Уладзімір Зяленскі. Фота: Ron Haviv, ronhaviv_vii / Twitter

Уладзімір Зяленскі. Фота: Ron Haviv, ronhaviv_vii / Twitter

Пасля перамоваў у Стамбуле між расійскай і ўкраінскай дэлегацыямі намеснік міністра абароны Расіі падчас падыходу да прэсы абвесціў пра рашэнне Масквы «кардынальна скараціць баявыя дзеянні на Кіеўскім і Чарнігаўскім напрамках».

Раней украінскія войскі перайшлі ў контрнаступ пад Кіевам і Сумамі. Над расійскімі групоўкамі на правым беразе Дняпра ў Бучы і Гастомелі і над расійскай групоўкай на левым беразе Дняпра ў раёне Прылук навісла пагроза атачэння, яны застаюцца клінамі ўнутры ўкраінскіх войскаў.

Ад Масквы ўжо некалькі дзён ішлі настойлівыя сігналы, што яна гатовая абмежавацца прасоўваннем на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей, адмовіцца ад прэтэнзій на кантроль за ўсёй Украінай. Выглядае, што Расія спяшаецца дасягнуць такога выхаду з сітуацыі.

Уладзімір Мядзінскі сёння агучыў прапановы ўкраінскага боку, якія, заявіў ён, «мы лічым канструктыўным крокам да пошуку кампрамісу, якія Расіяй будуць разгледжаныя і на якія будзе дадзены адпаведны адказ». Сярод іх пункты ад тым, што Украіна пагаджаецца на нейтральны статус пад гарантыі бяспекі ад вялікіх дзяржаў ды іншы пункт — што Расія не будзе супраць уступлення Украіны ў Еўрасаюз. Тут заява цалкам.

У лютым Аляксандр Лукашэнка заяўляў, што «вайна працягнецца тры-чатыры дні» і прадракаў хуткі разгром Украіны. Ëн таксама казаў, што «Зяленскі трухнуў». У сакавіку Лукашэнка зноў заклікаў Украіну пагадзіцца на патрабаванні Расіі і пагражаў, што ў адваротным выпадку вайна закончыцца капітуляцыяй па ўзоры Японіі ў 1945 годзе. 

Па стане на 33-ці дзень вайны прасоўванне расійскіх войскаў спынілася на ўсіх кірунках, і Масква ўсё больш выразна дэманструе гатоўнасць да кампрамісаў. Калі напачатку расійскі бок настойваў, каб перамовы праходзілі на тэрыторыі Беларусі, з якой адбылося ўварванне ва Украіну, то сёння яны аднавіліся ў Стамбуле.

Пасля сённяшняга раўнду перамоваў дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк расказаў, як Кіеў бачыць дамову аб гарантыях бяспекі. 

— Спачатку будзе праведзены рэферэндум, на якім украінцы выкажуць сваю пазіцыю па гэтай дамове. Але рэферэндум магчымы толькі ва ўмовах міру.

— Пасля дамова будзе ратыфікаваная ў парламентах Украіны і краін-гарантак. 

— Пытанне Крыма і Севастопаля будзе асобным пунктам дамовы, па якой адбудуцца двухбаковыя перамовы Расіі і Украіны на працягу 15 гадоў. У гэты час для вырашэння пытання будзе забаронена выкарыстоўваць Узброеныя сілы.

— Таксама асобным пунктам будзе пытанне «ЛДНР», якое будзе абгаворвацца прэзідэнтамі Украіны і Расіі.

Чытайце таксама: Масква пачынае рыхтаваць расіян да таго, што «мы перамаглі, можна спыняцца». Што гэта азначае для Украіны і рэгіёна

Расія напала на Украіну ўначы з 23 на 24 лютага, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі. Беларускія войскі ў ваенных дзеяннях на тэрыторыі Украіны не ўдзельнічаюць, але займаюцца тылавым забеспячэннем, прадаставілі расіянам аэрадромы, лечаць параненых. З тэрыторыі Беларусі наносяцца ракетныя ўдары.

Упартае супраціўленне ўкраінцаў сарвала планы бліцкрыга, расіяне за больш як месяц баёў не здолелі заняць Кіеў, Харкаў, Мікалаеў, Сумы і Чарнігаў. Праз некалькі тыдняў расійскія войскі перайшлі да тактыкі метадычных абстрэлаў украінскіх гарадоў. Асабліва моцна разбураныя Марыупаль, Харкаў, Чарнігаў, Ізюм, Валнаваха, Трасцянец, Рубежнае. Усяго абстрэлам і бамбёжкай падвергліся сотні населеных пунктах. Колькасць забітых мірных жыхароў вымяраецца тысячамі, дакладную колькасць ахвяр пакуль вызначыць немагчыма. Каля 10 мільёнаў украінцаў пакінулі родныя дамы, каля 3,8 мільёна з іх перамясціліся ў Еўропу.

Паводле ацэнак аналітыкаў, расіяне за першы месяц вайны страцілі забітымі, параненымі і палоннымі каля 40 тысяч чалавек.

Дзеянні Расіі і лукашэнкаўскага рэжыму сутыкнуліся з асуджэннем міжнароднай супольнасці. У ААН 140 краін асудзіла расійскую агрэсію, а падтрымку ж прагаласавалі толькі 5: самі Расія і Беларусь, а таксама Сірыя, Паўночная Карэя і Эрытрэя.

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Клас
17
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0