Прыгожын патлумачыў, навошта яму Бахмут
Кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын патлумачыў, навошта расіянам Бахмут, за які ўжо паўгода ідуць лютыя баі.
«Бахмут — гэта цэнтральны пункт Усходняга фронту і сурʼёзны лагістычны цэнтр, — даў адказ праз свой тэлеграм-канал Прыгожын. — Фішка Бахмута ў яго ўнікальных гістарычных і геаграфічных абаронных магчымасцях, да якіх адносіцца, першае, падзел горада на некалькі частак воднымі перашкодамі. Другое, наваколлі Бахмута — комплекс населеных пунктаў, якія ствараюць адзіную сістэму абароны. Трэцяе, гэта ўнікальны ландшафт — яры і вышыні — якія зʼяўляюцца прыроднымі тунэлямі».
Паводле Прыгожына, «вішанька на торце — сістэма Саледарскіх і Бахмуцкіх шахт, фактычна сетка падземных гарадоў». Ён сцвярджае, што там знаходзіцца не толькі вялікая колькасць людзей на глыбіні 80-100 метраў, але і перамяшчаюцца танкі і БМП, а запасы ўзбраення захоўваюцца яшчэ з Першай сусветнай вайны. Такая інфармацыя ў публічнай прасторы зʼяўляецца ўпершыню.
Злучаныя Штаты ж лічаць, што Прыгожын «зацікаўлены ў атрыманні кантролю над соллю і гіпсам з шахт паблізу горада Бахмута, які ўтрымліваецца Украінай». І «апантанасцю» Расіі і Прыгожына Бахмутам кіруюць фінансавыя матывы.





