У пасёлку Халмы Гомельскага раёна днём 29 ліпеня загарэўся жылы дом. З-за моцнага ветру і несвоечасовага выкліку ратавальнікаў да моманту прыбыцця пажарных гарэлі ўжо дзве хаты і гаспадарчая пабудова, існавала таксама пагроза распаўсюду агню на суседнія будынкі.

Як паведаміў прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, па медыцынскую дапамогу звярнуліся два жыхары пасёлка, якія пры самастойным тушэнні пажару атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Пацярпелыя былі шпіталізаваны. У выніку пажару знішчана пяць гаспадарчых пабудоў, у жылых дамах знішчаны дах і столевае перакрыццё на ўсёй плошчы, пашкоджаны сцены і маёмасць унутры дамоў.

Як мяркуюць, прычына пажару — падпал. Падчас апытання сведак устаноўлена, што першапачаткова жыхары дамоў на працягу пяці-шасці хвілін спрабавалі патушыць пажар самастойна, не паведаміўшы ў МНС.

Ноччу 30 ліпеня ў гарадскім пасёлку Азарычы Калінкавіцкага раёна таксама загарэўся жылы дом. На момант пажару ў ім знаходзіліся 23-гадовы мужчына з сям’ёй — жонкай і двума малымі дзецьмі. Мужчына загінуў, жанчыну з дзецьмі ўдалося выратаваць. У выніку пажару знішчаны дах дома на ўсёй плошчы, дашчаная веранда, пашкоджаны сцены. Знішчаны таксама две дашчаныя гаспадарчыя пабудовы і аўтамабіль «ВАЗ-2103». Паводле слоў суседзяў, гаспадар дома характарызуецца станоўча, спіртнымі напоямі не злоўжываў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?