Знайсці
25.06.2022 / 09:33РусŁacБел

Блінкен пра патрабаванне Расіі правяраць украінскія караблі: З чаго б гэта раптам?

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен мяркуе, што патрабаванні Расеі даць ёй права правяраць кожны грузавы карабель, які выходзіць з украінскіх партоў, «пазбаўленыя сэнсу». Пра гэта Блінкен заявіў у пятніцу ў Берліне, адказваючы на пытанні карэспандэнта CNN.

Энтані Блінкен. Фота: Valdemar Doveiko / EPA

Гэта патрабаванне Расія вылучыла на мінулым тыдні, пра яго, у прыватнасці, казаў амбасадар Украіны ў Турцыі Васіль Бондар. Блінкена яно абурае.

«Па якім праве, па якой логіцы Расія настойвае на праверцы суверэнных украінскіх караблёў, якія выходзяць з украінскіх партоў у іншыя краіны? Гэта пазбаўлена сэнсу», — лічыць ён.

На думку дзяржаўнага сакратара ЗША, заявы Масквы аб неабходнасці праверкі ўкраінскіх караблёў «ствараюць патэнцыйную рызыку заходу расійскіх караблёў для нападу на Адэсу».

«Таму ўкраінцы павінны быць упэўненыя, што, робячы што-небудзь для выхаду сваіх караблёў з порта, Расія не скарыстаецца гэтым і не дазволіць зайсці рускім караблям для нападу на Адэсу», — адзначыў Блінкен.

Ён таксама выказаў падтрымку працы ААН, якая спрабуе знайсці рашэнне па разблакаванні партоў і вывазу ўкраінскага харчавання.

«ААН і яе генеральны сакратар вельмі ўпарта працуюць для таго, каб дасягнуць пэўнага рашэння, якое дазволіць стварыць шлях для ўкраінскіх караблёў з Адэсы, а такім чынам, прадуктаў харчавання і збожжа. Мы вельмі падтрымліваем гэтыя намаганні», — сказаў дзяржсакратар.

Раней прэм'ер Вялікабрытаніі Борыс Джонсан заявіў, што Брытанія гатовая дапамагчы Украіне з размініраваннем узбярэжжа, каб зрабіць магчымым экспарт ураджаю марскім шляхам.

У той жа час звесткі выведкі ЗША сведчаць, што расійскі флот атрымаў загад замініраваць падыходы да партоў Адэсы і Ачакава, а таксама замініраваць вусце Дняпра, каб зрабіць немагчымым марскі экспарт з Украіны.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
12
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031