Жыхар расійскага Кемерава Ігар Вострыкаў стаў тварам трагедыі ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня», у якім 25 сакавіка 2018 года загінулі 60 чалавек. Сярод іх — трое дзяцей Вострыкава, а таксама жонка і сястра.
«Маёй сям’і больш няма. Вінаваты правячы рэжым у маёй краіне … У Кемераве адбудзецца мітынг. Прыходзьце, у колькі можаце», — напісаў ён у сацыяльных сетках, пасля чаго на стыхійную акцыю пратэсту выйшлі тысячы чалавек. Удзельнікі мітынгу абвінавацілі ўладу ў карупцыі і запатрабавалі адстаўкі чыноўнікаў.
Яшчэ праз некалькі дзён Вострыкаў абвінаваціў «майданшчыкаў» і назваў Пуціна «царом»: «Улада павінна быць моцная».
Пасля трагедыі ён атрымаў кампенсацыю — агулам каля $300 тысяч. Неўзабаве Вострыкаў уступіў у «Адзіную Расію», перамог на партыйных праймерыз, аднак у выніку прайграў на мясцовых выбарах.
У пачатку 2019 года стала вядома, што Вострыкаў, адпачыўшы ў Тайландзе, з’ехаў у ЗША. Ён звярнуўся з відэазваротам з Фларыды.
«У гэтым няма нічога новага, я не хачу сказаць, як тут добра, а ў нас усё дрэнна. Але мне брыдка глядзець, як нас падманваюць. Я хачу, каб ва ўсіх людзей была магчымасць жыць камфортна. Мы нічым не горшыя за Амерыку», — кажа Вострыкаў. Ён параўноўвае заробкі ў Расіі і ЗША, а пасля кошт аўтамабільнага паліва — яно ў Амерыцы таннейшае.





