Падтрыманы Вярхоўнай Радай Украінызаконапраект скасоўвае крымінальную адказнасць за кантрабанду тавараў, ухіленне ад вяртання прыбытку ў замежнай валюце, незаконнае адкрыццё або выкарыстанне валютных рахункаў за межамі Украіны і іншыя злачынствы.

Ва Украіне збіраюцца дэкрыміналізаваць эканамічныя і гаспадарчыя злачынствы. Адпаведны законапраект «Аб унясенні змяненняў у некаторыя заканадаўчыя акты (адносна гуманізацыі адказнасці за правапарушэнні ў сферы гаспадарчай дзейнасці)» у якасці неадкладнага быў унесены на разгляд у парламент прэзідэнтам Украіны і падтрыманы Вярхоўнай Радай у першым чытанні. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе ўкраінскага парламента.

Праектам закона, у прыватнасці, прапануецца за ўчыненне злачынстваў у гаспадарчай сферы замест пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ўвесці штраф. У той жа час штраф можа быць заменены судом на іншае пакаранне толькі ў выпадку яго нявыплаты ў тэрмін, усталяваны судовым рашэннем. Гэтая мадэль прапануецца і ў тых выпадках, калі суб’ектам злачынства з’яўляецца юрыдычная службовая асоба прыватнага права.

Законапраект скасоўвае крымінальную адказнасць за тыя дзеянні ў гаспадарчай сферы, якія на сённяшні дзень страцілі прыкметы павышанай грамадскай небяспекі,
дастатковай для пераследу іх у крымінальным парадку. Гаворка ідзе пра такія злачынствы, як кантрабанда тавараў, ухіленне ад вяртання выручкі ў замежнай валюце, незаконнае адкрыццё або выкарыстанне валютных рахункаў за межамі Украіны, парушэнне правілаў здачы каштоўных металаў і каштоўных камянёў, падробка знакаў паштовай аплаты і праязных білетаў, фіктыўнае банкруцтва і інш За гэтыя правапарушэнні прапануецца ўсталяваць адміністрацыйную адказнасць у выглядзе накладання штрафаў. Таксама прапануецца ўсталяваць, што ўзяцце пад варту не можа быць выкарыстанае ў дачыненні да раней не судзімай асобы, якая падазраецца або абвінавачваецца ва ўчыненні злачынства.

У той жа час нормы законапраекта пакуль не датычаць артыкула крымінальна-працэсуальнага кодэкса Украіны, па якім судзяць экс-прэм’ера Юлію Цімашэнка і былога кіраўніка МУС Юрыя Луцэнку.

Як чакаецца, канчатковы прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да лідара БЮТ, якой інкрымінуецца перавышэнне службовых паўнамоцтваў падчас заключэнні газавага кантракта з расійскім «Газпромам», суд вынесе пасля 11 кастрычніка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?