Знайсці
30.11.2023 / 22:1813РусŁacБел

Беларус адправіўся на вайну пасля выпадковай сустрэчы з Някляевым. У 23 гады ў баі ён страціў нагу. Вось што ён робіць цяпер

Беларус Арцём Кузьміч з пазыўным «Грот» — удзельнік абароны незалежнасці Украіны на Данбасе. У «Азоў» ён трапіў у 2014-м. У 2019-м, у 23 гады, ён страціў на фронце нагу, але вярнуўся на вайсковую службу. Да 2021 года быў інструктарам па падрыхтоўцы спецназаўцаў. А тры месяцы таму адкрыў спартовы клуб для параненых франтавікоў. У вялікай гутарцы з «Нашай Нівай» ён пераасэнсоўвае і сваё мінскае дзяцінства, і пабачанае на зрусіфікаваным Данбасе, і 2020 год. Высновы — самыя розныя.

Арцём Кузьміч. Фота: асабісты альбом Арцёма Кузьміча

«Франтавік ведае, дзе мяжа жыцця і смерці»

Арцёму Кузьмічу цяпер 28. На фронт ён трапіў у 18 гадоў. Кажа, у тым узросце быў маральна гатовы на фронце загінуць. Без асаблівых эмоцыяў успрыняў раненне. Па яго словах, вайна падобная да галівудскага баевіка, толькі ў рэальным баі салдат забіваюць.

Пасля ампутацыі нагі спецназавец скакаў з парашутам, бегаў, ганяў на матацыкле, займаўся скалалазаннем. Але, канечне, раненне абмяжоўвае пераадоленне нагрузак.

Восенню 2020 года Арцём выпадкова наведаў трэніроўку па джыу-джытсу і захапіўся гэтым адзінаборствам. У ім убачыў патэнцыял для рэабілітацыі параненых вайскоўцаў.

«Джыу-джытсу ідэальна пасуе для людзей з ампутацыямі. У гэтым відзе спорту не абавязкова стаяць на дзвюх нагах. Барацьба адбываецца ў партэры. Яе можна адаптаваць пад любую інваліднасць», — тлумачыць ён.

Пра адкрыццё спартовага клубу Арцём задумаўся яшчэ да поўнамаштабнай агрэсіі Расіі. Тады была магчымасць атрымаць фінансаванне ад гарадскіх уладаў Кіева. Планам перашкодзіла вялікая вайна. Ідэю давялося адкласці.

Трэніроўка франтавікоў з ампутацыямі ў клубе TMS HUB. Фота: instagram tms.hub.ukr

Арцём трэніраваўся, удзельнічаў у спаборніцтвах. Пасля адной з сёлетніх перамог уладальнікі ўкраінскай лігі джыу-джытсу TMS прапанавалі яму вярнуцца да свайго праекта. На прыватнае фінансаванне і была адкрытая спартовая прастора для вайскоўцаў і ветэранаў TMS HUB.

На першую трэніроўку 22 жніўня прыйшло 10 чалавек. За тры месяцы колькасць наведнікаў значна павялічылася, і адной залы аказалася замала. Неўзабаве адкрыецца яшчэ адна пляцоўка.

«Ва Украіне дзясяткі тысяч людзей з ампутацыямі, а вайна яшчэ не скончылася», — заўважае Арцём.

У клуб прыходзяць і франтавікі без раненняў. З наведнікамі працуюць псіхолагі, трэнеры, спецыялістка па псіхалагічнай рэабілітацыі.

Арцём Кузьміч на трэніроўцы. Фота: асабісты альбом Арцёма Кузьміча

Арцём кажа, што ад посттраўматычнага разладу цалкам вылечыцца немагчыма. У многім ад самога чалавека залежыць, ці справіцца ён з такой немаччу. У клубе «даюць вуду, а рыбу мае злавіць сам франтавік».

Той, хто пабываў на вайне, ведае, дзе мяжа жыцця і смерці, дадае хлопец. Для салдата не існуе ранейшага свету, і яму трэба навучыцца жыць з новымі адчуваннямі ў новай рэальнасці.

«Калі б Пазняка забіў КДБ, то ён стаў бы беларускім Дудаевым»

Жыццё звычайнага мінскага падлетка, якім быў Арцём Кузьміч, крута змяніў у 2011 годзе тэракт у метро. 15-гадовы хлопец, супаставіўшы тагачасны валютны крызіс з тэрактам, зрабіў выснову, што ён быў выгадны тым, хто хацеў адвесці ўвагу беларусаў ад праблем у эканоміцы.

Гэта паўплывала на стаўленне юнака да рэжыму. Ён не верыў у негвалтоўную барацьбу. Пра гэта для яго сведчылі прыклады звяржэння дыктатарскіх рэжымаў у іншых краінах.

«Існаваў толькі сілавы варыянт, пры якім трэба парушаць закон, рызыкаваць жыццём і воляй, — гаворыць ён. — У той час я быў дужа маладым, каб арганізоўваць рэвалюцыйную ячэйку. Вучыўся супраціву даступнымі спосабамі. Ствараў сябе сам. У сям'і не было аўтарытэту, таму яго знайшоў звонку».

Арцём далучыўся да фанацкага футбольнага руху, каб «загартаваць дух і выхаваць сябе дужым».

Джахар Дудаеў. Архіўнае фота

Яго духоўным настаўнікам стаў лідар чачэнскага супраціву Джахар Дудаеў. У ім убачыў бездакорны аўтарытэт — бо Дудаеў «кінуў выклік таму, хто шматкроць мацнейшы за яго».

«Дудаеў прадракаў вайну Расіі супраць Украіны яшчэ ў 1990-х. Ён разбіраўся ў геапалітыцы, у ім была непахісная вера ў перамогу. Я зразумеў, што нас 10 мільёнаў, а чачэнцаў нашмат меней і яны выступілі супраць Расіі, а чаму гэтага не можам зрабіць і мы», — тлумачыць ён.

Прыклад Дудаева наклаўся на тагачасны юначы настрой Арцёма «змагацца за сваю Беларусь». Галоўнай для хлопца была барацьба за справядлівасць.

Маральнага аўтарытэту ў беларускім пантэоне герояў ён не адшукаў.

Зянон Пазняк. Фота: Наша Ніва

На згадку пра Васіля Быкава і Зянона Пазняка, якія папярэджвалі пра надыход у Беларусі таталітарызму і расійскую ваенную пагрозу, Кузьміч кажа, што ў жыцці Пазняка не бачыў, але пры сустрэчы паціснуў бы яму руку за яго пазіцыю.

Але, лічыць ён, параўноўваць Дудаева і Пазняка немагчыма.

«Гэта велічыні розных маштабаў, — даводзіць былы франтавік. — Калі б Пазняк застаўся ў Беларусі і яго забіў КДБ, то ён бы стаў беларускім Дудаевым, але ён з'ехаў у эміграцыю».

«Важнасць нацыянальнага зразумеў толькі ў 18 гадоў»

Арцём Кузьміч нарадзіўся ў год, калі Лукашэнка праз рэферэндум змяніў нацыянальную сімволіку на падкарэктаваную савецкую ды надаў расійскай мове статус дзяржаўнай.

Важнасць нацыянальнага Арцём зразумеў толькі ў 18 гадоў, пабыўшы паўтара месяца ва Украіне. Там ён заўважыў, што ўкраінцаў ад беларусаў і расейцаў адрознівала іх мова.

На чужыне хлопец задумаўся, чаму ў Беларусі беларускае прыгнечанае.

«Нібы беларуская мова і дзяржаўная, але ў жыцці яе не чуваць. Беларусы адрозніваюцца ад расейцаў хіба тым, што гавораць крыху на іншай расійскай мове, але жорсткай прывязкі, як ва Украіне, да нацыянальнага няма», — згадвае свае роздумы Арцём.

Арцём Кузьміч на пераможным п'едэстале з бел-чырвона-белым сцягам. Фота: сацыяльныя сеткі

У страце нацыянальнай ідэнтычнасці ён бачыць карані цяперашніх беларускіх праблем.

Сам Арцём па-беларуску не гаворыць і тлумачыць гэта тым, што вырас у асяроддзі без беларускай, а слова «нацыяналіст» у ім успрымалася як адно з самых страшных. У школе на беларускую мову і літаратуру адводзілася па дзве гадзіны, якіх было недастаткова, каб стаць беларускамоўным. Але Арцём з сябрамі хадзіў на моўныя курсы ў сядзібу Таварыства беларускай мовы.

Арцём Кузьміч. Фота: асабісты альбом Арцёма Кузьміча

У падлеткавым узросце Арцём палітычнымі падзеямі не цікавіўся. З апазіцыйных палітыкаў таго часу прыгадвае Мікалая Статкевіча і Уладзіміра Някляева.

«Я не хачу прынізіць подзвігу беларусаў, якія секліся з Лукашэнкам у 1990-х і пачатку 2000-х гадоў, але ўлічыце, што я нарадзіўся ў 1995-м і пачаў задумвацца пра жыццё толькі ў 2011-м», — звяртае ўвагу ён.

На яго погляд, украінскі супраціў не параўнальны з беларускімі пратэстамі 2006 і 2010 гадоў.

«На Майдане людзі стаялі насмерць. А ў Беларусі пратэстоўцаў пабілі палкамі і яны разбегліся», — адзначае спецназавец.

Пра вырашальную сустрэчу з Някляевым

Калі ў 2014 годзе Расія напала на Украіну, Арцёму было 18 гадоў. Ён сачыў за Майданам і прагнуў быць сярод удзельнікаў Рэвалюцыі Годнасці.

«Мяне захапіла, што там здзяйсняюцца подзвігі, адбываецца гістарычная падзея на дзесяцігоддзі наперад. Пра герояў Майдану будуць гаварыць і помніць», — згадвае ён.

Хлопец выправіўся ў Кіеў, калі ў абаронцаў Майдану пачалі страляць. У сталіцу Украіны ён дабіраўся праз Расію, бо ў Мінску ў тыя дні білеты не прадавалі.

«Я спазніўся на дзень. Рэвалюцыя перамагла. Улада змянілася. На Майдане ўсё дыміла, але самога руху ўжо не было», — згадвае ён.

Уладзімір Някляеў на Майдане. 2014 год. Фота: сацыяльныя сеткі

Ва Украіне Арцём прабыў паўтара месяца. Там сышоўся з фанатамі футбольнага клуба «Дынама». З імі ўдзельнічаў у акцыях Еўрамайдану ў рэгіёнах.

Калі сітуацыя сцішылася, Арцём вярнуўся ў Беларусь, ссумаваўшыся па ёй. Хлопец хацеў апавесці землякам пра перажытае ва Украіне, папярэдзіць пра набліжэнне «вялікай вайны». У Крыму тады ўжо зʼявіліся «зялёныя чалавечкі».

Пра Майдан, згадвае ён, суайчыннікі ведалі, але гаварылі пра яго як пра «памылку ўкраінцаў», якая прывяла да «страты Крыму».

«Беларусы не былі супраць Украіны, але казалі, што ім не трэба было вы**вацца, бо ў іх і так было ўсё нармальна. Калі чуў тое, то разумеў, што наўрад ці гэта маса людзей захоча ведаць праўду пра Майдан», — адзначае Арцём.

На яго думку, тагачасныя беларусы не былі супраць, каб імі кіраваў Лукашэнка. На яго ўскладалі адказнасць за свой лёс і спадзяваліся, што ён «кепскіх упраўленцаў паставіць на месца, а яны будуць глядзець за тым па тэлевізары».

«Лукашэнка ўспрымаўся як чувак з сяла, якога возяць па заводах, на якіх ён расказвае што правільна, а што не правільна. Яму тады давяралі», — лічыць Арцём.

З двух месяцаў, прабытых на радзіме, палову Арцём прасядзеў у ізалятары на Акрэсціна. Яго ўтрымлівалі ў няволі, пакуль у Мінску праходзіў чэмпіянат свету па хакеі.

Пабачыўшы «апатычную» Беларусь, Арцём задумаў вярнуцца ва Украіну. Кропку ў яго ваганнях паставіў Уладзімір Някляеў, якога будучы беларускі добраахвотнік сустрэў у цэнтры Мінска. У палітыка ён запытаў, што трэба рабіць моладзі для Беларусі.

«Ён адказаў: калі вы, малады чалавек, для гэтай краіны гатовы на ўсё, то адзіны рэальны фронт у барацьбе за свабоду Беларусі — ва Украіне. Калі мы дапаможам украінцам адстаяць тэрытарыяльную цэласнасць, дамо пад дых Маскве, то, апынуўшыся сам-насам з Лукашэнкам, разбяромся з ім», — пераказвае словы Някляева былы спецназавец.

Загінулыя пабрацімы Арцёма Кузьміча: Аляксей Скобля (злева) і Ілля Хрэнаў. Калаж з фота: сацыяльныя сеткі

Гутарыў з Някляевым тады і аднакласнік Кузьміча — Ілля Хрэнаў. У 2022 годзе ён загіне, баронячы прыгарад Кіева — Бучу. Ілля больш вядомы сваім пазыўным «Літвін».

«Іллі было сорамна, што ён не быў на Майдане. Ва Украіну мы паехалі ўдвух. 22 чэрвеня 2014 года мы ўжо былі байцы палка «Азоў» са зброяй у Марыупалі», — расказвае Арцём.

«Рашысцкі Данбас» і «разбурэнне вобразу змагарнай Украіны»

У «Азове» Арцём Кузьміч ваяваў паўтара года, а ў 2016-м трапіў у армейскі спецназ, дзе пазнаёміўся з Аляксеем Скоблем. Ва Украіну Аляксей прыехаў, пабачыўшы Арцёмава відэа, запісанае ў 2014 годзе. Скобля загіне ў 2022 годзе і пасмяротна атрымае званне «Герой Украіны».

Арцём кажа, што захоўвае рукапісы сябра і некалі іх прыадкрые.

Аляксей накладаў лангет на Арцёмаву нагу, калі ён падарваўся на міне.

«Я ведаў, на што ішоў, ад моманту, калі ў 2011-м даведаўся пра выбухі ў метро, таму быў гатовы да таго, што са мною здарылася ў 23 гады», — кажа Арцём пра сваё раненне.

Арцём Кузьміч пасля ранення ў эвакуацыйнай машыне. Фота: асабісты альбом Арцёма Кузьміча

Пасля 4 месяцаў лячэння камандаванне сіл спецыяльных аперацый прапанавала беларусу пасаду інструктара ў вучэбным цэнтры. На працягу двух гадоў ён адбіраў і рыхтаваў байцоў для армейскага спецназа.

На фронце яму даводзілася гутарыць з захопленымі ў палон мабілізаванымі байцамі з «ДНР» і «ЛНР». Гэта было «мужыччо, вымуштраванае расійскімі інструктарамі».

«Яны не лічылі сябе ментальна ўкраінцамі. Іх паводзіны, звычкі былі не ўкраінскімі. Савецкі Саюз, Расія пастаралася зрабіць з іх рашыстаў. Гэта была працяглая гістарычная праца», — кажа Арцём.

18-гадовы Арцём Кузьміч у палку «Азоў». Фота: асабісты альбом Арцёма Кузьміча

Пасля баявых заданняў Арцём бываў у Кіеве, і ўбачанае ў сталіцы разбурала вобраз змагарнай Украіны. Гараджане не былі заклапочаныя тым, што рабілася на ўсходзе, дзе гінулі салдаты.

«Калі першы раз трапіў у Кіеў з фронту ў 2014 годзе, то бачыў шмат мужчын прызыўнога ўзросту, якія не рыхтаваліся да вайны. Яны стараліся не згадваць пра яе. Не задумваліся пра тое, што патрэбны вялізны рэсурс, каб усё адваяваць», — гаворыць Арцём.

Па яго словах, цяпер многія ўкраінцы, якія ўзялі зброю ў 2022 годзе, наракаюць на тое ж самае.

«Украіна не будзе вызваляць Беларусь»

Да поўнамаштабнай расійскай агрэсіі Арцём Кузьміч быў гатовы. Не здзівіў яго і заход расійскага войска з тэрыторыі Беларусі.

Ён перакананы, што ў 2020 годзе непрадуманыя дзеянні апанентаў пазбавілі Лукашэнку манеўру і ён вымушаны быў падпарадкавацца Пуціну.

2020 год. Міліцэйскі спецназ «назірае» за пратэстамі. Фота: Наша Ніва

На думку суразмоўцы, змяніць у Беларусі існуючы рэжым і дамагчыся свабоды ў 2020 годзе было немагчыма, бо гэтага б не дазволіў пуцінскі рэжым.

«Трэба выходзіць на бой, калі разумееш, што гатовы памерці за свае ідэалы, а ад размахвання шарыкамі і стварэння прыгожай карцінкі толку няма. Мой шчыры паклон беларусам, якія загінулі ў 2020 годзе. Гэта героі Беларусі. Мая павага тым, хто сядзіць у турмах. Але загнанаму ў кут Лукашэнку давялося выканаць патрабаванне Пуціна, якому трэба было зайсці ва Украіну з Беларусі», — настойвае Арцём.

Ён нагадвае, што на расійскае ўварванне з Беларусі Украіне давялося мабілізоўваць вялізны вайсковы рэсурс для абароны Кіева. Акупацыя паўднёвых рэгіёнаў — наступствы «кіеўскай кампаніі».

Для Арцёма Кузьміча Беларусь ужо «частка Расійскай Федэрацыі», а ва Украіне цяпер сабраліся найлепшыя беларусы. Ён дыстанцуецца ад суайчыннікаў, якія «сядзяць у Еўропе і нечага чакаюць». 

«Для мяне лідары кшталту Ціханоўскай, як той жа Лукашэнка — ворагі беларускага народу. Абставіны сапраўды могуць прывесці да таго, што лепей з краіны ўцякаць. Але калі пачалася вайна і з тэрыторыі Беларусі адбылося подлае ўварванне, то задача лідара заклікаць беларусаў да адваявання сваёй зямлі», — даводзіць сваю пазіцыю Кузьміч.

Спецназавец перакананы, што Украіна не будзе вызваляць Беларусь, нават калі ёй удасца выйсці на межы 1991 года.

Арцём Кузьміч. Фота: асабісты альбом Арцёма Кузьміча

Калі тое адбудзецца, спрагназаваць немагчыма. Ён дапускае, што вайна можа расцягнуцца на дзясяткі гадоў. За гэты час невядома, што будзе з Беларуссю.

«Заход у Беларусь узброеных падраздзяленняў з Украіны цяжка ўявіць», — мяркуе Арцём.

Для вызвалення Беларусі, лічыць ён, трэба 50—100 тысяч вайскоўцаў. Для 10-мільённай краіны гэта не праблема, але былы франтавік сумняваецца, што беларусы ў эміграцыі гатовыя вызваляць Беларусь са зброяй у руках. Тыя, хто гатовыя, ужо ва Украіне. На яго думку, беларуская нацыя адродзіцца з той тысячы добраахвотнікаў, якія ва Украіне ўжо ваююць супраць Расіі.

Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», падтрымайце нас праз Патрэон. Тады мы будзем здольныя зрабіць больш.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

У бацькоў беларускіх байцоў батальёна «Азоў» прайшлі вобшукі 

«Магчыма, нам не прыйдзецца ехаць у Беларусь на танках. Можа, усё вырашыцца само сабой». Вялікае інтэрв'ю з камандзірам палка Каліноўскага

Баец «Кусь» з Палка Каліноўскага — аб працы на чыгунцы і ў БРСМ, выпрабаванні вайной і выбары паміж палонам і смерцю 

Хроніка выбухаў у Беларусі: 1997-2011 

Васіль Вашчыла

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
78
Панылы сорам
17
Ха-ха
8
Ого
4
Сумна
10
Абуральна
29
2
бабруйчанін/адказаць/
03.12.2023
Влад, Як адрозніваеш адєкват ці ні адєкват??Кожны раз ад стану на гэты час настроя?? Чым мара " шкварка чарка" " каб ні было вайны" адрозніваеца ад " амераканскай мары" ?? Абьемам напауненнем чаркі маркай ауто?? Падзеі вакол Беларусі і ні толькі адмауляюць твой " касмапалітызм - інтєрнацыоналізьмь" як і " ні юудєя ні єліна" І
0
Игорь/адказаць/
04.12.2023
Влад, поэтому мы до сих пор рабы...
0
бабруйчанін/адказаць/
04.12.2023
Игорь, Вам 100 год таму і Вадіму ваш Чєхау казал Выціскайце з сябе раба.Як выннік ?? Бачу усе тыя у тым жа..месте вместе
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031