На жаль, час пандэміі амаль спыніў спартыўнае жыццё на планеце. Асабліва гэта тычыцца тых спартсменаў, якія трэніруюцца на зборах, у асноўным за мяжой. Адным з такіх відаў з'яўляецца фрыстайл. З 23-гадовай чэмпіёнкай свету па фрыстайле Аляксандрай Раманоўскай, найлепшай спартсменкай Беларусі-2019, «Прэсбол» паразмаўляў аб тым, як яна праводзiць свой час у перыяд сусветнага каранцiну.

Большую частку часу праводжу дома пасля аперацыі на калене, крышачку пачынаю рэабілітацыю. Кнігі чытаю, на ўкулеле і хэндпане крышачку граю. Вось неяк так:)

Шмат часу правяла ў шпіталі?

Не, два дні. У першы мне зрабілі аперацыю, на наступны пераканаліся, што ўсё добра, і на трэці дзень я ўжо была дома. Зараз без неабходнасці ў шпіталях не будуць трымаць — зразумела, чаму.

Але я бачыў у тваёй інсце, што ты нават у шпіталі была на пазітыве і выкладала вясёлыя сторыз.

Ну, на самай справе настрой быў не вельмі добры. Асабліва калі даведалася, што мне два месяцы зусім нельга наступаць на нагу і трэба будзе хадзіць на мыліцах. Але заўсёды спрабую чымсьці ўздымаць сабе настрой.

Ці ставіўся персанал шпіталя да цябе неяк асаблiва? Ведалі ж, напэўна, што ты чэмпіёнка свету?

Здаецца, толькі хірург, які рабіў аперацыю, ведаў. Але ніякіх асаблiвых адносін не было, і добра. Не люблю, калі людзі пачынаюць па-іншаму ставіцца да мяне — калі ведаюць, што ёсць нейкія дасягненні. Гэта нічога не павінна змяняць. Для параўнання, я ўжо рабіла аперацыю на гэтай жа назе ў 2014 годзе, і тады ў мяне не было ніякіх спартыўных тытулаў. Але памятаю, што і тады ўвесь персанал быў вельмі ветлівы і добры як да мяне, так і да іншых.

Што самае цяжкае ў рэабілітацыі для цябе асабіста?

Мінула толькі некалькі тыдняў пасля аперацыі, таму ўсё цяжкае яшчэ наперадзе. Зараз нічога асаблівага яшчэ нельга рабіць. Усё потым, калі ўжо пачнецца актыўная рэабілітацыя. Будзе балюча зноў распрацоўваць нагу, пачынаць згінаць і разгінаць яе, зноў прыводзіць мышцы ў тонус. Але, здаецца, для мяне самае цяжкае — гэта зноў пачынаць скакаць на лыжах. Пасля доўгага перапынку заўсёды страшна пачынаць, а калі яшчэ і траўма была, гэта ў разы цяжэй і страшней. Калі ўсё будзе добра, то скакаць можна будзе пачаць толькі ў сярэдзіне-канцы восені. Аднаўленне займае даволі шмат часу…

Ці ёсць у цябе зараз асаблівыя патрабаванні да рэжыму дня ці харчавання? Ці спартыўны рэжым патрабуе гэтага пастаянна?

Вагу трэба трымаць, каб вяртацца было лягчэй, ды i для сябе таксама. Таму зараз, калі няма ніякіх фізічных нагрузак, ем менш, чым у час трэніровак. Але, на самай справе, гэта не патрабуе асаблівых высілкаў. Калі няма трэніровак, і есці так не хочацца. Ну і зараз, нават калі мне нікуды раніцай не трэба ехаць і ісці, усё роўна прачынаюся а восьмай-дзявятай гадзіне, каб быў нейкі рэжым.

Але ж, пэўна, калі-некалі ясi нейкія прысмакі дзеля падтрымкi настрою? Ды дзяўчаты i любяць салодкае:)

Так, я люблю iм ласавацца. Але калі ем нешта, то ў першай палове дня і не вельмі шмат:)

А сама ўмееш гатаваць што-небудзь гэтакае?

Зараз, канешне, не вельмі зручна гэта рабіць. А так некалькі разоў пякла слойкі з яблыкамі, але гэта было шмат часу таму. Я пакуль што яшчэ з бацькамі жыву, таму маці заўсёды гатуе, а па частцы прысмакаў у мяне бацька.

Топ-3 прысмакаў ад твайго таты?

У яго атрымліваюцца самыя смачныя сырнікі і пірагі з яблыкам, мёдам і карыцай:) А маці гатавала вельмі смачны гарбузовы пірог!

Аляксандра, адкуль у цябе такая любоў да роднай мовы? Як і да пірагоў — ад бацькоў?

Нават і не ведаю. Бацька ў мяне з Украіны, але ў сям'і мы размаўлялі па-руску. Але я заўсёды лічыла беларускую мову вельмі прыгожай. Для мяне яна такая мяккая, утульная, нібы песня. Слухала музыку на беларускай мове, чытала кніжкі — і толькі пераканалася ў сваёй любові. Гэта заўсёды было недзе ўнутры, не ведаю. Вось нядаўна дачытала «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча, і пакуль што гэта лепшая кніга за апошні час, якая ў мяне была. Вельмі шмат пачуццяў было падчас чытання. Вельмі мяне кранула. Там шмат напiсана пра прыгажосць зямлі і краіны, пра дабрыню людзей. Але таксама шмат — пра іх пакуты, няшчасці і цяжкі лёс. Таму не магу казаць, што гэта вясёлая кніга, але гэта не робіць яе ні кропелькі горшай.

Твая ўлюбёная цытата з «Каласоў»?

Я часта старонкі там для сябе загінала, вельмі шмат цудоўных думак было. Але ўсё ж вылучу гэту, нават скрын у тэлефоне захаваўся: «Ну і зямля! Бог ты мой, якая зямля! Дык, хаця б за прыгажосць, няўжо яна хоць кропелькі шчасця не заслужыла? Скубуць і скубуць, душаць і душаць…»

Твой тата з Украіны, але мама беларуска?

Так, мама беларуска, і бацькі яе таксама. Мая бабуля ў дзяцінстве жыла ў вёсцы ў напрамку Брэста, непадалёк ад Дзяржынска. Мы і зараз туды ездзім, але ўжо як на лецішча. У нас там стары дом, які пабудаваў яшчэ мой прапрадзед. Бабуля казала, што раней наша вёска адносілася да Польшчы, і што недзе недалёка была мяжа з СССР. Там жа, у вёсцы, могілкі. Калі мы хадзілі туды да продкаў, заўсёды заходзілі ў старую частку, і я любіла шукаць незвычайныя для мяне імёны, напісаныя на лацінцы.

Ці дапамагае чэмпіёнка свету бабулі на вёсцы?

Калі ёсць магчымасць, я заўсёды езджу ў вёску і, чым магу, дапамагаю) Для мяне вельмі важна праводзіць час з сям'ёй. Але не вельмі добра ўмею працаваць на зямлі. Апошні раз была там да аперацыі месяц таму. Зрабіла некалькі здымкаў на плёнку. З бабуляй атрымаліся самыя, на мой погляд, цудоўныя.

Даўно захапляешся фатаграфіяй?

Не, я не глыбока ў гэтай тэме. Так, проста пстрыкаю, калі мне здаецца, што нешта бачу:)

Фоткаеш менавіта на плёнку, а не на лічбу?

Так. Плёначны фоцік набыла ў штатах на ебэй, за ўвесь гэты час дзве плёнкі толькі адфоткала. Але вельмі падабаецца атмасфера на такіх здымках — нейкія яны з душою.

Пра штаты. Сумуеш, што межы пакуль закрытыя?

Ну, калі б яны і былі адкрытыя, я ўсё роўна зараз была б дома. Таму на маім жыцці гэта ніяк не адлюстравалася. Ну а так, канешне, сумна і трывожна ад усяго, што ў свеце адбываецца…

Калі ачуняеш ад аперацыі і, спадзяемся, адкрыюць межы для беларусаў, у якую краіну перш-наперш будзеш імкнуцца паехаць?

Ну, я не магу ў любы час, у які захачу, куды-небудзь паехаць. Толькі ў красавіку, калі ў нас адпачынак. Але вельмі хочацца ў Грузію, у горы, у Нарвегію, Ісландыю…

Пра ЗША пытанне: там насамрэч такая «кiношная карцiнка», як у амерыканскіх фільмах?

Ну, там на самай справе ўсё па-іншаму. Але мне здаецца, што там кожны штат — нібы асобная краіна, з рознай прыродай, магчымасцямі, людзьмі. Мы большасць часу праводзім у штаце Юта, у Солт-Лэйк-Сіці, таму я не магу мець нейкае агульнае ўражанне аб усіх злучаных штатах. Але ў мяне ёсць мара калі-небудзь праехаць праз Амерыку на якім-небудзь старым пікапе, каб убачыць краіну з усіх бакоў:)

А ўвогуле ёсць думкі з'ехаць з Беларусі на сталае месца жыхарства ў тыя ж штаты?

Не-а, ніколі не было. У якіх цудоўных краінах не знаходзілася, праз некаторы час мне заўсёды хочацца дадому. Вандраваць — так, але жыць — не.

Нягледзячы нават на ўсе мінусы жыцця ў нашай краіне?

Нягледзячы. Можа, гэта прагучыць занадта патрыятычна, але, мабыць, гэта водгукі кніг Караткевіча. Мае карані на самай справе тут. I калі я нешта магу зрабіць для краiны, а хоць нават і быць у ёй звычайным добрым чалавекам, то я буду. У іншай краіне ты заўсёды госць, колькі б часу ты там ні пражыў.

Ок, мінусы гэта адно. А вось скажы пра плюсы жыцця на Беларусі.

Прырода прыгожая, жывёлы, зямля зялёная. Людзі ў нас добрыя, рытм жыцця спакойны. Гісторыя багатая…

Тры самыя топавыя асобы ў нашай гісторыі?

Касцюшка, Каліноўскі і, мабыць, Быкаў.

У адным са сваіх інтэрв'ю ты казала, што для цябе беларускія хлопцы самыя лепшыя. Не змянілася меркаванне з таго часу?

Не змянілася:)

У цябе зараз ёсць хлопец?

Не.

Тады што параіла б хлопцу, які хоча «падкацiць» да цябе?

Параіла б не падкатваць:) А так мне падабаецца ў хлопцах гумар. Па-першае, так лягчэй пераадольваць цяжкасці, ды і ўвогуле жыць. Таксама прага да новага, каб рабіцца лепей — і даведвацца пра нешта новае разам. Сумленнасць да сябе і іншых, і каб чалавек быў сабой.

Твае прагнозы, калі адступіць каранавірус?

Я не ведаю, але вельмі хачу, каб гэта здарылася як мага хутчэй.

Сама асцерагаешся гэтай хваробы?

Я з-за аперацыі і так днямі дома, таму каранцін атрымаўся нiбыта сам па сабе. А вось бацькі ходзяць на працу, і за іх перажываю больш, чым за сябе.

Што зробіш адразу, як пройдзе пандэмія — і рэабілітацыя пасля аперацыі?

Калі змагу хадзіць без мыліц, у першую чаргу прагуляюся са сваім сабакам. Вельмі засумавала па нашых з ім шпацырах. Ну, i выдатна было б зганяць на канцэрт гуртоў — або «Lumen», або «Порнофильмы».

Тады наступнае наша інтэрв’ю зробім на канцэрце пасля слэму! (Аўтар матэрыялу і Аляксандра калісьці пазнаёміліся менавіта на панк-канцэрце).

Ха-ха, я згодная!

БЛIЦ!

— Любімая хакейная каманда?

— Не захапляюся хакеем. Калі шчыра, не ведаю ніякіх каманд, акрамя мінскага «Дынама».

— Міхалок або Вольскі?

— Вольскі.

— Мірскі ці Нясвіжскі замак?

— Мірскі.

— Любімая марка спартыўнага адзення?

— Тут складана. Ну, хай будзе «Under Armour».

— Ці верыш у каханне?

— Веру!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?