«Кіберпартызаны» выклалі звесткі «супрацоўнікаў Службы бяспекі Лукашэнкі»
Група беларускіх хакераў «Кіберпартызаны» заявіла пра публікацыю асабістых звестак 1083 супрацоўнікаў Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі.
Дэталяў пра тое, як здабылі гэтыя звесткі, хакеры не раскрылі, але адзначылі:
«Многія з іх, а таксама іх сваякі хаваюць інфармацыю пра такое месца працы».
Паглядзець, каго хакеры назвалі супрацоўнікамі Службы бяспекі Лукашэнкі, можна на сайце Blackmap.org, але «Кіберпартызаны» засцерагаюць: з тэрыторыі Беларусі на сайт варта заходзіць толькі з выкарыстаннем VPN.
Раней на «Чорную карту» нанеслі звесткі пра сілавікоў — ад ГУБАЗіК і САХР да пракурораў і даносчыкаў, а таксама бізнэсы, звязаныя з набліжанымі да Лукашэнкі людзьмі. Асобны раздзел — карта даносаў аб пратэстах з адрасамі тых, хто даносіў у міліцыю на суседзяў і ўрыўкамі з саміх даносаў.