Беларусь ініцыюе адмену забароны на паўторнае выкарыстанне шкляных бутэлек для разліву алкагольнай прадукцыі, зацверджанай тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза "Аб бяспецы ўпакоўкі" 16 жніўня 2011 года. Пра гэта заявіў начальнік упраўлення абыходжання з адходамі Мінпрыроды Сяргей Кузьмянкоў.

Паводле яго слоў, плануецца дабіцца адмены забароны да ўступлення тэхрэгламенту ў сілу 14 чэрвеня 2012 года. Адпаведнае даручэнне дадзена ўрадам Дзяржаўнаму камітэту па стандартызацыі. Прапанова беларускага боку па ўнясенні змяненняў у тэхрэгламент будзе разгледжана на 15-м пасяджэнні каардынацыйнага камітэта па тэхнічным рэгуляванні, прымяненні санітарных, ветэрынарных і фітасанітарных мер пры Камісіі Мытнага саюза, якое пройдзе 22—23 лістапада ў Маскве.

Як заявіў Кузьмянкоў, у выпадку захавання забароны Беларусь сутыкнецца з сур'ёзнымі экалагічнымі выклікамі. У прыватнасці, значна,

на 40—50%, узрасце аб'ём адходаў і спажыванне пярвічных рэсурсаў.

Апрача таго, як заявіла галоўны спецыяліст па шкляной прамысловасці Мінбудархітэктуры Таццяна Вашкевіч, магутнасці шклатарных заводаў Беларусі не дазволяць у поўнай меры задаволіць патрэбнасці харчовых, вінаробчых і лікёрагарэлачных заводаў. У Беларусі ў год выпускаецца 700 млн. штук паўлітровых бутэлек, а ў выпадку прыняцця рэгламенту толькі адных бутэлек для піваварнай галіны спатрэбіцца прыкладна 600 млн. штук, віна-гарэлачнай — яшчэ 700—800 млн. Паводле яе слоў, нарошчванне магутнасцяў беларускіх шклатарных заводаў з-за недахопу сродкаў уяўляецца праблематычным. Як вынік, павялічыцца імпартны складнік беларускай прадукцыі.

Старшыня Асацыяцыі нарыхтоўшчыкаў і перапрацоўшчыкаў адходаў пры Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальнікаў Міхаіл Счасны зазначыў, што

з-за забароны летам 6 тыс. чалавек, якія працуюць у прыёмных пунктах шклатары, страцяць працу.
Ён падкрэсліў, што паўторнае выкарыстанне шклатары бяспечнае для здароўя: сёння для апрацоўкі вернутай бутэлькі прымяняюцца ўльтрагукавыя машыны, якія нейтралізуюць працэс вышчалачвання.

Кіраўнік кампаніі Грынпіс Расіі па таксічных рэчывах Аляксей Кісялёў паведаміў, што

забарона была пралабіраваная кампаніяй "Русджам", якая з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў шкляных бутэлек у Расіі.
Яго рэалізацыя, апрача экалагічных наступстваў, прывядзе да падаражання алкагольнай прадукцыі прыкладна на чвэрць.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?