«Сцяганосец» Фомачкін — з наказам да хакеістаў: Традыцыя — шанаваць памяць дзядоў доўжыцца дагэтуль. Лядовая пляцоўка — поле бітвы
Моладзевая зборная Беларусі па хакеі адправілася ў ЗША (Бафала), дзе возьме ўдзел у моладзевым чэмпіянаце свету (пачынаецца з 25 снежня). Перад паездкай на мінулым тыдні зборную звадзілі ў Музей Вялікай Айчыннай вайны, дзе перад хлопцамі выступілі «з наказам» у найлепшых традыцыях СССР.
Да хлопцаў звярнуўся Андрэй Фомачкін, сённяшні кіраўнік РЦАП «Раўбічы». Той самы, які выйшаў са сцягам дыскваліфікаваных расійскіх паралімпійцаў у Рыа, што выклікала моцны скандал:
instagram.com/hockey.by
— Я хачу павіншаваць вас з тым, што вы як пасланцы нашай Рэспублікі будзеце абараняць гонар краіны. Выдатна, што гэтая слаўная традыцыя — шанаваць памяць нашых дзядоў і бацькоў доўжыцца дагэтуль. Вы — байцы, ваяры. На поле бітвы, якім для вас з'яўляецца лядовая пляцоўка, памятаеце, што за вас заўзеем усе мы, уся краіна. Мы вельмі перажываем за вас! Кожная гульня — гэта сапраўдны бой. Памятаеце, што нават, калі супернік мацнейшы, ён заўсёды будзе паважаць таго, хто змагаецца да канца. Хачу вам пажадаць поспехаў! Няхай удача будзе побач з вамі. Поспехаў!
Зборная Беларусі выступіць у адной групе з Швецыяй (26 снежня), Швейцарыяй, Расіяй, Чэхіяй. Чатыры каманды выходзяць у 1/4 фіналу. Зборная, што зойме апошняе месца, пазмагаецца з такой жа зборнай з іншай групы, за права застацца ў эліце.