Знайсці
27.07.2021 / 16:33РусŁacБел

«Назвалі Сава і Рыжык». Гродзенскія пенсіянеры гадуюць савянят, якія выпалі з гнязда

Гэтым савянятам каля двух месяцаў. Яны выпалі з гнязда і цяпер жывуць у людзей. Але мама іх не кінула — уночы прыносіць птушанятам ежу. Пачытайце гэту мілую гісторыю.

Савянят даглядае гродзенская пара пенсіянераў — ім 81 і 76 год. Яны людзі сціплыя, не хочуць лішняй увагі, таму гісторыю распавяла суседка Надзея Віціна, якая дапамагае ім з птушкамі.

Знайшлі савянят пад елкай на ўчастку. Спачатку з гнязда выпаў адзін. На ім яшчэ толькі-толькі пачалі адрастаць пёры. Яго хацелі адвезці ў заапарк, але арнітолагі параілі: калі магчыма, пакіньце сабе і выкормлівайце.

На елцы пара заўважыла разварочанае гняздо. Падумалі, вінавата стыхія: у Гродне напярэдадні была бура. Аказалася інакш. Совы звычайна не будуюць гнёзды, а займаюць чужыя. Летась на гэтым дрэве жылі сарокі — на іх месцы і пасялілася сямейства. А калі савяняты выраслі і не сталі змяшчацца, гняздо проста не вытрымала і развалілася.

Птушаня ў такіх выпадках чапляецца кіпцюрамі за галінку і там сядзіць, пакуль не навучыцца лётаць. Але гэты не ўтрымаўся. 

«Як кажуць арнітолагі, у кожным сямействе ёсць цяжкі падлетак, якому не сядзіцца на месцы. Яго спрабавалі вярнуць на елку, але ён пастаянна падаў і далей скакаў па градах з капустай», — дзеліцца Надзея.

Паколькі гэта прыватны сектар, дзе шмат катоў і сабак, птушаня пасадзілі ў пераноску. 

«Пачалі даваць яму ялавічыну. Але для паўнавартаснага рацыёну патрэбны мышы. Набылі маленькіх пацукоў у тэрарыуме: як ні шкада іх было, прыйшлося скарміць. Бо пасля пару дзён харчавання толькі ялавічынай савяня перастала падымаць крылы — спецыяліст патлумачыў, што пачаў развівацца рахіт».

Пазней з елкі звалілася яшчэ адно птушаня. Узялі пад апеку і яго. Для малых зрабілі клетку, насыпалі туды яловых галінак і каласкоў. Ночаць яны тут, а ўдзень людзі высаджваюць іх на елку. Мышэй хапае — суседзі, як даведаліся пра савянят, забяспечылі іх ежай.

Мама птушанят не забывае. Уночы пакідае ім на накрыўцы клеткі то галаву мышы, то лапку. Яна даглядае яшчэ двух савянят, якія жывуць на галінках вышэй.

«Цяжкіх падлеткаў» назвалі Сава і Рыжык. Сава выпаў першым: ён ручны, акуратна бярэ ежу і ледзь не мурлыча. А дзікі Рыжык не ўсіх да сябе падпускае.

«Яшчэ каля месяца ях трэба выкормліваць. На зіму совы не злятаюць, таму суседзі плануюць зрабіць ім добры домік».

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031