Сярэднегадавая цана на газ для Беларусі ў 2010 годзе складзе 171,5 даляра. Пра гэта паведаміў журналістам у Мінску 26 сакавіка намеснік старшыні праўлення ААТ «Газпром» Андрэй Круглоў.

«Зыходзячы з папярэдніх дамоўленасцей, пры разліку цаны на газ прымяняецца паніжальны каэфіцыент 0,9. Гэта значыць, што сярэднегадавая цана на газ для Беларусі будзе складаць 171,5 даляра, — сказаў ён. — Мы разлічваем, што зыходзячы з гэтай цаны будуць ажыццяўляцца плацяжы».

Для параўнання: у 2009 годзе сярэднегадавая цана на газ складала 148—150 даляраў за тысячу кубаметраў.
1

Такія звесткі прывёў у снежні мінулага года генеральны дырэктар ААТ «Белтрансгаз» Уладзімір Маёраў.

Круглоў паведаміў, што запазычанасць Беларусі за газ на сёння складае 94 млн. 500 тыс. даляраў. Гэта запазычанасць, што ўтварылася ў 2010 годзе. Праблемы з разлікамі, паводле яго слоў, узніклі ў другой палове 2009 года, але да канца снежня леташняя запазычанасць была пагашана.

Прадстаўнік «Газпрома» таксама адзначыў, што пытанне разліку расійскімі рублямі за расійскі газ, які пастаўляецца ў Беларусь, «не знята з парадку дня». Паводле слоў Круглова, гэта б знізіла валютныя рызыкі і Беларусі, і Расіі. «Пытанне ў тым, што цяпер нафтавы кошык, да якога прывязана цана на газ, фіксуецца ў далярах», — растлумачыў Круглоў.

Закранаючы карпаратыўную палітыку кампаніі, ён падкрэсліў, што «Газпром» зацікаўлены ў атрыманні кантрольнага пакета акцый ААТ «Белтрансгаз». Разам з тым, адзначыў Круглоў, гэтае пытанне »ляжыць не толькі ў плоскасці ўзаемадзеяння суб’ектаў гаспадарання, але і міждзяржаўных пагадненняў».

Круглоў падкрэсліў, што асноўныя акцыянеры «Газпрома» і «Белтрансгаза» — дзяржавы. »Таму мы будзем карэктаваць свае інвестыцыйныя планы, зыходзячы з міжурадавых і дзяржаўных дамоўленасцей», — сказаў намеснік старшыні «Газпрома».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна