Знайсці
03.10.2022 / 16:18

Археалагічныя раскопкі ў цэнтры Гродна завяршылі

Даследаванне культурнага пласта XV стагоддзя праводзілі на невялікім участку будаўнічай пляцоўкі, дзе выкапаны катлаван пад новы будынак на плошчы Савецкай, паведамляе Sputnik.

Фота: Sputnik / Іна Грышук

Археолагі скончылі працу на будаўнічай пляцоўцы каля дома Мураўёва і гатэля Сямашкі ў цэнтры Гродна, дзе падчас капання катлавана будаўнікі наткнуліся на культурны пласт XV стагоддзя.

Аб завяршэнні археалагічных даследаванняў на будпляцоўцы паведаміў іх кіраўнік — навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч. У найбліжэйшы час ён будзе вывучаць усе знаходкі, выяўленыя падчас археалагічнага нагляду, а затым паабяцаў расказаць пра іх падрабязней.

Артэфакты XII-XVIII стагоддзяў

Падчас археалагічнага нагляду на месцы цяперашняга катлавана археолаг выявіў 16 ружэйных крэменяў XVIII стагоддзя і прадметы XVII стагоддзя — манеты, шпору, кавалачкі пячных кафляў з кветкамі, выявай дракона. Таксама падчас капання катлавана былі адкрытыя фрагменты падвальных сцен і арачных скляпенняў старадаўняга будынка. Іх вырашылі не захоўваць, толькі зрабілі замеры, сфатаграфавалі і нанеслі на схему для выніковай справаздачы.

На ўчастку, дзе праходзілі археалагічныя даследаванні, у першыя дні былі знойдзеныя цікавыя прадметы прыкладна XV — пачатку XVI стагоддзяў. Гэта фрагменты скуры, керамікі, металічныя прадметы, напрыклад, іголкі, кавалак нажа, дзве жаночыя зашпількі-садкі, манеты, фрагменты драўляных канструкцый маставой і агароджы. Самы старажытны з выяўленых артэфактаў — наканечнік стралы, датаваны XII-XIII стагоддзем, які мог выкарыстоўвацца для палявання. Яшчэ адна рэдкая знаходка — гэта фрагмент тканіны, якая мае прыгожую структуру і нядрэнна захавалася.

Тым часам на пляцоўцы ля дома Мураўёва працягваюцца будаўнічыя работы — на гэтым тыдні пачалі свідраваць палі, якія нададуць дадатковую ўстойлівасць будучаму будынку.

Будаўнічыя работы на рагу плошчы Савецкай і вуліцы Калючынскай пачаліся ў сярэдзіне мінулага месяца: 13 верасня тут пачалі капаць катлаван. Заказчык работ — гродзенскі бізнэсовец Станіслаў Сямашка, якому належаць тры суседнія будынкі. Участак ён купіў год таму на аўкцыёне за 30 тысяч рублёў. Тут павінны ўзвесці будынак грамадскага прызначэння. Па зацверджаным Міністэрствам культуры праекце, адзін з фасадаў выкананы пад даўніну і візуальна падобны на дом Лапіных канца XIX стагоддзя, другі — у стылі «мадэрн» з вялікімі панарамнымі вокнамі і часткова зашклёным дахам. Акрамя таго, будынак будзе мець падвальныя памяшканні і мансардны паверх.

Навабуд узводзіцца на месцы страчанага ў сярэдзіне мінулага стагоддзя старадаўняга дома XVIII-XIX стагоддзяў. Ён належаў купцу Курляндскаму, у ім размяшчаліся фотамайстэрня, аптэчны склад, стаматалогія. Будынак быў моцна пашкоджаны падчас Другой сусветнай вайны, прызнаны аварыйным, некалькі гадоў стаяў у выглядзе руін. У 50-я гады яго знеслі, а падвалы засыпалі. На гэтым месцы доўгі час знаходзіўся драўляны будынак, у 90-я гады яго дэмантавалі, з тых часоў участак пуставаў.

З пачатку будаўнічых работ на аб’екце гараджан абурыла, што яны праходзяць без археалагічных даследаванняў. Калі капалі катлаван, праводзіўся археалагічны нагляд, а выкапаную зямлю вывозілі на грузавіках. Усе работы былі зацверджаныя Міністэрствам культуры. 

Увечары 16 верасня, калі будаўнікі амаль скончылі капаць катлаван, на яго краі знайшлі прадметы меркавана XV стагоддзя. Участак абгарадзілі, доступ будаўнікоў туды закрылі, а 20 верасня на ўчастку плошчай прыкладна 40 квадратных метраў пачаліся археалагічныя даследаванні.

Чытайце таксама:

Ці ёсць культурны пласт на будоўлі ў цэнтры Гродна?

У цэнтры Гродна пачалі будоўлю і выкапалі старадаўнія падвалы. Але археалагічных раскопак не праводзілі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2021 2022 2023
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5 6
7 8 9 10 11 12 13
14 15 16 17 18 19 20
21 22 23 24 25 26 27
28 29 30