Напісаў тэкст для сайта «Новай Еўропы» з нагоды нядаўняга візіта ў Беларусь еўракамісара Штэфана Фюле. Прыкра штораз глядзець, як літоўцы ці чэхі, якія быццам яшчэ ўчора былі з намі ў адной сацыялістычнай турме, цяпер прыяжджаюць у Беларусь на правах «еўрапейцаў», што наведваюць нейкую «суседнюю з Еўропай» сацыяльна-палітычна і эканамічна адсталую краіну. Але ў гэтым, на жаль, віна толькі і выключна саміх беларусаў.

«Дарожная карта» рэформаў для Беларусі, «палітычныя рэформы ў абмен на размарозку еўрапейскай інтэграцыі» — чарговы шанец для краіны. Вельмі не хацелася б, каб гэты шанец зноў быў уладамі растранжыраны.

Еўрапейскі Звяз — рэч малапрыемная не толькі для рэжыма А. Лукашэнкі. Беларускім уладам не падабаецца тамтэйшая дэмакратыя і высокія патрабаванні што да правоў чалавека, а асабіста мне не падабаецца сацыяльная сістэма, якая кандаламі вісіць на прыватным прадпрымальніцтве і вырошчвае ў людзях тыпова сацыялістычную непрадуктыўную паразітарную цяплічную ментальнасць. Сучасная Заходняя Еўропа — гэта стагнацыя і павольнае выміранне.

Але

для Беларусі рэальны геапалітычны выбар стаіць, на жаль, паміж інтэграцыяй у Еўразвяз і інтэграцыяй з карумпаванымі еўразійскімі дыктатурамі. Захаванне нейкага «нейтралітэта» ў гэтых умовах — гэта наіўная ілюзія. І якім бы непрывабным ні быў ЕЗ, нацыянальныя інтарэсы Беларусі дыктуюць толькі адзін магчымы прыярытэтны вектар для Беларусі — на Захад.

Беларускія ўлады маюць чарговы шанец зрабіць першы крок у гэтым кірунку.

Але як бы хацелася, каб Беларусь была выспай у Ціхім акіяне ці знаходзілася паміж ЗША і Канадай, а не між ЕЗ і Еўразіяй…


Візіт камісара па пытаннях пашырэння ЕЗ і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфана Фюле і навіна пра дарожную карту рэформ, якая рыхтуецца для Беларусі, натхнілі задумацца над тым, якой хацелася б у ідэале бачыць еўрапейскую інтэграцыю Беларусі. Еўрапейская інтэграцыя, пераадоленне ізаляванасці краіны ад астатняга кантыненту — не толькі модны рэкламны слоган апазіцыі, але сапраўды актуальная патрэба, пытанне аб задавальненні якой адразу паўстане перад уладай пасля адстаўкі А. Лукашэнкі дый пачынае паўставаць і перад ім самім.

(…)

Нягледзячы на вонкавы шык, сённяшні ЕЗ — гэта павольна выміраючая бюракратычная канструкцыя
ў стагнацыі, канструкцыя, якая, калі будзе працягваць развівацца па-сённяшняму, праз якіх 50 гадоў саступіць пазіцыі краінам паўднёва-ўсходняй Азіі, а сама ператворыцца ў найлепшым выпадку ў турыстычны край з футболам, замкамі і віном. Сучасны ЕЗ можа вабіць толькі стандартамі што да правоў чалавека і патэнцыйнай магчымасцю прысмактацца да грошай нямецкіх падаткаплацельшчыкаў — прычым апошняя рэч робіцца ўсё праблематычнейшаю.
Інстытуцыянальна і светапоглядна Еўрапейскаму Звязу самому бракуе шэрагу ключавых рэчаў, якія неабходныя Беларусі для рашучага рыўка наперад.
Індывідуальная свабода і адказнасць, прыватная прадпрымальніцкая ініцыятыва ды інаватыўнасць — гэтым рэчам куды лепей можна і трэба вучыцца ў ЗША ці нават саакашвілеўскай Грузіі, чым у разбэшчанай сацыяльнай абаронай сучаснай Заходняй Еўропы.

У прынцыпе, з палітычных разважанняў,

дзеля забеспячэння палітычнай незалежнасці Беларусі было б больш мэтазгодна імкнуцца да сяброўства ў НАТО, а не ЕЗ.
Ёсць падставы меркаваць, што ідэальная канфігурацыя еўраінтэграванасці Беларусі складалася б з сяброўства ў Паўночнаатлантычным альянсе, асобных пагадненнях ЕЗ (прыкладам, у Шэнгенскім) і асабліва ўдзелу ў агульным еўрапейскім рынку, што ўключае краіны ЕЗ, Нарвегію, Ісландыю і Ліхтэнштэйн. Нарвежская мадэль дачыненняў з ЕЗ была б аптымальнай для Беларусі.

Пра ўдзел у агульным еўрапейскім рынку сказаў Фюле падчас свайго візіту, і гэта для Беларусі найбольш важнае, і да гэтага рэальна было б імкнуцца, калі найважнейшай здачай зрабілася дыверсіфікацыя рынкаў для беларускага экспарту.

Геапалітычныя рэаліі, аднак, такія, што сяброўства Беларусі ў НАТО ў агляднай будучыні, на жаль, ёсць ледзьве магчымым з-за ірацыянальнага непрыняцця пашырэння НАТО на ўсход з боку Расіі. Гэта азначае, што,

як ні прыкра, галоўнай мэтай хутчэй за ўсё давядзецца ставіць паўнавартаснае сяброўства Беларусі менавіта ў Еўрапейскім Звязе — проста каб не заставацца сам-насам з постсавецкімі еўразійскімі аўтакратыямі
(пагроза чаго не стаіць перад Нарвегіяй), якія, канечне ж, горшая альтэрнатыва нават у параўнанні з брусельскім чынавенствам.

Цікава, што імавернаму сяброўству Беларусі ў ЕЗ, між іншым, на словах не пярэчыць нават Расія: «Против вступления (…) даже Белоруссии в Европейский Союз трудно что-либо возразить» — у нядаўнім артыкуле напісаў Канстанцін Касачоў, адна з цэнтральных асобаў у расійскай замежнай палітыцы.

ЕЗ мае прыадчыніць дзверы для беларускага ўраду, якому даецца чарговы шанец штось зрабіць у адпаведнасці з беларускімі нацыянальнымі інтарэсамі, а менавіта праводзіць канкрэтныя пакрокавыя дэмакратычныя пераўтварэнні ў абмен на канкрэтныя крокі ў набліжэнні да еўрапейскага рынку. Надзея на тое, што ўрад павядзе сябе ў адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі, як і ў мінулыя разы, памрэ апошняю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?