54-гадовы дэпутат з Карэлічаў Андрэй Навумовіч узначальвае камісію па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ у Палаце прадстаўнікоў.
Андрэй Навумовіч, фота souzveche.ru
Нядаўна ён вярнуўся з французскага Страсбурга, дзе, у складзе дэлегацыі парламентарыяў, удзельнічаў у паседжанні Камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.
Навумовіч шмат чаго нагаварыў: напрыклад, анансаваў магчымасць скасавання крымінальнай адказнасці за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі», прадэклараваў адкрытасць да супрацоўніцтва ды іншае.
Таксама ён сказаў, што не разумее асобных папрокаў у кантэксце паправак у Закон аб СМІ.
«Партызан, Хартыя, Еўрарадыё, — што хочаш, тое і чытай, усё адкрыта!» — казаў ён у Францыі.
Карэспандэнт «Нашай Нівы» пазваніў дэпутату, каб удакладніць, навошта ён уводзіў у зман еўрапейскіх парламентарыяў — «Хартыя'97» ж заблакаваная ў Беларусі.
Прыводзім даслоўную сценаграму размовы.
— Вы казалі, што можна зайсці на сайт Хартыі, і прапаноўвалі гэта зрабіць. Не маглі б вы патлумачыць, што мелі на ўвазе? З тэрыторыі Францыі на сайт зойдзеш, канечне.
— А што тут дадаваць да сказанага?
— Вядома, што на тэрыторыі Беларусі «Хартыя» заблакаваная.
— Дык а яна толькі на тэрыторыі Хартыі заблакавана?
— На тэрыторыі Беларусі.
— Дык а мне казалі, што на тэрыторыі Беларусі яна не заблакавана… Яна заблакаваная ці не?
— Вы ж старшыня камісіі па СМІ, я думаў, вы лепш праясніце гэтае пытанне.
— Не, дык вы ж мне во сказалі… мне сказалі, што не, таму і я сказаў, таму. Я атрымаў такую інфармацыю.
— Вы не правяралі?
— Мне сказалі, што не заблакавана. Давайце зараз паспрабуем зайсці, пачакайце. Зара' паглядзім, зара' паглядзім… Так… [відаць, адкрывае пошук у інтэрнэце] Хартыя'97, навіны Беларусі. Не ўдаецца атрымаць доступ да Беларусі… Пачакайце… Не, вось ёсць, усё як паложана.
— У вас адкрываецца?
— Канечне! Па гэтых меркаваннях я і сказаў, усё, калі ласка! Можа, толькі, ведаеце, там памылка адбылася, я не ведаю. У Страсбургу неяк было адкрыта, нехта там вашы ці не вашы, казалі, што не адкрываецца, але ў мяне адкрыта — няма пытанняў.
— Давайце ўдакладнім адрас, у вас там сапраўды адрас charter97.org?
— Ну так, відаць, так. Таму няма пытанняў.
— А што ў вас за правайдар?
— Ну Палата прадстаўнікоў, я праз Палату прадстаўнікоў працую. Вось, Хартыя97 УКантакце!
— Дык вы УКантакце глядзіце?
— Так, Хартыя'97 УКантакце.
— А сам сайт вы можаце адкрыць? Charter97.org.
— Навіны Беларусі, так? Хартыя97 — навіны Беларусі?
— Так, самая першая спасылка ў гугле.
— Ну тут напісана перазагрузіць… А гэта мае нейкае значэнне, калі вось УКантакце працуе? Няма пытанняў.
— Зразумела.
— Стойце, з якой мэтай вы задалі пытанне? Я павінен ведаць.
— Вядома, што сайт Хартыі заблакаваны, нам цікава, чаму вы…
— (перабівае) Ну я ж карыстаюся!
— А вы адчуваеце розніцу паміж сайтам і суполкай УКантакце?
— Ну розніца ёсць, канечне.
— Таму я вам і кажу пра сайт…
— Так, Хартыя, навіны Беларусі, так? Праз вось гэта… Інфармацыя не адкрываецца. Перазагрузіць тут можна, падрабязней… Вашы прапановы?
— У мяне прапаноў няма, я хацеў высветліць, ці гэта вы наўмысна скрывадушылі. А тут выходзіць, што вы не ведалі.
— Як крывадушыў? Я адкрываў Хартыю праз кантакты.
— Больш няма пытанняў, да пабачэння.
— Да пабачэння.





