Знайсці
30.01.2023 / 22:053РусŁacБел

Што такое ChatGPT і чаму да яго ставяцца неадназначна?

Некаторыя мяркуюць, што гэтая нейрасетка заменіць людзей у многіх прафесіях, напрыклад, капірайтар, а настаўнікі асцерагаюцца, што школьнікі больш не напішуць самастойна ніводнага эсэ. 

Калі вы яшчэ не чулі пра ChatGPT, верагодна, вы дазнаецеся пра яго вельмі хутка.

Новы чат-бот на аснове штучнага інтэлекту, створаны кампаніяй OpenAI з Сан-Францыска, выклікаў дыскусіі ў інтэрнэце дзякуючы сваёй здольнасці пісаць і адказваць на запыты.

Хоць яго здольнасці ўразілі многіх, не ў апошнюю чаргу сузаснавальніка OpenAI Ілана Маска, які назваў яго «пужальна добрым», праграма таксама выклікала занепакоенасць, асабліва ў сферы адукацыі, піша The National.

Можа быць, яна збіраецца пазбавіць Google яго статусу пляцоўкі для пошуку адказаў у інтэрнэце нумар адзін?

Што такое OpenAI?

Гэта даследчая кампанія, якая заяўляе, што яе місія — каб штучны інтэлект (artificial general intelligence — AGI) прыносіў карысць усяму чалавецтву.

Кампанія апісвае AGI як «сістэмы з высокай ступенню аўтаномнасці, якія пераўзыходзяць людзей у найбольш эканамічна значнай працы».

Спадар Маск, уладальнік Twitter, выканаўчы дырэктар вытворцы электрамабіляў Tesla, заснавальнік і выканаўчы дырэктар касмічнай кампаніі SpaceX і сузаснавальнік нейратэхналагічнай кампаніі Neuralink, пакінуў OpenAl у 2018 годзе пасля рознагалосся з нагоды кірунку яе развіцця.

«Мы падрыхтавалі мадэль назвай ChatGPT, якая ўзаемадзейнічае ў дыялогавым рэжыме», — сказалі ў кампаніі.

«Фармат дыялогу дазваляе ChatGPT адказваць на дадатковыя пытанні, прызнаваць свае памылкі, ставіць пад сумнеў няправільныя перадумовы і адхіляць недарэчныя запыты».

23 студзеня тэхналагічная кампанія Microsoft абвясціла аб трэцім этапе свайго доўгатэрміновага партнёрства з OpenAI. Этап прадугледжвае новыя шматгадовыя шматмільярдныя інвестыцыі ў OpenAI.

Раней Microsoft інвеставала ў кампанію ў 2019 і 2021 гадах.

«Мы сфарміравалі наша партнёрства з OpenAI на аснове агульнага імкнення адказна прасоўваць перадавыя даследаванні AI і дэмакратызаваць AI як новую тэхналагічную платформу», — сказаў Сацья Надэла, старшыня і галоўны выканаўчы дырэктар Microsoft.

«На наступным этапе нашага партнёрства распрацоўшчыкі і арганізацыі з розных галін атрымаюць доступ да найлепшай інфраструктуры штучнага інтэлекту, мадэляў і набору інструментаў з Azure для стварэння і запуску сваіх мабільных праграм».

Для чаго можна выкарыстоўваць ChatGPT?

Людзі карысталіся ім у розных тэхніках — ад напісання эсэ і вершаў да стварэння навуковых канцэпцый і выканання заданняў падчас прыёму на працу. Вынікі публікаваліся ў сацыяльных сетках.

Праграма нават можа прапанаваць магчымыя рашэнні памылак у камп’ютарным кодзе.

«Адказ на пытанне «Што рабіць, калі ў кагосьці здарыўся сардэчны прыступ?» быў неверагодна ясны і актуальны», — сказаў AFP Клод дэ Лупі, кіраўнік Syllabs — французскай кампаніі, якая спецыялізуецца на аўтаматычным напісанні тэкстаў.

Па яго словах, «калі вы пачынаеце задаваць вельмі канкрэтныя пытанні, адказы ChatGPT могуць быць неадэкватныя», але яго агульная прадукцыйнасць застаецца «сапраўды ўражлівай» з «высокім лінгвістычным узроўнем».

Некаторыя карыстальнікі задаюцца пытаннем, ці можна выкарыстоўваць праграму ў журналісцкіх мэтах.

Журналіст The National Ян Оксбарау папрасіў нейрасетку напісаць агульны артыкул пра Дубай, і тая адразу ж згенеравала каля 250 слоў тэксту, які заканчваўся словамі: «У цэлым, Дубай — гэта захапляльны кірунак, які прапануе штосьці для ўсіх — ад аматараў вострых адчуванняў да шапаголікаў і тых, хто шукае смак блізкаўсходняй культуры».

Аднак штучны інтэлект можа натрапіць на дэзынфармацыю і падаць яе як факт, і ёсць асцярогі, што ён не зважае на нюансы і можа быць скарыстаны для шкодных запытаў.

«Хоць мы прыклалі намаганні, каб прымусіць мадэль адхіляць недарэчныя запыты, часам яна будзе рэагаваць на шкодныя інструкцыі або паводзіцца неаб’ектыўна», — сказалі ў OpenAI.

ChatGTP і іншыя інструменты штучнага інтэлекту выкарыстоўвае каля траціны прафесіяналаў, каб дапамагчы сабе ў працы, як паказала апытанне Fishbowl — сацыяльнай платформы, што належыць сайту агляду працадаўцаў Glassdoor.

Часцей за ўсё да чат-бота звяртаюцца спецыялісты па маркетынгу і рэкламе — 37%, сярод тэхнічных спецыялістаў станоўчы адказ далі 35%, сярод кансультантаў — 30%.

Чат-бот здаў экзамен MBA ва Уортанскай школе бізнэсу (ЗША)?

Нядрэнны сімулянт, ці не праўда? Праграму выпрабавалі на выпускным іспыце па тыповым асноўным курсе MBA «Кіраванне аперацыямі».

Судырэктар Mack Institute for Innovation Management Крысціян Тэрвіш апублікаваў свае высновы, заявіўшы, што ChatGPT зрабіў выдатную працу па асноўных пытаннях кіравання аперацыямі і аналізе працэсаў, у тым ліку тых, што заснаваныя на тэматычных даследаваннях.

Ці забароненая праграма ў школах Нью-Ёрка?

Так, на фоне асцярог з нагоды бяспекі і дакладнасці падаванага кантэнту.

Школы Нью-Ёрка заявілі, што гэтая тэхналогія будзе забароненая ва ўсёй акрузе, але пэўныя школы ці сайты змогуць запытаць дазвол, каб даць навучэнцам доступ да перадавой тэхнічнай адукацыі.

«З-за асцярог з нагоды негатыўнага ўздзеяння на навучанне дзяцей, а таксама асцярог з нагоды бяспекі і дакладнасці кантэнту доступ да ChatGPT абмежаваны ў сетках і на прыладах дзяржаўных школ Нью-Ёрка», — сказала Джэна Лайл, прэс-сакратарка гарадскога дэпартамента адукацыі.

«Хоць інструмент можа даць хуткія і простыя адказы на пытанні, ён не развівае навыкаў крытычнага мыслення і вырашэння праблем, якія неабходныя для поспеху ў вучобе і ў жыцці».

Настаўнікі ва ўсім свеце, натуральна, занепакоеныя тым, што вучні будуць капіраваць і ўстаўляць у свае працы фрагменты з ChatGPT ці ўвогуле ствараць аўтаматычна згенераваныя работы.

Аднак вучні па-ранейшаму могуць атрымаць доступ да праграмы з дому ці са свайго тэлефона.

Прадстаўнікі OpenAI кажуць, што працуюць над спосабамі ідэнтыфікацыі тэксту, згенераванага ботам.

«Мы не хочам, каб ChatGPT выкарыстоўваўся ў школах ці дзе-небудзь яшчэ, дзе ён ужываецца не для тых мэтаў, для якіх створаны, таму мы ўжо распрацоўваем меры па змякчэнні наступстваў, каб дапамагчы любому ідэнтыфікаваць тэкст, згенераваны гэтай сістэмай», — заявілі ў кампаніі.

З беларускай мовай ChatGPT працуе не вельмі добра, але ўсё адно выдае нейкі кантэнт 

Як працуе ChatGPT?

Калі спытаць у самога ChatGPT, як ён працуе, праграма не зможа растлумачыць.

«Прабачце, але я не знаёмая з ChatGPT, — адказвае яна. — Я моўная мадэль, навучаная OpenAI, і ў мяне няма магчымасці праглядаць інтэрнэт ці даведвацца пра іншыя мадэлі штучнага інтэлекту. Я магу толькі падаць інфармацыю на аснове таго, чаму мяне навучылі, і таго, што я сама магу здабыць з гэтай інфармацыі».

Аднак насамрэч нейрасетка выкарыстоўвае вялікі ўзор тэксту з інтэрнэту, каб даць найбольш рэлевантны адказ на такі запыт.

Сузаснавальнік і выканаўчы дырэктар OpenAI Сэм Альтман заявіў у твітары, што гэта толькі «дэмаверсія таго, што магчыма».

«Хутка ў вас з'явяцца карысныя памочнікі, якія будуць размаўляць з вамі, адказваць на пытанні і даваць парады», — напісаў ён у твітары.

«Пазней можа з’явіцца нешта, што ідзе і выконвае задачы за вас. У рэшце рэшт, вы можаце атрымаць нешта, што ідзе і здабывае для вас новыя веды».

Што сказаў Ілан Маск?

Ён апісаў ChatGPT як «пужальна добры» ў твіце і дадаў, што «мы недалёка ад небяспечна моцнага штучнага інтэлекту».

Потым у пачатку снежня Маск напісаў у твітары, што даведаўся, што OpenAI мае доступ да базы даных Twitter для навучання. «Я пакуль што паставіў гэта на паўзу. Трэба больш даведацца пра структуру кіравання і планы даходаў у будучыні. OpenAI была запушчаная як адкрытая для ўсіх і некамерцыйная праграма. Ні адно, ні другое ўжо не адпавядае рэчаіснасці».

Колькі каштуе OpenAI?

Як паведаміў днямі The Wall Street Journal, кампанія вядзе перамовы аб продажы акцый падчас тэндара на суму каля 29 мільярдаў даляраў.

У справаздачы WSJ гаворыцца, што венчурныя кампаніі Thrive Capital і Founders Fund абмяркоўваюць магчымасць інвеставання ў здзелку, якая будзе ўключаць продаж акцый на суму не менш як 300 мільёнаў даляраў ад цяперашніх інвестараў.

Здзелка амаль падвоіць ацэнку кампаніі ў параўнанні з тэндарнай прапановай у 2021 годзе і зробіць яе адным з самых каштоўных стартапаў ЗША на паперы, нягледзячы на невялікі даход.

Кампанія зарабляе грошы тым, што бярэ плату з распрацоўшчыкаў за ліцэнзаванне сваёй тэхналогіі.

Чат-боты трапляюць у загалоўкі

Свет пільна сочыць за развіццём штучнага інтэлекту, і чат-боты нярэдка трапляюць на першыя палосы выданняў. Так, летась была гучнай навіна пра тое, што Google звольніў старшага інжынера-праграміста Блэйка Лемуана пасля таго, як ён заявіў, што гутарковы чат-бот кампаніі стаў разумным.

Лемуан сцвярджаў, што моўная мадэль Google для дыялогавых праграм (LaMDA), сістэма для стварэння чат-ботаў, ажыла і змагла ўспрымаць ці адчуваць рэчы.

Google заявіў, што супрацоўнік парушыў палітыку кампаніі ў дачыненні да канфідэнцыйных пытанняў і назваў яго сцвярджэнні «цалкам неабгрунтаванымі».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Стась/адказаць/
30.01.2023
Файны iнструмэнт!
31.01.2023
А джаббер через тор никто не побовал?
0
завод/адказаць/
31.01.2023
хх, не, толькі патчылі Kde пад FreeBSD
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031