БАТЭ не змог выйграць у «Црвены Звезды»: шанцы на плэй-оф блізкія да нуля
БАТЭ і «Црвена Звезда» згулялі ўнічыю ў матчы 5-га тура Лігі Еўропы — 0:0. І гэта той вынік, што не пайшоў на карысць беларусам. Рэч у тым, што «Кёльн» сенсацыйна перамог «Арсенал» (1:0), і БАТЭ наогул апусціўся на апошняе месца ў групе.
Беларуская каманда мела толькі адзін супермомант — Віталь Радзівонаў аддаў мяч пад удар Міхаілу Гардзейчуку. Гледачы ўжо паўскоквалі з месцаў, каб святкаваць гол, але мяч паляцеў міма.
А вось сербы маглі забіваць тройчы. Аднойчы беларусаў выратавала перакладзіна, пасля брамнік Шчарбіцкі здолеў адбіць удар галавой зблізку. Ну а літаральна за некалькі секунд да канца матча, калі Шчарбіцкі ўжо застаўся па-за эпізодам, футбалісты БАТЭ вынеслі мяч з лініі варот.
Такім чынам, безгалявая нічыя. Па асабістых сустрэчах БАТЭ будзе вышэй за «Црвену Звезду» ў выпадку роўнасці балаў, аднак дасягнуць гэтай самай роўнасці для беларусаў будзе надзвычай складана.
Турнірная табліца цяпер выглядае наступным чынам:
Арсенал — 10, Црвена Звезда — 6, Кёльн — 6, БАТЭ — 5.
У апошнім туры 7 снежня БАТЭ гуляе з «Арсеналам» у гасцях, а сербы прымаюць «Кёльн».
Каб выйсці ў 1/16 фіналу Лігі Еўропы, БАТЭ трэба перамагаць у Лондане і маліцца на нічыю ў матчы «Црвена Звезда» — «Кёльн». Вось такая арыфметыка.
Што праўда, «Арсенал» выйшаў ужо ў плэй-оф і не будзе мець 100% матывацыі.
Нагадаем, што БАТЭ цягам турніру выйграў дома ў «Кёльна» (1:0), прайграў у гасцях немцам (2:5), прайграў дома «Арсеналу» (2:4), згуляў двойчы ўнічыю з сербамі (1:1, 0:0).
***
Сербскую каманду падтрымлівала вялізная колькасць фанатаў, прыехалі і расійскія заўзятары.
фоты Сяргея Гудзіліна.





