Гаспадар — Андрэй Комлік-Ямацін. Ён быў вядомы як фігурант «справы Патрыётаў», цяпер Андрэй — рабочы ММЗ.

Як так выйшла, што яго Опель трапіў у міліцэйскую справаздачу?

«Я прыехаў да Мотавела, прыпаркаваўся там — дамаўляліся з сябрамі пайсці пагуляць па праспекце, — расказвае Андрэй. — Выходзім — праспект перакрыты. Уступаць у канфлікт з міліцыяй не хацелася, таму пайшлі назад, па дарозе пачаліся затрыманні, я вырашыў вярнуцца да машыны. А яе няма!

Я ў паніцы: угналі?! Званю ў міліцыю, мне там кажуць, што трэба час высветліць і праверыць. Добра, пакуль чакаў званку, пайшоў у суседнюю краму папрасіць запісы з камер».

Са слоў Комліка-Ямаціна, на відэа ён убачыў, як машыну атачылі людзі ў чорным, потым прыехала ДАІ і эвакуатар.

«А тут перазвоньваюць, што, сапраўды, машына на штраф-стаянцы ў Ленінскім РУУС. Ну, у мяне першая думка: парушыў нейкі пункт ПДР. Забіраць «Опель» я сёння не паехаў, бо ў дзядзькі дзень народзінаў, я паехаў яго віншаваць,

а папяровую валакіту з вяртаннем вырашыў пакінуць на заўтра», — кажа Андрэй.

А потым ён убачыў сваю машыну ў паведамленні МУС.

«У інтэрнэце гляджу — маю машыну паказваюць! Ускрытая яна, пішуць, што «кіроўца збег». Рэчы ў багажніку так жывапісна раскладзены для карцінкі. Але адкуль я збег? Не было такога! Я ўвогуле не ведаў што здарылася з маёй машынай, пакуль не паглядзеў запісы з камер», — кажа ён.

Комлік-Ямацін не адмаўляе, што рэчы ў багажніку ягоныя.

«У мяне ў салоне ляжаў вялікі БЧБ-сцяг, можа ён і выклікаў інтарэс органаў, што яны вырашылі машыну забраць, а потым і ўскрыць. І сякера мая, і нож мой: я актыўны турыст, у мяне такія рэчы ёсць у машыне, і што? Налепкі «Забастоўка» таксама мае — гэта не для распаўсюду, а да мяне трапілі ў выніку распаўсюду, ну я ўзяў сабе», — дадае ён.

«Гэтае здарэнне я вельмі негатыўна ацэньваю: з якой нагоды машыну вось так проста забіраць, узламываць, а потым яшчэ паказваць у інтэрнэце? Законы проста абражаюцца такімі выхадкамі».

Сёння мужчына плануе забраць сваю маёмасць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0