Івянец, Мінскага павета. У нашым мястэчку ўсё добра, толькі не добра, што іншыя дзяўчаты надта разбадзяліся, забыўшыся нават, што такое стыд. Так, нядаўна тры дзяўчыны пайшлі ў карчму п’янстваваць.

Сфінкс, Івянец

Вішнева Ашмянскага павета. Хлопец з вёскі Вуглы, спаткаўшы ў Вішневе знаёмую С., загаварыў з ёй па‑польску. Але тая адказвала яму па‑беларуску. Той, узлаваўшыся. Спытаў: «А як замуж пойдзеш, па якому будзеш вучыць сваіх дзяцей?» — «А ўжо ж па‑беларуску», — адказала дзяўчына. А многа, вельмі многа могуць зрабіць нашы кабеты ў справе адраджэння нашага народу!

Я.С., Вішнева

«НН». №13. 1910

Быкаў дае падказку палітыкам

У выступе Васіля Быкава прагучала важная падказка нацыянальнаму адраджэнню, прапанова змяніць ракурс з патэтычнага на прагматычны. Маўляў, мы не настолькі дужыя, каб быць настолькі бясхітраснымі.

«Адразу пасля абвяшчэння БНР была дапушчаная вялікая памылка. Як вядома, бальшавікі папракалі Урад БНР за тэлеграму кайзеру Вільгельму. Маўляў, гэтая тэлеграма зганьбіла беларускую ідэю — ідэю незалежнасці. А насамрэч што ж адбылося? Літоўцы і латышы паслалі такія тэлеграмы раней, і яны атрымалі афіцыйнае еўрапейскае прызнанне сваёй незалежнасці. Беларусы паслалі са спазненнем больш чым на месяц і, такім чынам, не атрымалі ні адказу, ні прызнання, а толькі зганьбілі пэўным чынам свой гонар. Як важна кожную справу рабіць своечасова!» — сказаў Быкаў.

«НН». №13. 2000

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0