Навальны піша:

«Я глядзеў учора на «пасяджэнне Савета бяспекі», гэта зборышча маразматыкаў і злодзеяў (здаецца, наш ФБК рабіў расследаванне карупцыі кожнага з іх), і думаў пра такое ж зборышча наменклатурных маразматыкаў з Палітбюро ЦК КПСС, якія прыкладна вось гэтак жа сама, праз уласны капрыз, уяўляючы сябе геапалітыкамі за «вялікай шахматнай дошкай», прынялі рашэнне аб уводзе савецкіх войскаў у Афганістан.

Вынікам сталі сотні тысяч ахвяр, траўмы цэлых нацый, наступствы якіх не можам пераадолець ні мы самі, ні Афганістан, і ўзнікненне адной з ключавых прычын развалу СССР.

Тыя маразматыкі з Палітбюро прыкрываліся двудушнай ідэалогіяй. Гэтыя пуцінскія маразматыкі нават і ідэалогіі не маюць — толькі пастаянную і непрыхаваную хлусню.

Яны нават не абцяжарваюць сябе тым, каб іхні casus belli меў хоць бы найменшую праўдападобнасць. І тым, і гэтым трэба адно: адцягванне ўвагі народа Расіі ад рэальных праблем — развіцця эканомікі, росту цэнаў, беззаконне, якое ўсюды пануе — і пераключэнне яго ў фармат «імперскай істэрыкі».

Вы даўно глядзелі навіны федэральных каналаў? Я вось гляджу толькі іх і запэўніваю вас, там наогул няма навін пра Расію. У літаральным сэнсе. Ад першай да апошняй навіны: Украіна — ЗША — Еўропа.

Голай прапаганды маразматыкам і злодзеям ужо не хапае. Ім хочацца крыві. Хочацца танкавыя фігуркі парухаць на карце баявых дзеянняў.

І вось — кіраўнік Палітбюро ХХІ стагоддзя выступае з сапраўды вар'яцкай прамовай. Самую дакладную метафару пра яе даў, вядома, твітар: «Ну чыста мой дзед напіўся на сямейным свяце і дастае ўсіх сваім расповедам пра тое, як на самой справе ўладкаваная сусветная палітыка».

Было б смешна, калі б п'яным дзедам не быў чалавек 69 гадоў, які ўтрымлівае ўладу ў краіне з ядзернай зброяй.

Замяніце «Украіну» ў яго прамове на «Казахстан», «Беларусь», «краіны Балтыі», «Азербайджан», «Узбекістан» і гэтак далей, уключаючы нават «Фінляндыю». І падумайце, куды далей панясе геапалітычная думка дзеда-маразматыка.

Усё гэта вельмі дрэнна скончылася для ўсіх у 1979 годзе. І цяпер скончыцца дрэнна. Афганістан быў разбураны, але і СССР атрымаў смяротную рану. Па віне Пуціна ўжо цяпер могуць загінуць сотні, а ў далейшым — дзясяткі тысяч украінцаў і грамадзян Расіі.

Так, ён не дасць Украіне развівацца, пацягне яе ў балота, але і Расія заплаціць такую ж цану.

У нас усё ёсць для магутнага развіцця ў XXI стагоддзі — ад нафты да адукаваных грамадзян, — але мы зноў прасадзім, растрацім гістарычны шанец на нармальнае багатае жыццё дзеля вайны, бруду, хлусні і палаца з залатымі арламі ў Геленджыку.

Пуцін і ягоныя злодзеі-маразматыкі з Рады Бяспекі і «Адзінай Расіі» — ворагі Расіі і яе галоўная пагроза, а не Украіна і не Захад. Пуцін забівае і хоча забіваць больш. Крэмль робіць вас бяднейшымі, а не Вашынгтон. Гэта не ў Лондане так вядуць эканамічную палітыку, што «баршчавы набор» пенсіянера падаражэў удвая, а ў Маскве.

Змагацца за Расію, ратаваць яе — гэта змагацца за адхіленне Пуціна і ягоных клептакратаў ад улады. Але цяпер гэта азначае і банальнае «змагацца за мір».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру