Еўразійскі банк развіцця вітае крокі ўладаў Беларусі па павышэнні незалежнасці Нацыянальнага банка краіны. Пра гэта заявіў 31 кастрычніка журналістам у Алматы кіруючы дырэктар Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) па забеспячэнні дзейнасці Антыкрызіснага фонду Сяргей Шаталаў.

«Мы лічым правільнымі тыя захады, якія былі зроблены ў плане павышэння незалежнасці Нацбанка, перадачу ад Нацбанка неўласцівых яму відаў эканамічнай дзейнасці і актываў. Таму што ў любой краіне цэнтральны банк не павінен весці гаспадарчую дзейнасць», — заявіў ён.

Шаталаў дадаў, што ў Беларусі «шмат зроблена для ўмацавання незалежнасці Нацбанка». «Гэта дазволіць яму ажыццяўляць незалежную, эфектыўную, адказную грашова-крэдытную палітыку», — лічыць ён.

Ён таксама падкрэсліў, што ЕАБР лічыць «ключавым дасягненнем урада ўніфікацыю валютных курсаў, якая адбылася 20 кастрычніка».

У той жа час, паводле слоў Шаталава, неспакой ЕАБР перш за ўсё выклікае пашырэнне разрыву паміж намінальнымі працэнтнымі стаўкамі (як стаўкай рэфінансавання, так і стаўкамі авернайт) і прагназаваным узроўнем інфляцыі. «Гэта азначае, што здольнасць эканомікі выходзіць на ўстойлівае развіццё не павялічваецца», — падкрэсліў ён.

ЕАБР занепакоены і працягам значнага аб’ёму крэдытавання эканомікі. «Некаторыя каналы былі перакрыты, але па іншых каналах крэдытаванне працягваецца», — сказаў Шаталаў. Ён падкрэсліў, што гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца перад выдзяленнем трэцяга траншу крэдыту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?