Пасля двух месяцаў зняволення ўвечары 29 ліпеня з СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Мінску выпусцілі фігуранта справы паводле ч. 1 арт. 342 КК РБ, палітвязня Вяргілія Ушака. Пра гэта паведаміла spring96.org яго нявеста, якая сустрэла яго а 20-й вечара каля СІЗА.
Вяргілій Ушак пасля вызвалення. Фота даслала spring96.org яго нявеста Надзея
Ушак застаецца падазраваным па крымінальнай справе. Яму абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.
Вяргілій Ушак быў затрыманы 29 мая ў Гродне падчас выбарчага пікета па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатам ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай. Тады супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы і кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі, і яшчэ як мінімум 15 грамадзян, якія бралі ўдзел у тым пікеце.
Палітвязні-2020. Хто такі аператар Вяргілій Ушак, які стаў выпадковай ахвярай правакацыі ў Гродне?
8 чэрвеня семярым удзельнікам мерапрыемства, у тым ліку Вяргілію Ушаку, было выстаўлена абвінавачванне ў арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і звязаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, і ў актыўным удзеле ў такіх дзеяннях (Частка 1 артыкула 342 КК Рэспублікі Беларусь).
9 чэрвеня праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала яго палітычным зняволеным і запатрабавала неадкладнага вызвалення. Пазней міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала беларускіх палітвязняў вязнямі сумлення.





