З такім прагнозам выступіла Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА) пры ААН, піша tass.ru.

Мінулы май стаў самым цёплым у гісторыі назіранняў за надвор'ем і кліматам, а перыяд са студзеня па май заняў другі радок у спісе самых цёплых, саступіўшы толькі першым пяці месяцам 2016 года, адзначыла СМА. Арганізацыя, праўда, патлумачыла, што 2016 год быў адзначаны наяўнасцю моцнага прыроднага феномену «Эль-Ніньё», вядомага сваім сагравальным эфектам, а сёлета гэтага фактару няма.

«Згодна з еўрапейскімі і амерыканскімі базамі звестак, май быў самым цёплым у гісторыі назіранняў. 2020 год, хутчэй за ўсё, — з верагоднасцю 99,9% — увойдзе ў лік пяці самых цёплых гадоў з зарэгістраваных», — канстатавала СМА.

Гэтая выснова заснавана на «бягучых анамаліях і глабальных звестках аб тэмпературы, якія пацвердзілі доўгатэрміновую тэндэнцыю да пацяплення з-за парніковых газаў у атмасферы, што ўтрымліваюць цяпло». Мінулы май быў 425-м запар месяцам, калі тэмпература была вышэйшая за сярэднія значэнні ХХ стагоддзя.

У Паўднёвай Амерыцы, Еўропе і Азіі першыя пяць месяцаў 2020 года былі самымі цёплымі ў гісторыі назіранняў. На значнай тэрыторыі ў паўночнай частцы Азіі тэмпература была на 3,5 градуса Цэльсія вышэйшай за сярэднія значэнні. Рэкордна высокія тэмпературы зарэгістраваныя ў студзені — маі ў Атлантычным акіяне, паўднёвай частцы Ціхага і Індыйскага акіянаў.

У Сібіры ў маі тэмпература месцамі на 10 градусаў перавышала норму. Незвычайнае зімовае і вясновае цяпло суправаджалася вельмі раннім ускрыццём лёду на сібірскіх рэках.

Разам з тым, спецыялісты Службы ЕС па змяненні клімату «Капернік» звярнулі ўвагу на той факт, што, «хоць планета ў цэлым награецца, гэты працэс адбываецца нераўнамерна». У прыватнасці, у Заходняй Сібіры тэмпература расце хутчэй за сярэднія тэмпы пацяплення. Па прагнозах, гэтым летам варта чакаць больш высокіх, чым звычайна, тэмператур «практычна па ўсім арабскім рэгіёне», у прыватнасці ў Саудаўскай Аравіі, Кувейце, Егіпце, Лівіі, Тунісе і Алжыры.

СМА нагадала, што перыяд 2015-2019 гадоў быў самым цёплым пяцігоддзем у гісторыі метэаназіранняў, а 2010-2019 гады — самым цёплым дзесяцігоддзем. Пры гэтым ад 1980-х усе дзесяцігоддзі былі больш цёплымі, чым любое з дзесяцігоддзяў ад 1850 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0