Супрацоўнікі архіву ў паўднёвачэшскім горадзе Індржыхуў Градэц на запыт беларускіх гісторыкаў знайшлі ў сваім сховішчы два рукапісныя дакументы, датаваныя 1584 і 1590 гадамі. Абодва дакументы ўласнаручна падпісаныя сынам Францішка Скарыны Сымонам Русам з Полацка.

Два тыдні таму супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі Алесь Жлутка і беларускі гісторык з Карлавага ўніверсітэта ў Празе Павел Котаў зрабілі запыт у архіў горада Індржыхуў Градэц з просьбай адшукаць дакументы, датычныя сына Францішка Скарыны Сымона.

Пра гэтыя дакументы раней было вядома, што яны існуюць, пра іх згадвалася ў адной з публікацый 1929 года, але самі яны і іх тэкст у навуковы абарот не ўводзіліся.

10 красавіка Павел Котаў атрымаў з архіву копіі абодвух дакументаў.

Гэта два арыгінальныя рукапісы, падпісаныя рукой Сымона Руса з Полацка. Мова ў дакументах ідзе пра дрэннае здароўе Сымона і адпраўку яго панам Адамам з Градца на курорт Добра Вода.

Архіў гораду Індржыхуў Градэц, які зьяўляецца філіялам Галоўнага абласнога архіву ў горадзе Тршэбань, даў дазвол на публікацыю абодвух дакументаў. Яны будуць уключаныя ў зборнік дакументаў пра жыццё і дзейнасць Францішка Скарыны, абноўленае выданне якога цяпер рыхтуецца ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру