«Мабілізуйце ўсіх». Лукашэнка заклікаў адправіць у поле студэнтаў, працоўных, дзяржаўных служачых, а таксама школьнікаў
Трэба прыцягваць для дапамогі аграрыям усіх, у тым ліку і навучэнцаў, сказаў Лукашэнка падчас кадравых прызначэнняў кіраўнікоў райвыканкамаў, перадае БЕЛТА.
Лукашэнка распавёў пра неабходнасць якасна і ў тэрмін завяршыць уборачную кампанію, у прыватнасці, па ўборцы бульбы, цукровых буракоў, кукурузы, лёну.
«Мабілізуйце ўсіх», — запатрабаваў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што гэта тычыцца не толькі работнікаў аграпрамысловых прадпрыемстваў. Пры неабходнасці можна і трэба прыцягваць да ўборкі ўраджаю навучэнцаў. Лукашэнка абурыўся тым, што ў некаторых установах адукацыі забаронена прыцягваць школьнікаў да такіх відаў работ: «Большай дзікасці я ўявіць не магу. Мы неяк спрабуем выхаваць нашых школьнікаў, дзяцей. На чым вы будзеце [выхоўваць]? Балбатнёй? Балбатнёй не выхаваеш».
Лукашэнка мяркуе, што вопыт ранейшых гадоў, калі падлеткі і моладзь дапамагалі сельгаспрадпрыемствам убіраць ураджай, быў станоўчы, гэта садзейнічала згуртаванню калектыву, прывучала да працы. «Калі чалавек пойдзе 5-6 гадзін папрацуе — і бацькам у радасць, і дзіцяці добрая фізічная падрыхтоўка. Мы ўсе, і вы (я — дакладна) працавалі. Не працавалі, а ўкалвалі, і дай бог як.
Таму мабілізуйце студэнтаў, працоўных, дзяржаўных служачых, іншых людзей для таго, каб дапамагчы нам прыбраць гэта ўсё. Таму што грошы прыстойныя можам зарабіць. Не цяпер, дык па вясне».





