працуюць. Адбылося што: у парушэнне ўсіх законаў, насуперак рэзалюцыі Рады бяспекі ААН, без узгаднення з нейкай міжнароднай арганізацыяй, без узгаднення з суверэнным урадам Сірыі былі нанесеныя ўдары крылатымі ракетамі! То бок прачнуўся прэзідэнт ЗША, прыняў рашэнне і зрабіў! Гэта страшна, таму што гэта вядзе наш свет да катастрофы!», — сказаў намеснік кіраўніка Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

«У Расіі некаторыя палітыкі біліся патыліцай аб столь ад радасці, што абралі Трампа. Я заўсёды казаў: ваенная інтэрвенцыя для ЗША — гэта забеспячэнне іх ліквіднасці, гэта вельмі выгадны бізнэс, і яны ад гэтага не адмовяцца. І сёння мы бачым, што ў ЗША фінансава-палітычнае лобі, якое гэтую палітыку праводзіць, перамагае.

Што датычыць Сірыі: пакуль не перадзеляць Блізкі Усход, будуць ваяваць. І пакуль не будзе другога цэнтра сілы, усе міжнародныя пагадненні не будуць дзейнічаць», — працягнуў Вадзім Баравік.

Як бачым, у ток-шоу на дзяржаўных каналах запрашаюць усё тых жа персанажаў, што і летась.

«Раніцай, калі я прачнулася і ўбачыла гэтую навіну, для мяне гэта не было чымсьці нечаканым. І ніколі асабліва нечаканым не будзе. Насамрэч усё было дастаткова прагназаваным і разлічаным. Іншая справа, калі мы будзем разважаць пра Блізкі Усход у схеме дзвюх супердзяржаў, то нічога не даб’ёмся, — пракаментавала дацэнт факультэта міжнародных адносінаў БДУ, кандыдат гістарычных навук Роза Турарбекава. — Так, сапраўды, было выпушчана 59 «Тамагаўкаў», была фактычна знішчана вайсковая інфраструктура. Але ў Сірыі сёння ідзе вайна. Вайна носіць не толькі грамадзянскі характар, яна з’яўляецца міжнародным канфліктам. Там на сённяшні дзень ваюе Іран, там знаходзяцца турэцкія ўзброеныя сілы, ёсць расійская вайсковая прысутнасць».

Дагаварыць спадарыні Розе не даў Алег Гайдукевіч, які параіў звярнуць увагу на тое, хто адразу падтрымаў ЗША. «Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, Ізраіль — самыя левыя саюзнікі», — сказаў Гайдукевіч.

«Але самае галоўнае, што ЗША там падтрымліваюць курды і сірыйская апазіцыя. Таму зводзіць толькі да знешніх сілаў не варта», — заўважыла спадарыня Турарбекава.

«Сірыя — гэта адпрацоўка сістэмы ўзбраення, палітычнай сістэмы. Усе ўздыхаюць на тэлешоу ў Расіі: пляскаюць, надзімаюць шчокі, Дзярждума там нешта заяўляе, а што рэальна могуць адказаць ЗША? — зноў уступіў у дыскусію Баравік.

— Самае небяспечнае што? Што любая дзяржава, якая не мае сёння даху, ядзернага, стратэгічнага стрымлівання, будзе падвергнутая такой атацы».

«Вас не бянтэжыць, што з 59 «Тамагаўкаў» далятае толькі 23? Звычайна вайсковыя эксперты кажуць, што калі падае такая ракета, павінна быць выпаленая зямля», — скіраваў размову крыху ў іншы бок вядоўца ток-шоу Дзмітрый Бачкоў.

«Удар рыхтаваўся вельмі хутка, не было сур’ёзнай падрыхтоўкі. Рашэнне было прынятае па адной простай прычыне: бачылі, што Асад перамагае. ЗША паказала, што не дапусціць, каб Асад застаўся прэзідэнтам», — тут жа зрэагаваў Гайдукевіч.

«Я думаю, што гэты ўдар якраз рыхтаваўся, — уключыўся ў дыскусію палітолаг, выкладчык БНТУ Аляксей Бяляеў. — Патрэбная была нагода. Апошнім часам вельмі ўзмацніўся ўплыў Расіі ў гэтым рэгіёне. Мы бачым цяпер міратворчыя працэсы: і ў Жэневе пайшоў, і ў Астане. Насамрэч сірыйская армія хімічнай зброяй не валодала, гэта ўжо даказана. Быў удар сірыйскай авіяцыі па лабараторыях тых жа самых апазіцыянераў, якія рыхтавалі ў сябе хімічную зброю, і пацярпелі яны з-за сябе. Па сутнасці, ужо вядома, што ўсё гэта было падстроена, бо паведамленні пра хімічную атаку сірыйскіх войскаў былі размешчаныя тымі арганізацыямі, якія дапушчаныя на тэрыторыю, што кантралюе апазіцыя, яшчэ за дзень, калі ніякага ўдару не было ў прынцыпе. То бок была правакацыя, якую выкарысталі для таго, каб у абыход усіх працэдур, што існуюць, не пытаючыся Раду бяспекі ААН, нанесці ўдар».

Дагаварыць Бяляеву не даў Гайдукевіч.

«Наконт хімічнай атакі. Першае. Сапраўды, Башар Асад быў самым апошнім чалавекам, які быў зацікаўлены ў выкарыстанні хімічнай зброі пасля таго, як ён стаў перамагаць. З чым нязгодны. Калі я кажу, што не рыхтаваўся ўдар, я кажу не пра тое, што не рыхтаваліся гэтыя дзеянні ў Сірыі. Так, ЗША паказала, што зробіць усё, каб Башар Асад сышоў. Я кажу пра тое, што мэтай бамбардзіроўкі ракет было не знішчэнне. Гэта піяр-акцыя. Вось таму з 59 ракет даляцела 23», — дадаў Гайдукевіч.

«Пытанне «што гэта было?» гучала не толькі ў пятніцу, пасля таго, як паляцелі ракеты, але і некалькімі днямі раней, калі з’явіліся кадры хімічнай атакі. Некаторым гэтага хапіла для таго, каб пачаць абвінавачваць Асада. Хтосьці абвінавачваў Расію, хтосьці шукаў, каму гэта выгадна, некаторыя паставілі пад сумнеў, што такое ўвогуле было», — падкінуў тэму для абмеркавання вядоўца.

«Што заслугоўвае асуджэння, тое, што амерыканцы здзейснілі акт міжнароднага хуліганства і ў парушэнне ўсіх прававых норм прымянілі вайсковую сілу. І для мяне гэтая сітуацыя, дарэчы, не новая. Бо Амерыка, па сутнасці, вяртаецца ў эпоху Буша-малодшага. 2003 год, Ірак — тая ж гісторыя, — сказаў грамадскі і палітычны дзеяч Сяргей Вазняк. —

То бок мы цяпер атрымліваем новую павестку сусветнай палітыкі, калі будуць ігнаравацца міжнародныя нормы дзвюма ядзернымі дзяржавамі, двума пастаяннымі сябрамі Рады бяспекі ААН. Гэта самае страшнае, што адбылося».

«Вось мы пачынаем з вамі разбіраць, была хіматака ці не была, — узяў слова Баравік. — Вы давайце патлумачце насельніцтву, не праводзячы расследаванне, па роліках з ютуба, што адбылося. Ноччу было прынятае рашэнне аб нанясенні ўдараў па незалежнай дзяржаве ў парушэнне ўсіх патрабаванняў ААН. Сёння можна сказаць, што ў пэўных краінах падціраюцца ўсімі палажэннямі Рады бяспекі ААН. Другое. Амерыканцы з канца XX стагоддзя не перастаюць весці баявыя дзеянні ў свеце. У Расіі, на жаль, усе дзеянні сёння зробленыя ў адказ. Паглядзіце на рэакцыю Ізраіля. 150 мільярдаў даляраў амерыканцы адсцягнулі Ізраілю за апошнія гады толькі на падтрымку арміі і іх незалежнасці ў рэгіёне. Сёння Ізраіль любое дзеянне ЗША падтрымлівае».

Калі слова далі прадстаўніку сірыйскай дыяспары Айману Абазаху, той выказаў думку, што расследаванне, хто выкарыстоўваў хімічную зброю, не было праведзенае, бо Амерыка баялася вынікаў. Абазах дадаў, што, імаверна, ЗША планавалі атаку і таму вельмі хутка прынялі рашэнне. Ён таксама сказаў, што як ні спрабавала Францыя ці любая краіна свету падзяліць Сірыю паводле рэлігіі, у іх нічога не атрымалася.

«Я здзіўляюся вам, спадарства. Як вы ў свой час паверылі ў тое, што Трамп можа быць саюзнікам Расіі, што ён можа весці сябе інакш? Чаму хтосьці лічыў, што ён будзе займацца толькі ўнутрыпалітычнымі праблемамі, проста захапляліся ім? Калі яны ўжо праз месяц з невялікім выступілі з прапановай аб павелічэнні ваеннага бюджэту на 56 мільярдаў, аб скарачэнні фінансавання дзяржаўнага дэпартамента на траціну. Я думаю, што гэта само за сябе гаворыць, на якія інструменты будзе апора. Другое. Я хацела параўнаць з прэзідэнцтвам Абамы. Усе тут яго лаялі. Мы з вамі ўзгадаем яго яшчэ не раз і добрым словам, таму што, у адрозненне ад Трампа, ён паважае закон Амерыкі, ён звяртаўся да Кангрэсу ЗША з пытаннем аб бамбардзіроўцы Сірыі. І ў Кангрэсе выступілі супраць», — сказала Роза Турарбекава.

У другой частцы праграмы абмеркаванне сканцэнтравалася вакол асобы Трампа.

«Трампа я б расцаніў як слана ў пасуднай лаўцы. Таму што ён прыйшоў на тое поле, якое ўжо было замініравана яго папярэднікамі, не маючы выразнай стратэгіі і выразнага геапалітычнага разумення. Для яго Пуцін на перадвыбарчай кампаніі быў «добрым хлопцам», з якім можна мець справу. Але калі ён прыйшоў да ўлады, то пайшоў на павадку свайго бліжэйшага акружэння.

Па сутнасці, амерыканцы займаюцца генацыдам: знішчаюць горад пры дапамозе авіяцыі. Хаця Расія, напрыклад, пры штурме Алепа авіяцыю не выкарыстоўвала. І сірыйскія войскі не выкарыстоўвалі, а іх спрабуюць у гэтым абвінаваціць. Вось гэтыя дзеянні Трампа, а я скажу, што гэты чалавек не кампетэнтны, паспрабаваў прыняць першае рашэнне, што прыйшло яму ў галаву, без аніякіх падстаў», — пракаментаваў палітолаг Аляксей Бяляеў.

«Я хачу звярнуць увагу на тое, што Трамп — амерыканец. І вядзе сябе па-амерыканску, таму што любы амерыканец лічыць, што трэба спачатку галаву адсекчы, а потым думаць, што з гэтым зрабіць. Ён так і робіць. Па-другое, Трамп несістэмны чалавек. Ён сам па сабе і прымае рашэнні эмацыйна. Бачна, што рашэнне было непадрыхтаваным. Ракеты не ўсе даляцелі, трапілі не туды», — адзначыў загадчык кафедры мовазнаўства і краіназнаўства Усходу факультэта міжнародных адносінаў БДУ Аляксандр Гардзей.

Падчас падсумавання Гайдукевіч і Баравік адзначылі, што Беларусі цяпер варта самім клапаціцца пра свой суверэнітэт і ні на каго не спадзявацца, а беларускаму МЗС — весці тонкую, але выразную знешнепалітычную лінію.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?