Знайсці
19.02.2024 / 00:373РусŁacБел

Ясень — любімае дрэва Сцяпана Латыпава

Гэтае дрэва адыгрывала выключную ролю ў міфалогіі старажытных славянаў, балтаў, скандынаваў і кельтаў. І ў побыце таксама. Пра яго — і пра палітвязня Латыпава, аднаго з тых, каго асабліва мучаць лукашысты — піша доктар гісторыі Алесь Белы.

Гэтым відэа, прысвечаным ясеню, Сцяпан Латыпаў, тады вядомы толькі вузкаму колу кліентаў як прафесійны альпініст-арбарыст, у 2016 годзе адкрыў серыю адукацыйных фільмаў «Гісторыя дрэваў». Гэта пазней ён стане вядомым усёй Беларусі як стваральнік славутай мінскай «Плошчы пераменаў» і адзін з галоўных герояў пратэстнага 2020 г.

Ясень, як прызнаецца ў гэтым сюжэце Сцяпан — ягонае любімае дрэва. І не толькі ягонае. Выключную ролю адыгрываў ясень у міфалогіі старажытных славянаў, балтаў, скандынаваў і кельтаў. 

Род Ясень (Fraxinus) налічвае каля 65 відаў. У Беларусі, асабліва на Палессі, пашыраны ясень звычайны (Fraxinus excelsior). Ён расце на багатых сырых глебах у дубровах і алешніках, часам утварае ясянёвыя лясы. У батанічных садах і парках сустракаецца 11 інтрадукаваных відаў. Для параўнання — ва Украіне ў дзікай прыродзе сустракаецца 9 відаў ясеня.

Гучыць мо нечакана, але яно належыць да сямейства Маслінавыя (Oleaceae). Як, дарэчы, і іншы госць з поўдня — бэз.

Глыбінныя вераванні, звязаныя з ясенем, у большасці еўрапейскіх народаў досыць падобныя, а назвы гэтага дрэва — аднакарэнныя. Па-літоўску úosis, па-польску jesion, па-нямецку Esche, па-англійску ash, па-ірландску fhuinseog, на лаціне osis. Гэта доказ таго, якое важнае месца займалі вырабы з ясеневай драўніны у хатняй гаспадарцы нашых продкаў, а таксама ў іх вайсковай справе.

Сусветнае дрэва (дрэва жыцця) у германа-скандынаўскай міфалогіі — гэта менавіта велічэзны ясень Ігдрасіль (Yggdrasil). У выглядзе якога скандынавы сімвалічна ўяўлялі сабе ўвесь Сусвет. Даслоўна «Ігдрасіль» азначае «скакун Іга» (Іг — адзін з эпітэтаў Одына, вярхоўнага бога скандынаваў).

Існуе меркаванне, што імя паказвае на эпізод здабычы рун Одынам, калі ён правісеў, прыбіты да Сусветнага дрэва, дзевяць сутак (3х3 — старажытны сакральны лік). Кап’ё Одына таксама было зробленае з ясеня.

Сусветнае дрэва Ігдрасіль у германа-скандынаўскай міфалогіі гэта таксама ясень. Малюнак мастака Олуфа Багэ

«Відмо Гюльві» — першая частка «Малодшай Эды» Сноры Стурлусана, якая апавядае аб стварэнні і разбурэнні свету скандынаўскіх багоў, кажа пра мудрага арла (Örn) на верхавіне ясеня, між вачэй якога сядзіць каршак Ведрфельнір (Veðrfölnir), пра чатырох аленяў (Даін, Двалін, Дунэйр, Дуратрор) на яго галінах і пра дракона Нідхёг (Níðhöggr) у калодзежы Хвергельмір, які падгрызае яго карэнне. А з-пад каранёў сусветнага ясеня б'е крыніца мудрасці Урд. Вавёрка Рататоск (Ratatoskr), якая скача па дрэве, няспынна пераносіць весткі ад арла да дракона. У «Старэйшай Эдзе» ёсць такія радкі: 

Не ведаюць людзі, 
якія нягоды ў ясеня Ігдрасіль: 
карані есць Нідхёг, 
верхавіну — алень, 
ствол гіне ад гнілі.

У гэтым сімвалізме можна прачытаць намёк на крохкасць, нетрываласць нашага сусвету і кожнага чалавечага жыцця. У народнай міфалогіі беларусаў таксама захаваліся сляды гэтага агульнаеўрапейскага культу. У замове ад сліўня (змяі): «над кіянам-морам стаіць ясен, на ўсё мора красен». Пад ім «ляжыць слівень слівішчовы і яшчар-кашчар».

Старажытна-англійскае слова æsc «ясень» азначала таксама кап'ё, якое рабілі з гэтага дрэва, а старажатна-скандынаўскае askr — яшчэ і лёгкія манеўраныя караблі вікінгаў, якія абшываліся добра высушанымі і вытрыманымі ясеневымі дошкамі. Ясеневымі ж вёсламі яны часцей за ўсё і граблі. Так што невыпадкова, што флот і войска вікінгаў, якія наводзілі жах на старажытна-англійскія каралеўствы, дый на добрую палову Еўропы, называлі ashmen — «ясеневыя людзі». Тым больш, што з ясеня ж часта рабілі іх лукі і стрэлы.

Граф Мантгомеры смяротна раніць на турніры французскага караля Генрыха ІІ кап'ём з ясеню. Карціна Эдуарда Дэтайля

Дзіда з ясеню сустракаецца і ў «Іліядзе» Гамера, яе ўладальнікам там выступае славуты герой Ахілес. Ну, і як апавядае Сцяпан Латыпаў у відэа, з якога распачаўся гэты нарыс, абломкам такога кап’я ў 1559 годзе быў выпадкова забіты на турніры французскі кароль Генрых ІІ. Традыцыя вырабу коп’яў, дзідаў і ашчэпаў з ясеня, дзякуючы ягонай пругкай і трывалай драўніне, аказваецца на дзіва доўгажывучай, і налічвае некалькі тысячаў гадоў.

У міфалогіі кельтаў ясень адыграваў досыць падобную сакральную ролю. Ён лічыўся вядзьмарскім дрэвам, змесцівам сусветнай мудрасці. З яго выразалі магічныя посахі. Напрыклад, посах Гандальфа з «Валадара пярсцёнкаў» Толкіна — зроблены з ясеня.

Гандальф пасля перараджэння атрымаў посах з белага ясеню. Кадр з фільма «Валадар пярсцёнкаў»

Звычайна менавіта ясень выкарыстоўваўся ў якасці цэнтральнай Майскай тычкі ў танцах і цырымоніях свята Белтэйн (1 траўня). Кельцкія ведзьмы — рэальныя ці прыдуманыя — рабілі дрэўкі сваіх мётлаў з гэтага святога дрэва. Ясень у іх быццам сімвалізаваў вось сусвету.

Ясень — сімвал трэцяга (з 13-ці) задыякальных месяцаў старажытнага кельцкага календара — кожны з якіх прысвечаны якому-небудзь дрэву ці кусту.

У нашым сучасным календары гэта час ад 18 лютага да 17 сакавіка. Лічыцца, што народжаныя пад гэтым знакам, — адзначаныя яскравай уявай, інтуіцыяй і артыстычнымі здольнасцямі, і з іх часта выходзяць смелыя, нетрывіяльныя мысляры.

Разам з дубам, ясень быў адным з галоўных сакральных дрэваў і ў старажытных славянаў. Яму прыпісвалі здольнасць адводзіць маланкі, з-за чаго яго звязвалі з багамі грому. У вядомай літоўскай народнай казцы «Яліна — каралева вужоў» у галоўнай гераіні дзеці — магутныя сыны дуб і ясень і палахлівая дачка асіна. Дуб і ясень у фальклоры звычайна выступаюць у апазіцыі адзін да аднаго, яны не любяць расці побач. (Гэта тлумачаць выдзяленнем ясенем фітатаксічных рэчываў, якія прыгнятаюць рост іншых дрэваў.)

Пагібель ясеню

Cухавяршыннасць ясеню. Фота: Forest Research

На жаль, колькасць ясеняў у сучаснай Еўропе імкліва меншае, як быццам збываецца змрочнае прароцтва пра Ігдрасіль. Іх хвароба, гэтак названая «халара» (Chalara), або «сухавяршыннасць», была ўпершыню заўважаная ва Усходняй Еўропе ў 1992 годзе, а да 2016 года яна закранула амаль 2 мільёны кв. км. ва ўсёй Еўропе.

Халара выклікаецца грыбком Hymenoscyphus fraxineus — спачатку ён забівае лісце дрэў, затым галіны і, нарэшце, усё дрэва. Не меншую пагрозу для ясеню уяўляе і смарагдавы вузкі жук, які трапіў у Еўропу з Азіі. Дарослы жук мала шкодзіць ясеню, але яго лічынкі, якія жывуць пад карой і ў драўніне, могуць забіць дрэва. 

Беларускі ясень

У сучаснай Беларусі ясень займае менш за 0,4% ад плошчы усіх пасадак дрэў, і гэтая доля хутка змяншаецца. Сёння, па сутнасці, прамысловую драўніну ясеня ў краіне ўжо немагчыма знайсці. Шкада, бо ясень вельмі прыгожае дрэва. Скрозь прасветы паміж парамі лісцікаў лёгка пранікаюць сонечныя прамяні, робячы лісце як бы празрыстымі, налітымі святлом; да таго ж у ясеня светлая кара. Таму народная этымалогія выводзіць назву «ясень» ад прыкметніка «ясны».

Ясень. Фота Photo by Markus Scholz / picture alliance via Getty Images

У міфалогіі славянаў і балтаў, хаця і не такой распрацаванай як скандынаўская і кельцкая, ясень займае вельмі важнае сімвалічнае месца.

У літоўскай міфалогіі ясень звычайны (Uosis) — дрэва справядлівасці. Ён дапамагае зразумець нашае прызначэнне, часам яго энергія абуджае празорлівасць, дазваляе спазнаць будучыню, але дапамагае толькі тым, хто шчыра жадае ведаў.

У адной старажытнай літоўскай песні спяваецца, што багі пасля смерці ператвараюць у ясень мужчынаў, вядомых справядлівасцю і сумленнасцю. Магчыма, такіх, як Сцяпан Латыпаў. 

У Беларусі даволі шмат вёсак носяць назву «Ясень»: у Асіповіцкім, Астравецкім, Кармянскім, Пружанскім, Уздзенскім раёнах. У Бабруйскім — Ясень-Каменка. Была яшчэ вёска Ясені ў Брагінскім раёне, адселеная пасля Чарнобыльскай катастрофы. І яшчэ некалькі хутароў і леснічовак. Ясна, што такія назвы звычайна давалі паводле вялікага і шанаванага ясеня, які там некалі рос. (Ясень звычайны жыве да 250 гадоў і можа дасягаць вышыні 50 м).

У беларусаў існавала павер’е, што ясень беражэ ад змей, таму яго стараліся садзіць каля сядзібы. Іншай прычынай, чаму ясень саджалі каля хаты, была яго здольнасць «дрэніраваць» вільготныя месцы дзякуючы магутнай каранёвай сістэме. З той жа прычыны яго высаджвалі ўздоўж дарог і ў прысадах, што вялі да сядзіб.

Драўніна ясеня — цяжкая і цвёрдая. Яе трываласць на разрыў і згін перавышае трываласць драўніны дуба. Праўда, мае значна горшую ўстойлівасць да вільготнасці і перападаў тэмператур. Менавіта ясень лічыцца лідарам па ўстойлівасці вырабаў да дэфармацый, вытрымлівае сур'ёзныя механічныя нагрузкі, а таксама характарызуецца высокім узроўнем пластычнасці і выдатнымі эстэтычнымі якасцямі.

Магчыма, менавіта шырокае выкарыстанне ясеня для вырабу зброі і важных прадметаў побыту ў старажытныя часы спрычынілася да фармавання важнага месца дрэва ў міфалогіі еўрапейскіх народаў.

Старажытныя наўгародцы выраблялі лукі з пяці ясянёвых пласцін, змацаваных касцяным клеем. Вялікай папулярнасцю карыстаўся посуд з ясеню. Пры вырабе мэблі ясень па прыгажосці тэкстуры прыраўноўваўся да чорнага і чырвонага дрэва. З ясеня гнулі лыжы, абручы, каромыслы, рабілі вёслы і абады колаў. 

Цалкам магчыма, што колы на гэтым малюнку Міхала Эльвіра Андрыёлі зробленыя менавіта з ясеню.

З ясеню у Беларусі і Літве рабілі ночвы, верацёны, калыскі. А яшчэ зубы для драўляных грабляў.

Для таго, каб жанчыне апрануць на галаву намітку, з галінкі ясеня (або распластанай лазы) рабілі «падвічку» — дапаможны абручык шырынёй у далонь і памерам у абхват галавы.

Літоўцы (і здаецца, славяне таксама) верылі што крыжы па памерлым мужчыну трэба рабіць з «мужчынскіх» дрэў (ясень, дуб, клён), а па жанчыне — з «жаночых» (вольхі, сасны, ліпы, яліны).

Цяпер з ясеня робяць жэрдкі для гімнастычных брусаў, гоначныя вёслы, высакаякасныя лыжы, кіі для більярда, бейсбольныя біты, якасны паркет.

Попел з драўніны ясеню — рэкардсмен па ўтрыманні калійных соляў. Эмпірычным шляхам нашы продкі дайшлі да таго, што гэта найлепшае ўгнаенне, калі яшчэ не ведалі пра існаванне і значэнне калію для ўрадлівасці сельскагаспадарчых культур. Па англійску слова ash азначае і «ясень» і «попел». А ў трэцім Літоўскім статуце запісана: 

«А цана або плата за дрэва, як гвалтам, так i па-зладзейску пасечанае, павiнна быць такой за кожнае дрэва: а менавіта за дуб, прыдатны для бондарскiх вырабаў, — капу грошай; за бярозу, вяз i ясень, прыдатных на попел, — па восем грошай.»

А вось з грыбных нарастаў на дубе або ясені — рабілі добра высушаныя кноты, з дапамогай якіх, і яшчэ крэсіва, здабывалі агонь, калі яшчэ не было запалак.

Некаторыя славутыя ясеневыя дрэвы Беларусі і Літвы

Жамыслаўскі ясень

Жамыслаўскі ясень. Фота Wikimedia Commons

Жамыслаўскі ясень — батанічны помнік прыроды «рэспубліканскага значэння» ў былым маёнтку Умястоўскіх Жамыслаўль у Івейскім раёна Гродзенскай вобласці.

Рэдкая для Беларусі форма ясеня пенсільванскага (Fraxinus pennsylvanica 'Aucubaefolia') з жоўта-плямістым лісцем. Вышыня дрэва каля 17 м. Ахоўны статус нададзены ў 1972 годзе. Шкада, дарэчы, што статус «рэспубліканскага значэння» так і застаўся ў Беларусі без зменаў з часоў СССР. Так і не асмеліліся людзі тутэйшыя замахнуцца на ўзровень нацыянальнага

Малады ясень у старым у парку Жылібера ў Гродне

Гадоў 7 таму грамадскасць Гродна змагалася за захаванне старога ясеня ў парку Жылібера. Яго ў выніку ўсё ж спілавалі. Але, кажуць, у пазасталы пень пасадзілі малады ясень, які ўжо паспеў трошкі вырасці.

Самы высокі ў Літве «Ведзьмаў ясень» (Raganos uosis) расце ў Плацелях (Жэмайцкі нацыянальны парк, недалёка ад Цельшаў). Ён мае вышыню 32 м і 7,30 м у ахопе. А другое месца па памерах займае ясень з парк сядзібы ў Вейсеях у Дзукіі, недалёка ад беларускай мяжы. Яго вышыня 30 м, а ахоп — каля 5. Яму больш за 200 гадоў. 

Да эміграцыі я жыў недалёка ад «Плошчы Пераменаў», створанай Сцяпанам Латыпавым і яго паплечнікамі з суседніх дамоў-слупкоў, заціснутых паміж вуліцай Чарвякова і Сморгаўскім трактам, і часта там бываў. Некалькі разоў сам быў сведкам, як ён стаяў, прыціснуўшыся спінай да трансфарматарнай будкі з «экстрэмісцкім» муралам, і рашуча патрабаваў ад баязлівых мянтоў: пакажыце вашы дакументы! Пару разоў нават давялося перакінуцца з ім парай слоў. І цяпер магу засведчыць асабіста: Сцяпан сапраўды зроблены з самага якаснага ясеню. І няхай беражэ яго бог, бо такія людзі ў 1000 разоў даражэйшыя за роўную ім вагу золата. Як напісана на крыжы Еўфрасінні Полацкай: Чьстьное дрѣво бесцѣньно есть.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Надакучылі туі? Вось з чаго яшчэ можна рабіць класныя зялёныя агароджы

Цыкорыя: кава для бедных ці напой самых здаровых людзей?

Кмен — старажытны суперфуд беларусаў. Гісторыя і рэцэпты

Каноплі: складаная гісторыя стаўлення дзяржаў да іх

Алесь Белы

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
35
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
3
0
Локі/адказаць/
19.02.2024
Прыгожы артыкул. Сапраўды апошняе дзесяцігоддзе малады ясень гіне з-за грыбкоў-мігрантаў з азіі. Праз 30 гадоў маладога дзікага ясеню можам не сустрэць. Шыкоўны матэрыял для мэблі. Троху твярдзейшы за дуб, больш пластычны і не такі порысты і крохкі. "Аліўкавасць" драўніны мае прыемны пах і алеяваны бляск. Дуб жа горкі, порысты і шмат дубільных рэчываў утрыілівае. Добрая альтэрнатыва - клён. Але клён не мае такіх прыгожых выразных валокнаў і шэра-ружаватага колеру. Ясень знікае і ўсё меньш моцных, прыгожых людзей.
0
Заўзятар/адказаць/
19.02.2024
Артыкул амаль магічны. Дзякуй, Майстра аўтар
0
Gorliwy Litwin/адказаць/
20.02.2024
Заўзятар,  фактычна я і спрабую звярнуцца да "магіі ясеня", у нейкім сэнсе, каб уратаваць Сцяпана Латыпава. Дакладней, звяртаюся я да Усявышняга, але спрабую пры пасярэдніцтве Ясеня. Калі звяртаюцца праз пасярэдніцтва святых, заслужаных людзей, дык можа быць, можна і так, праз дрэвы?

насамрэч аўтарскае заканчэнне артыкулу гучала крыху інакш:

І цяпер магу засведчыць асабіста: Сцяпан сапраўды зроблены з самага якаснага ясеню, з Сусветнага Дрэва. І няхай беражэ яго Алах, адзіны для нас усіх Б-г Усемагутны, бо такія людзі ў 1000 разоў даражэйшыя за роўную ім вагу золата. Як напісана на крыжы Еўфрасінні Полацкай: Чьстьное дрѣво бесцѣньно есть
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930