У Гродне 27 верасня затрымалі 49-гадовага жыхара Мастоў Андрэя Севяртока, які ў абласны цэнтр прыехаў адмыслова, каб паўдзельнічаць у нядзельным мітынгу. Падчас затрыманняў ля моладзевага цэнтра «Галактыка» мужчына паспрабаваў адбіць такога ж мітынгоўца ў АМАПа, пасля чаго быў сам затрыманы — цяпер яму пагражаюць крымінальным пераследам.
У пачатку размовы мужчына прызнаецца, што ў 1996 быў асуджаны за рэкет, у 2005-м — за забойства.
— За што вы затрыманы?
— Паняцця не маю.
***
— Што вы рабілі ў Гродна, калі вы з горада Масты?
— Прыехаў на мітынг.
— Для чаго?
— Як для чаго: грамадзянскую пазіцыю сваю паказаць.
— А чаму ў Мастах яе не паказваеце?
— У Мастах не было мітынгу.
— Вы з гэтай мэтай прыехалі з горада Масты?
— Так.
***
— З якой мэтай вы нанеслі ўдар у твар супрацоўніцы АМАПа?
— Па-першае, я не ведаў, што гэта супрацоўніца, бо была ў масцы, шлеме і латах — гэта раз. Другое: я ў твар не біў. На ёй быў шлем з забралам — паспрабуйце ўдарыць у твар рукой у шлем з забралам! Я проста адмахваўся, можа быць, выпадкова. Які дурань будзе ў шлем біць?!
— Пасля гэтага вы нанеслі ўдар нагой. Для чаго?
— Я нагой не памятаю, каб наносіў. Там усё так было, можа, дзе выпадкова.
***
— Для вас была «грамадзянская пазіцыя» гэта кагосьці… Што зрабіць?
— Для мяне гэта бандыты.
— А, дык для вас гэта бандыты?
— Так
***
— Вы супрацьзаконна нанеслі цялесныя пашкоджанні супрацоўніку АМАПа.
— Якія цялесныя пашкоджанні? (смяецца)
— То-бок вы не прызнаяце ні віну, нічога.
— Не, не прызнаю, канечне. Вырашыў не тое каб адбіць, а падтрымаць, дапамагчы.
— Каму дапамагчы: гэта вашая знаёмая?
— Не, але я думаю, таксама чалавек прыйшоў выказаць сваё меркаванне, адстаяць сваю пазіцыю.





