У новым навучальным годзе пасля першага семестра ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце (МДЛУ) з'явіцца факультэт кітайскай мовы і культуры. Пра гэта БЕЛТА паведаміла рэктар МДЛУ Наталля Баранава.

Плануецца, што факультэт прыме амаль 300 студэнтаў. «Мы даўно рыхтаваліся да адкрыцця, і ў нас ужо ёсць выкладчыкі. Цяпер навучанне кітайскай мове вядзецца на трох аддзяленнях розных факультэтаў універсітэта, цяпер яны будуць аб'яднаныя ў адзін», — распавяла Наталля Баранава. Мяркуецца, што будуць функцыянаваць дзве кафедры: тэорыі і практыкі кітайскай мовы, а таксама мовазнаўства і прафесійнай камунікацыі на кітайскай мове.

На новым факультэце будуць рыхтаваць выкладчыкаў, перакладчыкаў і спецыялістаў па міжкультурнай камунікацыі ў сферы знешнеэканамічных сувязяў, сувязяў з грамадскасцю і міжнароднага турызму. Акрамя таго, атрымае развіццё інфармацыйна-аналітычны кірунак, дзякуючы якому студэнты будуць вучыцца афармляць парталы і сайты на кітайскай мове.

У будучыні на базе факультэта вырашана таксама адкрыць навукова-даследчыя лабараторыі і цэнтры. «У бліжэйшыя пяць гадоў мы хочам стварыць лабараторыю перакладчыцкага майстэрства, цэнтр моўнай падтрымкі вэб-сайтаў і цэнтр беларуска-кітайскай супастаўляльнай лінгвакультуралогіі і этнаграфіі», — дадала рэктар.

Як адзначыла Наталля Баранава, стварэнне факультэта звязанае з неабходнасцю павышэння якасці валодання замежнай мовай рознымі катэгорыямі прафесіяналаў. Патрэбныя высокакваліфікаваныя настаўнікі кітайскай мовы ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі і выкладчыкі ў сістэме вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. «Пашыраюцца кантакты з самымі рознымі арганізацыямі Кітая па ўсіх кірунках у эканамічнай сферы, сферы мастацтва, культуры, турызму, таму будуць запатрабаваныя перакладчыкі», — канстатавала яна.

«Студэнты, якія прыйдуць туды вучыцца, будуць атрымліваць якасную адукацыю. Яна будзе забяспечвацца намі разам з Усходне-кітайскім універсітэтам у Шанхаі, універсітэтамі замежных моў у Пекіне і Цяньцзіні. Яны будуць з намі супрацоўнічаць і дапамагаць кадрамі, пакуль мы расцем як маладая навукова-метадычна школа кітайскай мовы», — падсумавала кіраўнік МДЛУ.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру