Анжэла (імя змененае па просьбе гераіні) — настаўніца адной са сталічных школ. Яна ўважліва прагледзела асноўныя палажэнні новага дакумента і дзеліцца меркаваннем:

«Агульнае адчуванне ад гэтых зменаў — як і ўсё ў Беларусі — робяць выгляд актыўных дзеянняў, — кажа яна. — Бо па-сутнасці, ніякіх кардынальных зменаў у саміх палажэннях я не ўбачыла. Адзінае, ужо анансаванае дагэтуль, — правядзенне адзінага цэнтралізаванага экзамена па рускай, беларускай мовах і матэматыцы.

Толькі тое, што нам выклалі ў агульны доступ ніяк не расказвае пра ўмовы правядзення гэтага экзамена: у якія тэрміны ён будзе праводзіцца, у якой форме, як будуць падлічвацца балы? Ніхто гэтага не ведае».

«Адказаў няма, і невядома, калі яны з’явяцца, каб падрыхтавацца» 

«Складаней за ўсё будзе цяперашнім дзесяцікласнікам, — працягвае педагог. — Таму што адзінаццаты клас яшчэ «праскочыць» па старой сістэме, сённяшні дзявяты клас ужо будзе ведаць праз два гады, як і што.

Цяперашнім дзесяцікласнікам засталося да экзаменаў, па сутнасці, крыху больш за адзін год. Калі, як паведамляла мінадукацыі, яны будуць адбывацца ў красавіку, то, натуральна, незразумела, па-першае, як дзецям рыхтавацца, па-другое, як быць настаўнікам матэматыкі і моваў. Што рабіць з дзецьмі, калі яны ўжо здалі экзамены?

Відавочна, логіка любога вучня: «Я здаў экзамен, адчапіцеся ад мяне, чаго вы яшчэ хочаце?» А калі красавік, нават канец красавіка, дык што яшчэ цэлы май з імі рабіць, я не разумею? Ці гэтыя гадзіны будуць размеркаваныя на іншыя прадметы. Адказаў няма, і невядома, калі яны з’явяцца ў настаўнікаў і вучняў для таго, каб падрыхтавацца.

Усе гэтыя анонсы зменаў, на маю думку, ідуць да таго, што будзе чарговы раз змяняцца праграма. 

Мы толькі ў бягучым навучальным годзе дайшлі да таго, што цалкам абнавілася праграма. Бо сённяшнія адзінаццацікласнікі першымі ішлі па новай праграме, пачынаючы з пятага класа.

Вось яны давучыліся — завяршыўся працэс: абнавілася праграма. Што цяпер? Спачатку нам перад Новым годам Лукашэнка анансуе перагляд гісторыі (што Рэч Паспалітая — нібыта генацыд беларусаў, зноў трэба пераасэнсаваць Вялікую Айчынную і г.д.).

Па меншай меры, з гэтага вынікае: будзе перарабляцца праграма па гісторыі. Але цяпер, калі яны заяўляюць пра намер павялічыць колькасць будучых дзясяці-адзінаццацікласнікаў, значыць, трэба пад іх адаптаваць праграму — вынікаюць чарговыя змены. Які ў гэтым сэнс? Атрымліваецца, падручнікі, выпушчаныя апошнімі гадамі, будуць зноў перавыдавацца? 

А гэта не толькі грошы, але і час настаўнікаў, каб прызвычаіцца да зменаў, аптымізаваць іх у навучальны працэс,» — падкрэслівае Анжэла.

«Прадпрыемства атрымлівае ката ў мяху на пяць гадоў»

«Колькасць ільготнікаў — гэта, з аднаго боку, і добра: дзяржава паказвае, як яна клапоціцца пра людзей, што будзе больш магчымасцяў атрымаць адукацыю, — працягвае педагог. — Але з іншага боку, калі мы паглядзім, на каго распаўсюджваюцца гэтыя льготы, адразу становіцца ўсё зразумела, каго дзяржава збіраецца выхоўваць. Ну, тут нават без каментарыяў.

Раней мэтавае накіраванне было значна вузейшым, цяпер абмежаванні прыбяруць і павысяць колькасць месцаў для «мэтавікоў».

Па-першае, гэта можа сур’ёзна павысіць карупцыю. Напрыклад: да дырэктара школы прыходзіць маці слабога вучня, кладзе канверт з пэўнай колькасцю грошай і атрымлівае паперу аб «запатрабаванні» — гарантыю паступлення, дырэктар жа — «спецыяліста», які яму абавязаны.

Па-другое, трэба ўлічваць, што ў такім выпадку размеркаванне не два, а пяць гадоў, то-бок прадпрыемства атрымлівае ката ў мяху на пяць гадоў. Часта прэтэндэнт не самай лепшай якасці, а пазбавіцца ад яго, нават калі ён вельмі дрэнны працаўнік, амаль ніяк немагчыма.

«Вы ж хацелі пераменаў, вось вам перамены»

«Мяркую, каб сапраўднай мэтай рэформаў была адукацыя, то не зачынялі б ліцэі. Гэта даволі паказальна, — лічыць Анжэла. — Можна чакаць, што гэтыя змены падштурхнуць яшчэ большую колькасць абітурыентаў абіраць замежныя ВНУ.

Відавочна, што калі чалавек адвучыцца за мяжой, то і працаваць застанецца там.

Падсумоўваючы, можна меркаваць, што змены робяцца толькі для бачнасці. Гэта чарговы манеўр, каб пакпіць з, як яны кажуць, «беглых», маўляў вы ж хацелі пераменаў, вось вам перамены, у нас усё ёсць, праводзяцца рэформы. Але нашто такія перамены — пытанне без адказу.

Для таго, каб арганізаваць любыя змены, трэба дэтальна вывучыць сітуацыю. Але ў міністэрстве, відаць, сядзяць людзі, вельмі далёкія ад рэалій сённяшняга стану адукацыі і, у прыватнасці, цяперашняй беларускай школы.

А нам, як настаўнікам, застаецца неяк выжываць у новых умовах», — падсумоўвае Анжэла.

«Рэфармуючы сістэму адукацыі, варта імкнуцца пазбавіцца ад бюракратызму, але новы Кодэкс не пра гэта»

Лілія Гусарава, да 2021 года працавала ў 17-ай гімназіі Мінска, але была вымушана з'ехаць праз палітычны пераслед.

Лілія Гусарава, да 2021 года працавала ў 17-ай гімназіі Мінска, але была вымушана з'ехаць праз палітычны пераслед.

Таксама пагутарылі з Ліліяй Гусаравай, якая цяпер працуе ў анлайн-школе ва Украіне. Яе стварыла Наста Шпакоўская.

«Планы па павелічэнні мэтавага набору я разглядаю як пашырэнне татальнага кантролю з боку дзяржавы, — адзначае педагог. — Цяпер відавочны маштабны адток кадраў ва ўсіх абласцях: шмат дзе, у тым ліку і ў школах, не хапае працаўнікоў. А прывязаць чалавека да пэўнага месца на цэлых пяць гадоў — выйсце, якое і прадугледжанае новым Кодэксам. 

Рэфармуючы сістэму адукацыі, у першую чаргу варта імкнуцца пазбавіцца цяперашняга бюракратызму, прыбраць лішнія функцыі з настаўніка, але новы Кодэкс не пра гэта.

Працуючы цяпер у прыватнай школе, я ўвесь свой час аддаю вучням і падрыхтоўцы заняткаў — не трэба запаўняць дзясяткі папер, толькі самае неабходнае. Дзякуй богу, гэтыя змены нашай цяперашняй працы не крануцца, школа працуе па ўкраінскіх праграмах, а праграму па беларускай мове складаем самастойна.

Так, карыстаемся беларускімі падручнікамі, але мы вольныя ў іх выбары. У кожным з выданняў, па шчырасці, ёсць, мякка кажучы, слабыя моманты і ўпушчэнні. Таму мэтазгодна браць матэрыял з выданняў розных гадоў — шукаць найлепшы. 

Што да замены ЦТ на экзамен, сказаць цяжка, трэба будзе паглядзець, як яно запрацуе, якія будуць вынікі. Але, безумоўна, гэта і стрэс для дзяцей, і дадатковая праца для настаўнікаў. Самае складанае — адсутнасць дакладна акрэсленага механізму: мы ўсё яшчэ не ведаем ні патрабаванняў, ні нормаў, ні нават часу правядзення гэтых экзаменаў, а застаецца ўсяго год.

Магу толькі паспачуваць цяперашнім дзесяцікласнікам,» — кажа Лілія.

«Прэмію яму плацяць найбольшую». Ваенрукі ў школах: што яны робяць і за чым (кім) сочаць

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?