Pravda.ru лічыць, што Лукашэнка сёння спрабуе гуляць ў двайную гульню, і нагадвае пра адмову Беларусі ад расійскай авіябазы, а таксама пасланне Лукашэнкі Трампу, дзе ён гаворыць пра «партнёрскія адносіны ЗША і Беларусі па стратэгічных пытаннях».
Таксама расійскае выданне нагадвае пра заяву Лукашэнкі ў Шклоўскім раёне, дзе ён заявіў, што калі Беларусь не выканае эканамічныя задачы і праваліцца, то ёй давядзецца ісці ў склад іншай дзяржавы.
Чытайце таксама: Лукашэнка прыстрашыў чыноўнікаў далучэннем да іншай дзяржавы і вайной, «як ва Украіне»
Хаця Лукашэнка і не назваў канкрэтную краіну, відавочна, што ён гаварыў пра Расію.
«Магчымы крах эканомікі Беларусі вымусіць краіну дзеля выжывання прыняць усе ўмовы Расіі, а яны добра вядомыя. Гэта разгортванне ў Беларусі авіябазы Расіі; стварэнне адзінай для дзвюх краін валюты з эмісійным цэнтрам у Маскве; установа міждзяржаўнага палітычнага і эканамічнага органа накшталт Еўракамісіі, рашэнні якога будуць абавязковымі для Мінска»,
— піша Pravda.ru.
І толькі ў гэтым выпадку, мяркуе расійскае выданне, Масква адобрыць «план Маршала» для выратавання эканомікі Беларусі ад дэфолту.
Але Лукашэнка разумее, што рэалізацыя гэтага плана толькі павялічыць залежнасць ад Масквы не толькі ў эканоміцы, але і ў палітычных пытаннях.
Расійскае выданне піша, што Лукашэнка не хоча мець на тэрыторыі Беларусі расійскую вайсковую базу, таму што памятае пра гісторыю з Крымам і ролю ВМС Расіі ў гэтых падзеях. Афіцыйны Мінск баіцца, што авіябаза ў Бабруйску таксама можа быць выкарыстана не толькі як процівага ПРА ЗША ў Польшчы, але і як інструмент вайскова-палітычнага ціску на Лукашэнку.
Нежаданне Лукашэнкі размясціць у Бабруйску расійскую авіябазу тлумачыцца таксама імкненнем Мінска дыстанцыявацца ад Масквы ў пытанні супрацьстаяння з Захадам, лічыць расійскі партал. Лідар Беларусі мае намер аднавіць адносіны з ЗША і Еўрасаюзам.
Pravda.ru канстатуе, што Лукашэнку трэба будзе прайсці велізарны шлях, каб аднавіць давер Вашынгтона і Бруселя.





