Кадравы ператрус, зладжаны на мінулым тыдні, быў дастаткова раптоўны і вельмі моцны, таму СМІ звярнулі ўвагу толькі на самых значных прызначэнцаў. Напрыклад, такіх, як новы прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Тым не менш, ва ўрадзе з’явілася шмат новых абліччаў, у тым ліку на такіх высокіх пасадах, як віцэ-прэм’ер. Менавіта гэтае крэсла заняў 44-гадовы Аляксандр Субоцін, які змяніў Уладзіміра Дворніка. Цяпер Субоцін будзе адказваць за сельскагаспадарчы блок урада.

«НН» расказвае, што атрымалася даведацца пра гэтага чыноўніка.

Аляксандр Субоцін. Фота rg.ru

Аляксандр Субоцін. Фота rg.ru

Аляксандр Субоцін нарадзіўся ў 1976 годзе ў пасёлку Руба ля Віцебска. На той час гэта была самастойная тэрытарыяльная адзінка. Некалькі гадоў таму гэты населены пункт далучылі да Віцебска.

Руба знаходзіцца на поўначы ад абласнога цэнтра, па абодва бакі Заходняй Дзвіны. Зусім побач — Здраўнёва з музеем-сядзібай Ільі Рэпіна.

Да 1930-х гадоў Руба была зусім маленькім населеным пунктам. Пераломным момантам у гісторыі мястэчка стала заснаванне завода, вакол якога і стаў разрастацца пасёлак. У 1978 годзе прадпрыемства атрымала назву «Даламіт».

Менавіта на «Даламіце» працавалі бацькі Аляксандра Субоціна. Мама Ганна была на кіраўнічай пасадзе, а бацька Міхаіл працаваў экскаватаршчыкам. Бацькі атрымалі двухпакаёвую кватэру на вуліцы Маладзёжнай у доме для рабочых «Даламіта».

Звязаная з «Даламітам» і яшчэ адна сямейная гісторыя. У пачатку 1990-х дырэктарам гэтага прадпрыемства быў Уладзімір Грыгор’еў (у савецкі час — кіраўнік Віцебскага абкама КПСС). У 1996 годзе Грыгор’ева перавялі ў Маскву: спачатку ў апарат саюзнай дзяржавы, а потым паслом Беларусі ў Расіі.

Дык вось, з сабой з Віцебска ў Маскву Грыгор’еў забраў стрыечнага брата Аляксандра Субоціна, які стаў асабістым кіроўцам пасла.

Бацькі Аляксандра Субоціна па-ранейшаму жывуць у Рубе, хоць шмат часу праводзяць на лецішчы. Катэдж яны пабудавалі ў вёсцы Лушчыха, што вышэй па Дзвіне. Аляксандр — адзінае дзіця ў сям’і.

Аляксандр Субоцін скончыў школу ў Рубе (цяпер гэта СШ №15 Віцебска). Усе кажуць, што быў выдатнікам. Вучыцца паступіў у Ветэрынарную акадэмію. Пры ветэрынарнай акадэміі мужчына скончыў магістратуру, аспірантуру і дактарантуру. Сферай навуковай дзейнасці Субоціна стала паразіталогія. Дысертацыю абараніў па тэме: «Паразітныя сістэмы дзікіх капытных і драпежных і асновы прафілактыкі паразітаў на тэрыторыі Беларусі».

Паспяховы малады вучоны застаўся працаваць у альма-матэр. Спачатку быў проста асістэнтам на кафедры заалогіі, а потым — першым прарэктарам. Мае ступень доктара біялагічных навук. Атрымаў стыпендыю Лукашэнкі як таленавіты малады навукоўца.

У акадэміі Аляксандр сустрэў жонку. Ірына таксама працуе выкладчыкам у ветэрынарнай акадэміі. Яна на 4 гады маладзейшая за мужа. Цяпер з’яўляецца дацэнтам кафедры эпізааталогіі (гэта распаўсюд інфекцыйных захворванняў сярод аднаго ці некалькіх відаў жывёлаў на вялікай тэрыторыі — «НН») і інфекцыйных захворванняў жывёлаў.

Ірына Субоціна. Фота facebook.com

Ірына Субоціна. Фота facebook.com

Шмат навуковых прац Ірына Субоціна напісала сумесна з мужам. Напрыклад, «Анатома-марфалагічныя змены ў арганізме хатняй кошкі пры розных інвазіях», «Лячэнне цялятаў пры неааскарыдозе».

У пары дзве дачкі, яны яшчэ школьніцы. Ірына актыўна вядзе старонку ў інстаграме, куды выстаўляе фотаздымкі з вандровак, прыроду і гарадскія замалёўкі. Здымкаў з сям’ёй там няма зусім.

У 2017 годзе ў Субоціна скончылася навуковая старонка біяграфіі і пачалася чыноўніцкая. Спачатку яго прызначылі памочнікам прэзідэнта па Віцебскай вобласці. Потым перавялі на пасаду міністра па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Літаральна ў сакавіку Субоцін быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці. Тады кіраўнік краіны так тлумачыў свой выбар: «Хацелася б, каб вы пахадзілі больш па зямлі і ўніклі добранька ў працэсы сельскагаспадарчай вытворчасці. Вам у далейшым гэта спатрэбіцца. Вы чалавек адукаваны, разумны. Магілёўскую вобласць падніміце разам з Зайцам [Леанід Заяц, старшыня Магілёўскага аблвыканкама — «НН»] і іншымі, адпаведнае і стаўленне будзе».

Праз тры месяцы «хаджэння» па магілёўскай зямлі Субоціна перавялі на павышэнне ў Мінск.

Чытайце яшчэ: Жанаты другі раз, сын піша вершы па-беларуску: што вядома пра сям’ю новага прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?