У Мінску запрацавала першая вегетарыянская кавярня «Шчасце тут» ФОТЫ
Акрамя вегетарыянцаў, пацешыць свае страўнікі змогуць веганы і сыраеды.
Новае і нетыповае месца адчыніла свае дзверы проста за Палацам Рэспублікі, яго адрас Інтэрнацыянальная, 23. Стыль кавярні — мінімалістычна-экалагічны. Тэме экалогіі ўладальнікі надаюць вялікую ўвагу – у кафэ не выкарыстоўваецца пластык, нават трубачкі зробленыя з паперы.
Таго самага прынцыпу трымаюцца і ў ежы. Тут няма газіроўкі і засмажанай ежы. Усё гатуецца са свежых прадуктаў, а стравы не нясуць шкоды здароўю. Падрабязней пра кавярні «Нашай Ніве» распавёў адзін з саўладальнікаў — Мікалай Сяроў.
Уладальнікі кавярні — Мікалай Сяроў і Аляксей Садавы.
«Я сам 6 год быў вегетарыянцам і ўжо год як я веган. Сёлета ў жніўні я быў у Нью-Ёрку і вывучаў як танныя, так і дарагія месцы з вегетарыянскай і веганскай ежай. Цяпер гэта вельмі папулярна, у такіх месцаў я сустракаў розных знакамітасцей. Чаму я адкрыў кавярню разам з Аляксеем Садавым [саўладальнік «Шчасце тут» — Рэд.]? Я хадзіў і хаджу ў яго рэстараны і бары. Мне падабаюцца яго ідэі. Таму ідэю «Шчасце тут» прапанаваў я менавіта яму, бо лічу яго найлепшым рэстаратарам Мінска [Аляксей Садавы валодае такімі барамі, як «Бяссонніца», «Героі» і г.д.].
Меню складалася на працягу года. Тры месяцы мы рыхтаваліся і за два тыдні рэалізавалі гэтую ідэю».
Мікалай адзначае, што кавярня не прызначана толькі для веганаў, сыраедаў і вегетарыянцаў. Сюды можна прыйсці разам з сям'ёй, спадабаюцца стравы аматарам здаровага харчавання і проста гурманам. Задача кафэ – пазнаёміць людзей з вегетарыянствам.
«Мы заўважылі, што зацікаўленых у вегетарыянстве людзей аказалася нашмат болей, чым уяўлялі. Уся наша каманда — вегетарыянцы, кожны з іх разбіраецца ў стравах, ёсць вегетарыянцы, якія пераходзяць на веганства».
Бліжэй да лета плануецца адкрыццё дзвюх тэрас: звонку і ва ўнутраным дворыку. Асобнай залы для курэння няма, але зроблена гэта толькі для таго, каб не перашкодзіць людям, якія не кураць.
Цэны і асартымент
Ежа сапраўды вельмі духмяная. Пасля фаст-фуду ў страўніку звычайна цяжкасць і пачуццё пераядання. Пад'еўшы тут, адчуваеш насычэнне. Порцыі супоў дастаткова вялікія. Разам з фалафелем гэта будзе цалкам добры абед, які абыдзецца вам у 130 тысяч.
У сярэднім цэны на страву вагаюцца ад 60 да 70 тысяч. Таксама тут шырокі асартымент чаю.
Вінная карта даволі вялікая. Бакал віна каштуе ад 90 тысяч, бутэлька — ад 400.
Па часе замову падаюць у залежнасці ад складанасці. Таматны суп і фалафель прыйшлося чакаць каля гадзіны. Некаторым кліентам замову падалі нашмат раней. Відаць, кафэ не чакала такога наплыву людзей, таму гатаваць прыходзілася шмат. Праўда, афіцыянтка выбачылася за затрымку і прынесла смачны і карысны дэсерт у падарунак ад кафэ.
Агулам можна сказаць, што назва кафэ адпавядае сутнасці. У любой сталіцы прэстыжна мець месца для людзей з абсалютна рознымі густамі. І для вегетарыянцаў, веганаў, сыраедаў і проста людзей, якія харчуюцца здаровай ежай, гэта шчасце.
Улічваючы меню, атмасферу і кантынгент, кафэ пасуе для начных пасядзелак, улічваючы той факт, што ў пятніцу і суботу яно робіць да 3-й гадзіны ночы.