Падчас пандэміі каранавіруса ўсіх цікавіць, калі колькасць выпадкаў пойдзе на спад. Як зразумець, прайшлі мы ўжо пік ці не? І што добрага ў плато, калі ЗША і Вялікабрытанія на гэтым плато ўжо больш за месяц? Кіраўнік літоўскага Цэнтра па прафілактыцы інфекцыйных захворванняў і СНІДу (ULAC), прафесар Саўлюс Чаплінскас у інтэрв'ю tut.by патлумачыў, як развіваецца пандэмія і як зразумець, што пачаліся пазітыўныя зрухі. 

«Калі працэнт пазітыўных у дзень 3% і менш, вы ўжо пачынаеце спраўляцца з эпідэміяй»

— Ад пачатку ўспышкі ў Беларусі зарэгістравана амаль 26 тысяч чалавек, інфікаваных COVID-19. Сярод іх і тыя, хто хварэе ў лёгкай форме, і тыя, хто ў цяжкай… Амаль 8 тысяч ужо ачунялі, 146 памерлі. Ужо восем дзён у нас практычна аднолькавы прырост новых выпадкаў за суткі — больш за 900. Прыкладна 8-8,7% ад колькасці зробленых за дзень тэстаў.

— Растлумачу, як звычайна развіваецца алгарытм тэставання на каранавірус. Спачатку тэстуюцца тыя, у каго ёсць сімптомы. Далей, калі ў дзяржавы больш тэстаў і магчымасцяў, пачынаюць тэставаць тых, у каго лёгкія сімптомы, потым тэстуюцца ўсе кантактныя. Далей пачынаюць тэставаць калектывы людзей і ўсіх ахвотных і ў канцы прыходзяць да таго, што тэстуюць усіх або пэўныя групы кожны тыдзень.

Зразумела, што калі не будзеш тэставаць, нічога не знойдзеш, але трэба дасягнуць такога выніку, каб пазітыўных з усіх пратэставаных у дзень было не больш за 3%. Калі вы яшчэ больш пашырыце групы тых, каго тэстуеце, уключыце ў іх бессімптомных, а працэнт пазітыўных у дзень будзе падаць і дасягне 3% і менш, гэта будзе азначаць, што краіна спраўляецца з эпідэміяй. Тады можна сказаць, што пачаўся спад. Яшчэ адзін паказчык спаду, калі выздараўленняў за дзень больш, чым новых выпадкаў. Так, па паведамленнях СМІ, было ў Кітаі. 

— Гэта значыць, трэба пашырыць групы тэставаных і акрамя медыкаў, кантактаў хворых, пацыентаў з пнеўманіямі тэставаць яшчэ кагосьці?

— Ад каго людзі заражаюцца COVID-19? 40% усіх заражэнняў ідзе ад тых, у каго ёсць сімптомы, а 45% выпадкаў заражаюцца ад бессімптомных, у якіх гэтыя сімптомы яшчэ не з'явіліся або яны такія, што чалавек іх нават не заўважае. Падумае, што грып ці проста дыярэя, зараз клініка вельмі складаная і сярод сімптомаў можа быць усё што заўгодна.

5% людзей заражаюцца ад тых, у каго ніколі ніякіх сімптомаў не будзе, і пра гэтых людзей мы не даведаемся, калі ніхто не будзе іх тэставаць лабараторным метадам. І толькі 10% інфікуюцца ад заражаных паверхняў.

Калі ўвесь час тэставаць толькі тых, у каго ёсць сімптомы, то адказ на інфекцыю зацягнецца, бо перадсімптомныя будуць ціха яе пашыраць. З іншага боку, чаму спачатку звяртаюць увагу на сімптомы? Тыя, у каго яны ёсць, больш заразныя, чым тыя, у каго сімптомы лёгкія.

Для таго, каб заразіцца, трэба, каб патрэбная доза віруса трапіла ў арганізм патрэбным шляхам. Значыць, той, у каго ёсць сімптомы, асабліва небяспечны для лекараў, медперсаналу, калі ён у бальніцы. Або для сям'і ці калег, калі ён не шпіталізаваны. Таму мы гаворым аб тым, што трэба пашыраць групы для тэставання, трэба, магчыма, нават уключаць асобныя калектывы. Калі дзесьці ў нейкім калектыве знайшлі вірус, можа быць, трэба хутка правяраць усіх супрацоўнікаў.

«Плато значыць, што вы на яго выйшлі і больш колькасць выпадкаў не расце»

— У нас восем дзён прырост больш за 900 выпадкаў у суткі. Можна сказаць, што мы выйшлі на плато?

— Ва ўсякім разе гэта паказвае, што вы пакуль у нарастаючай фазе. Ну і што, што гэта плато? Калі яно ўвесь час будзе сапраўды такім жа — 8,7% пазітыўных ад усіх тэставаных за дзень, — то да 3% па-ранейшаму будзе вельмі далёка.

— Што ж тады плато падчас пандэміі?

— Плато азначае, што няма моцнага росту новых выпадкаў інфекцыі. У пачатку пандэміі вельмі небяспечна, калі колькасць новых выпадкаў расце вельмі хутка. Бальніцы могуць не справіцца з хворымі, не хопіць месцаў і гэтак далей. І ідэя ў тым, каб адсунуць гэты пік, каб ён быў як мага пазней і ніжэй, каб мы паспелі да яго падрыхтавацца. Для гэтага і ўводзіліся каранціны.

Калі выйсці на плато, калі колькасць новых выпадкаў не расце, а медыкі спраўляюцца, сістэма не перагарыць. Не трэба будзе, як у ваенны час, выбіраць, каго ратаваць. Хопіць сіл на ўсіх. Не ўсіх выратуюць, вядома, але хоць бы паспрабуюць.

— Мяркуючы па вашым апісанні, Беларусь цяпер усё-такі на плато.

— Але калі няма зніжэння, значыць, што намаганняў, якія прымяняюцца, не хапае. Можна быць на вельмі дрэнным плато ўвесь час. Але мэта не ў гэтым, а ў тым, паўтаруся, каб было не больш за 3% пазітыўных у дзень ад усіх тэставаных.

— Як доўга Беларусь можа прабыць на плато?

— У горшым выпадку — пакуль усе не перахварэюць.

— 100% насельніцтва?

— Па логіцы, хапае 60-70%, тады, можа быць, пойдзе на спад. Але такую гіпотэзу можна было вылучаць два-тры тыдні таму. Цяпер ёсць сумневы з нагоды таго, развіваецца ўстойлівы імунітэт або не, асабліва ў тых, хто перахварэў у лёгкай форме. Таму застаецца толькі адно — як мага больш намаганняў надаваць хуткаму тэставанню, ізаляцыі і лячэнню, і не толькі сімптомных, але і бессімптомных, іх кантактаў. На прыкладзе Літвы відаць, што асаблівую ўвагу трэба надаваць медустановам, што і так зразумела, пансіянатам, дзе жывуць сталыя людзі, хоспісам — там вельмі хутка пашыраецца вірус. Тое ж можна сказаць і пра іншыя калектывы — турмы, армію. Не важна, што там маладыя людзі, але яны таксама могуць хварэць, інваліднасць можа застацца. 

«Пры ПЛР-рэакцыі 30-40% вынікаў тэстаў могуць быць псеўдаадмоўнымі»

— Плато ў Бельгіі, Нідэрландах і Партугаліі доўжылася прыкладна тры тыдні, затым пачаўся спад. З чым гэта магло быць звязана? Бо ёсць краіны, дзе гэта доўжылася і менш за тры тыдні, а ёсць тыя — дзе ўжо больш за месяц, у ЗША напрыклад, Вялікабрытаніі.

— Вельмі проста: гэта залежыць ад таго, наколькі хутка і эфектыўна пачалі тэставаць тыя групы, якія я пералічыў. І трэба разумець, што пры ПЛР-рэакцыі (палімеразная ланцуговая рэакцыя, гэтым спосабам робяць тэсты ва ўсім свеце, і ў Беларусі ў тым ліку. — TUT.BY) — 30-40% вынікаў тэстаў могуць быць псеўдаадмоўныіі. Трэба як мага хутчэй уводзіць падвойнае тэставанне: і ПЛР, і на антыцелы. Гэта паляпшае дыягностыку. ПЛР паказвае інфекцыю з першых дзён да трыццатага дня, а потым — не, потым могуць выявіцца антыцелы. Таму людзей, якія заразіліся вірусам тры тыдні таму, няма сэнсу правяраць метадам ПЛР. А вось тэстам на антыцелы — ёсць сэнс.

— ЗША на плато больш за месяц, чаму ніяк няма спаду?

— Там вельмі высокая шчыльнасць людзей, а колькі там тых, хто не трымаецца правілаў гігіены? І проста спазніліся ў тэставанні.

— Як Беларусі зразумець, што мы ўжо на піку?

— Трэба кожны дзень глядзець, ці пачынае змяншацца працэнт новых выпадкаў да колькасці пратэставаных. Калі вы ўбачыце, што дзень з дня працэнт выяўленых ідзе на спад, гэта ўжо пазітыўныя зрухі.

— Тады мы пройдзем пік?

— Скажам так. Але можа быць і другі пік, другая хваля.

— А каго тэстуюць у Літве?

— У цэлым тыя ж групы, што і ў Беларусі, але ў нас цяпер пачалі тэставаць жадаючых, іх на тэставанне запрашаюць, выдаюць нешта накшталт талона.

— Бясплатна?

— Так, на жаль, няма магчымасці заплаціць і хутка пратэставаць. І гэта дрэнна.

— Калі ў кампаніі захварэў адзін супрацоўнік, у вас тэстуюць усіх яго калег?

— Глядзяць, хто быў у яго атачэнні, хто карыстаўся тым жа калідорам, прыбіральняй. Калі не перасякаюцца, то не будуць пакуль што правяраць, а было б нядрэнна, каб правяралі наогул усіх. Гэта і ёсць пашырэнне групы тэставання — step by step.

— Можа быць так, што мы ў Мінску пік пройдзем, а іншыя рэгіёны пройдуць яго пазней? Ці ўся краіна гэта ўсё адначасова праходзіць?

— Не, ні ў якім разе. Трэба глядзець максімальна лакальна, і лепш, каб каранціны і нейкія сацыяльныя абмежаванні былі ў тым ліку і лакальнымі. Адна справа закрыць краіну, каб не заехалі замежнікі, іншая — рэгіён, каб ніхто туды не мог заехаць і адтуль выехаць. Так рабілі кітайцы. Сапраўды гэтак жа можна зачыніць на каранцін адну школу, дзе адбылася ўспышка, а не ўсе школы ў горадзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0