Знайсці
04.06.2022 / 09:151РусŁacБел

Былога маладафронтаўца ў Варшаве вінавацяць у працы на Расію. Сам ён сцвярджае, што «выказвае меркаванне»

Польскі Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзін падаў скаргу ў пракуратуру на грамадзяніна Беларусі Арцёма Дубскага. Польскія праваабаронцы вінавацяць былога сябра «Маладога фронту» ў цкаванні ўкраінцаў, пагрозах фізічнай расправы і сувязях з прарасійскімі сіламі. «Радыё Свабода» выслухала яго самога і польскі бок.

Арцём Дубскі

У сярэдзіне 2000-х Арцём Дубскі ўзначальваў суполку «Маладога Фронту» ў родных Асіповічах. Быў фігурантам гучнай справы «14-ці», у рамках якой моладзевых актывістаў судзілі за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Мінску. Пэўны час жыў ва Украіне, пасля вяртання ў Беларусь трапіў у турму, а пасля выхаду ў 2010-м зноў накіраваўся ва Украіну.

Увосень у кватэры, дзе ён жыў, адбыўся вобшук. Украінскія сілавікі шукалі наркотыкі і зброю, пасля трох сутак Дубскага вызвалілі без выстаўлення абвінавачання.

Пасля гэтага ён спрабаваў праз ААН дамагчыся міжнароднай абароны ад украінскіх і беларускіх сілавікоў. А ў наступным годзе з'ехаў жыць у Польшчу.

У Польшчы, як кажа пра сябе Дубскі, палітыкай ён не цікавіцца, займаецца бізнэсам і блогерствам. Нядаўна ўрывак аднаго з відэа Дубскага паказала БТ. На ім былы сябра «Маладога фронту» абзывае бандэраўцамі ўкраінцаў, якія прыйшлі да помніка савецкім салдатам у Варшаве пратэставаць супраць удзелу расійскага пасла ва ўрачыстасцях з нагоды 9 мая.

Жанчыне, якая трымае ўкраінскі сцяг, ён кажа: «Вам не сорамна стаяць з гэтым нацызмам?» На ютуб-канале Дубскага публікуецца шмат ролікаў, у якіх ён крытыкуе ўкраінцаў або захапляецца літарай Z (сімвал расійскага ўварвання ва Украіне), убачанай на вуліцы ў Варшаве.

Як расказаў Свабодзе Рафал Гавэл з Цэнтра маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзін, яны зацікавіліся асобай Дубскага пасля таго, як да іх звярнуліся беларускія апазіцыянеры ў Варшаве, абураныя дзеяннямі свайго земляка.

Гавэл: Яны расказвалі, што ён паводзіць сябе правакацыйна, цкуе ўкраінцаў, называе іх публічна фашыстамі і супрацоўнічае з польскімі прарасійскімі нацыяналістамі. На ягоным жа відэа бачна, як ён публічна абараняе пасла Расіі і нападае на савецкіх могілках на ўкраінцаў, якія выступаюць супраць расійскай агрэсіі. Паводле нашых звестак, правакатар Арцём Дубскі толькі што вярнуўся з Беларусі, дзе яго два тыдні бачылі на сустрэчах з беларускімі спецслужбамі. Калі з'явілася інфармацыя пра гэтыя кантакты, ён прыдумаў казку пра яго нібыта арышт беларускай выведкай і вызваленне праз два тыдні».

Мы паразмаўлялі і з Арцёмам Дубскім. Ён сцвярджае, што сапраўды быў нядаўна ў Беларусі, дзе сустракаўся са сваякамі. 11 мая яны нібыта паехалі ў Мінск, дзе Дубскага, паводле ягоных словаў, затрымалі, збілі, пасля чаго адвезлі на допыт у КДБ.

На ноч яго адпусцілі дадому ў Асіповічы пад абавязанне вярнуцца на наступны дзень. 12 траўня ён паехаў у КДБ і з таго часу на сувязь не выходзіў, а празь пяць дзён сваякам паведамілі, што ён на Акрэсціна.

«Гэта няпраўда, што я нідзе не сядзеў і прыдумаў казкі, — кажа Дубскі.

Чалавека, які так кажа, не было там, калі мяне бралі і калі я сядзеў. Гэта з той жа серыі, каб я сказаў, што Ціханоўскі цяпер не ў турме, а на Кубе адпачывае. Яны проста помсцяць мне, бо я раскрытыкаваў іх дзейнасць».

Летась Дубскі сапраўды звяртаўся ў Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзін. Тады ў якасці пацярпелага, у сувязі з інцыдэнтам у варшаўскім метро, дзе ў яго адбыўся канфлікт з кандуктарамі. Пра здарэнне тады пісала польская прэса. Пасля таго як кантралёры пачулі акцэнт Дубскага, яны пачалі яму пагражаць. Гэта і стала прычынай звароту ў Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзін. Што адбылося пасля, расказвае прадстаўнік Цэнтра Гавэл.

Гавэл: Мы яго прынялі і растлумачылі, што зможам дапамагчы, але мусім дачакацца, пакуль свой разбор завершыць паліцыя. Ён пасля прыйшоў яшчэ некалькі разоў, але быў страшна незадаволены і называў нас фашысцкай арганізацыяй. А потым апублікаваў допіс, у якім пагражаў абліць сернай кіслатой супрацоўнікаў нашага цэнтра. Мы пра гэта ўжо паведамілі ў пракуратуру Варшавы.

Гавэл звяртае ўвагу на адно відэа Дубскага, дзе ён кажа, што паедзе ў Расію і будзе звязвацца з сіламі, якія ваююць ва Украіне. Апрача таго, паводле прадстаўніка Цэнтра маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзін, Дубскі неаднаразова публічна хваліў прадстаўніка неафашысцкай прарасійскай арганізацыі Войцеха Альшанскага, супраць якога ў Польшчы ўзбуджана пяць крымінальных спраў. Адзін з эпізодаў датычыць нападу на беларусаў, якія пратэставалі супраць Лукашэнкі. У інтэрв'ю Свабодзе Дубскі сказаў, што лічыць погляды Альшанскага «здаровым патрыятызмам».

«Раней Дубскі дзейнічаў на карысць руху антыпрышчэпачнікаў у Польшчы, — кажа Гавэл. — Ён здымаў ролікі, сварыўся з паліцыянтамі, якія прасілі яго надзець маску. Яго ролікі мелі па паўмільёна гледачоў. Гэты рух быў прасякнуты расійскімі ўплывамі, і яго мэтай былі пратэсты і беспарадкі. Іх фінансавалі людзі, звязаныя з Масквой.

Уся тактыка Расіі ў нашым рэгіёне — выклікаць беспарадкі. І Дубскі ідэальна сюды ўпісваецца.

Чаму ж яго блогерская дзейнасць сканцэнтраваная на антыўкраінскіх допісах і відэа і чаму ён называе незнаёмых украінцаў нацыстамі і бандэраўцамі?

Дубскі: Гэты канал не цалкам пра ўкраінцаў, зашмат гонару імі займацца. Гэта канал пра мае думкі і канал для палякаў па-польску. Спачатку там была тэма кавіду, жыццё ў Польшчы. Цяпер усе пра яго забылі і заняліся Украінай. Калі ў Польшчы з'явілася шмат украінцаў, я пачаў займацца імі. У мяне бацька ўкраінец, я там жыў тры гады, у мяне адна з дзяўчат была ўкраінкай. Калі я вёў агенцтва па працаўладкаванні, я знайшоў працу тысячам украінцаў. Я маю поўнае права мець сваю думку. Дзякуй Богу, у Польшчы за такое пакуль не расстрэльваюць. Я штогод 9 мая хаджу на бліжэйшыя вайсковыя могілкі, у мяне бабуля памерла на вайне. Разам з калегам з «Маладога фронту» і адной дзяўчынай мы купілі гваздзікі і пайшлі туды. Гэта было свінства з боку ўкраінцаў. Ці можа нармальны чалавек танцаваць на могілках у масцы свінні? Там жа пахаваныя і ўкраінцы. Я ўключыў там тэлефон, бо ведаў, які будзе фармат. Пасла аблілі фарбай, яна даляцела і на нас.

Ёсць украінцы, якія змагаюцца за сваю краіну, а ёсць нацысты і бандэраўцы, якія крадуць кансервы і атрымліваюць сацыяльную дапамогу, маючы «Лексусы», і паводзяць сябе па-свінску. Вось яны і ёсць нацысты. А тое, што БТ паказала ўрывак з майго роліка, гэта не мая праблема. Яны паказалі гэта і так па-свойму. Цяпер пішуць, што мяне завербаваў КДБ. Хлопцы, ніякі КДБ не матывуе мяне не любіць украінцаў ці задаваць ім крытычныя пытанні, як дыктуе мой жыццёвы досвед.

Яшчэ некалькі гадоў таму актывісты «Маладога фронту» выходзілі на пратэсты ў Мінску з банэрам, які ўсхваляў Сцяпана Бандэру і Рамана Шухевіча, якіх у Расіі ўлады называюць нацыстамі. Ці пратэставаў Дубскі супраць гэтага тады?

Дубскі: Асабіста я ніколі не выходзіў з іх партрэтамі. «Малады фронт» — гэта не прысуд на ўсё жыццё і не дыягназ. Гэта быў яскравы перыяд у маім жыцці. Калі я быў у МФ, то гэта не значыць, што я ўсё жыццё буду крычаць «Бог. Гонар. Айчына». Чалавек жа развіваецца. Так і я.

Рафал Гавэл кажа, што нават калі ў Дубскага і былі нейкія асабістыя інцыдэнты з украінцамі, гэта не значыць, што адказваць за іх мае цяпер увесь украінскі народ. Гавэл называе такі падыход фашызмам.

Дубскі кажа, што з Польшчы з'язджаць не збіраецца. Ён сцвярджае, што не баіцца скаргі на яго ў пракуратуру і гатовы нават даць паказанні на дэтэктары хлусні.

Дзьмітры Гурневіч, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
9
Панылы сорам
34
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
40
0
счётчик Гейгера/адказаць/
18.09.2022
Дубскі кажа, што з Польшчы з'язджаць не збіраецца. Ён сцвярджае, што не баіцца скаргі на яго ў пракуратуру і гатовы нават даць паказанні на дэтэктары хлусні

пашпарт у яго польски таму и вядзе сябе так нахабна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930