Знайсці
29.11.2022 / 15:14 7

«Важыў 86 кг, цяпер — 68». Джун пра цяжкі пераезд у Польшчу

Міхаіл з сям’ёй з’ехаў у Польшчу ў сярэдзіне лета. У яго гісторыі «рэлакацыі» чацвёра беларусаў — у тым ліку дзеці — спяць на падлозе, бацька сямейства працуе электрыкам (і налічыў ужо 120 адмоў ад польскіх ІТ-кампаній), а з заробленых 2500 злотых 2400 аддаюць за кватэру. 

У Беларусі ён вывучаў UX/UI-дызайн, і ў лютым збіраўся пераехаць у Кіеў па запрашэнні ўкраінскай кампаніі — і займацца тым, што яму сапраўды падабаецца. Але ўсё змянілася ўмомант. Dev.by выслухаў гісторыю Міхаіла (прозвішча не называем па яго просьбе).

«Піянеры за шклянку колы лэндзінгі малююць, а табе трэба сям’ю карміць»

— Я 18 гадоў адпрацаваў на чыгунцы. Пачынаў звычайным электраманцёрам: маляваў, бяліў, траву касіў; максімум, што мне дазвалялі — паказанні электралічыльнікаў зняць, дый тое пад наглядам. Але галава ў мяне на месцы — даслужыўся да начальніка, стаў механікам ІТР. І заробак вырас. Калі звальняўся, ён складаў 400 даляраў, у 10 разоў больш, чым на старце.

Мала, кажаце? Калі ў сакавіку мяне дапытвалі, таксама спыталі: «І, як на цябе, ты шмат зарабляеш — 1200 рублёў?» А што мне адказаць — у мястэчку, адкуль я родам, гэта сярэдні заробак. Нават нашы мясцовыя аператыўнікі паківалі: так-так, гэта прыстойна. Але, вядома, якое прыстойна?! Калі нарадзілася дачка, я не мог купіць ні памперсаў, ні чагосьці яшчэ для малой. 60 даляраў плаціў за кватэру-аднапакаёўку, плюс я быў павязаны крэдытамі — яшчэ па 100 даляраў штомесяц аддаваў за машыну. А астатнія грошы сыходзілі на ежу.

Так што калі ў мяне нарадзілася дачка — я памятаю гэты момант, — я сеў на кухні, узяўся за галаву і так сядзеў. Я не ведаў, што рабіць. Дзе ўзяць грошы? 

А вакол рэклама: хочаш шмат зарабляць — давай у ІТ. Я пачаў вучыць Python на «Яндэкс-практыкуме». Прайшоў бясплатны курс і зразумеў: не маё. Дый навошта мне наогул гэтае праграмаванне, калі я хачу рабіць прыгожыя сайты і лагатыпы ствараць. Я творчы чалавек. 

Figma я вывучаў па роліках на YouTube, UX/UI дызайн — на паўгадавым курсе ў аднаго вядомага фрылансера. Але ўсе тыя грошы, якія я заплаціў за курс, я вярнуў. У канцы мінулага года я выбіўся ў дзясятку лідараў на Weblancer

Але я вам скажу, фрыланс — гэта пекла. Потым я вучыўся ў іншага UX/UI-дызайнера, але не паспеў дыплом атрымаць, бо ў мяне забралі камп’ютар падчас ператрусу і не вярнулі. Дык вось ён расказваў нам усю праўду пра фрыланс.

А мне і расказваць не трэба было — я ведаю, як піянеры ў 17 гадоў за шклянку колы лэндзінгі малююць. А табе трэба сям’ю карміць — ты ўжо і 150 даляраў ставіш, і 100, усё роўна для некаторых заказчыкаў гэта «шмат».

Мяне здзівіла адная заказчыца з Мінска — хацела, каб я ёй за 30 даляраў распрацаваў дызайн 30-старонкавага сайта. Я нават лаяцца не стаў, проста спытаў, ад чаго наогул яна адштурхоўваецца — яна думала, такое робяць за вечар?

Калі ў мяне справа пайшла, я зарабляў нядрэнна — да 1000 даляраў за месяц. Але вайна ўсё абсекла. 

Спачатку я выконваў разавыя замовы на Weblancer, а потым мяне наняла на part time украінская кампанія. Іх прадуктовы дызайнер знайшоў мяне ў LinkedIn, даў заданне — я зрабіў. Ён кажа: «Такі спецыяліст, як ты, у мяне атрымлівае $1500» — і перавёў адразу 1000 даляраў. З глузду з’ехаць! Я сеў тады на кухні: ну вось — нешта атрымліваецца.

А далей наогул як у казцы было: мы спрацаваліся, ён клікаў мяне ў Кіеў, абяцаў кватэру ад кампаніі — толькі пераязджай!

А ў лютым патэлефанаваў і сказаў: прабач, брат, у цябе будуць праблемы, калі ты з Украіны будзеш атрымліваць грошы, — дый у нас таксама. З беларусамі ніхто спраў мець не хацеў пасля пачатку вайны. 

Але наогул я не крыўджуся: дзякуючы тым грашам, якія яны мне плацілі за працу, я змог з’ехаць з краіны — цяпер на іх і жыву. Бо ў Польшчы я атрымліваю 2500 злотых — і 2400 аддаю за кватэру.

«Працаваў бясплатна — проста за водгук, каб падняцца ў рэйтынгу»

Што такое фрыланс спачатку: ты ўвесь вечар праседжваеш на спецыяльным сайце, шукаеш — і нічога. Бачыш заказ на візітоўку, табе б узяць яго, але кожны водгук — гэта «білецік». А 30 білетаў — гэта 30 даляраў з тваёй кішэні. І не факт, што заказ будзе твой, там жа такі дэмпінг — ды я праклінаў гэты Weblancer!

А калі для заказчыка грошы не вырашаюць, то ёсць яшчэ рэйтынг. Адгукнуся я і нейкі «найлепшы фрылансер кастрычніка» — і заказчык, вядома, абярэ яго, бо ён на першым месцы ў рэйтынгу, а я, прабачце, на 99-м.

Я знайшоў такі выхад са становішча — прасіў сваіх знаёмых з Расіі, Украіны, нават са Штатаў, каго толькі мог: «замоўце» ў мяне на гэтай біржы які-небудзь лагатып за 10 даляраў. І вось так я хоць патроху стаў прасоўвацца ў рэйтынгу.

Праз месяц з’явіўся першы сапраўдны заказ. Потым яшчэ — па 10, па 20 даляраў. Адзін заказ прыйшоў з Польшчы: я зрабіў лагатып для энергетычнай кампаніі за 100 еўра. Нярэдка я працаваў бясплатна — проста за водгук, каб падняцца ў рэйтынгу. Бо не ўсе заказчыкі пакідалі водгукі, некаторыя нават забаранялі дадаць сайт або лога, што я распрацаваў, да сябе ў партфоліа — маўляў, NDA. 

Паўгода я фрылансіў з горам напалам, а потым аднагрупнік параіў завесці профіль на LinkedIn. І я як стаў у гэтым варыцца — справа пайшла. Вось і ўкраінцы мяне на LinkedIn знайшлі. А што далей — я ўжо расказваў.

«Калі праз 2 тыдні абняў жонку, яна сказала: бяжым!»

Мяне затрымалі 3 сакавіка. Прыйшлі на працу, сталі шастаць: хто тут «не такі» — начальнік ткнуў пальцам. Далей ператрус дома — яны ж не цырымоняцца. Увечары мяне павезлі ў аддзяленне, а жонку — у радзільню, з-за стрэсу яна нарадзіла раней за тэрмін. 

Калі мяне выпускалі, сказалі, што я з’яўляюся падазраваным па факце падпалаў нейкіх сцягоў. «Якіх сцягоў? Хлопцы, мне амаль 40 гадоў, навошта мне гэта?» Ну вось падпішы паперу, што не будзеш ні ў чым удзельнічаць. І яшчэ адну». Цяпер фонд у Польшчы патрабуе, каб я падаў доказы, што мяне затрымлівалі. Ды калі б я хоць заікнуўся тады: «Хлопцы, а можна я пратаколы сфоткаю», — мяне б ніхто з краіны не выпусціў. 

Потым знаёмы міліцыянт даслаў мне смс-ку: «Міша, лепей бяжы! Прыйдуць яшчэ — і ўжо не адпусцяць». І тут жа сцёр. 

І вось я выйшаў: на руках маленькая дачка, у абаіх «карона», я заразіўся якраз там. Нават сына не змог забраць з радзільні — мы з малой трапілі ў бальніцу. А калі праз 2 тыдні я нарэшце абняў жонку, яна сказала: «Бяжым!» Я адразу ж звярнуўся ў агенцтва, заплаціў агулам 4000 беларускіх рублёў на нас усіх — за даты на падачу на візу і падрыхтоўку дакументаў. 

Мы з’ехалі ў канцы ліпеня. Усё наша жыццё змясцілася ў тры валізкі, а ў чацвёртай быў камп’ютар. Пацешна: у нашым аўтобусе ехалі адныя айцішнікі, каго ні спытай — больш, чым у мяне ў сябрах на LinkedIn. 

«Спалі на падлозе, замест матрацаў рассцілалі кофты»

У Польшчы ў мяне дзед — родны брат майго дзядулі. Іх у 1941 годзе немцы забралі ў Асвенцым. Потым дзед Ваня вярнуўся дадому, а дзед Юзік застаўся. 

Траюрадны брат забраў нас з аўтавакзала ў Варшаве. Першы час мы жылі ў цёткі — нам паслалі на падлогу матрацы. Жонка, вядома, плакала: хачу дадому. І я таксама слязу пускаў. Я не быў гатовы да эміграцыі, шчыра! 

Кватэру шукалі тыдні два на OLX. Брат тэлефанаваў — і пытаўся, што ды як. Але 6 чалавек адмовілі нам, бо ў нас дзеці. Яшчэ трое гаспадароў не захацелі здаваць нам жытло, таму што мы беларусы. 

Толькі на дзясяты раз нам пашанцавала: да нас нашу кватэру здымала сям’я — полька і ўкраінец, — вось ён і склаў нам пратэкцыю перад гаспадаром. 

Мы заехалі, а кватэра пустая. Наогул нічога не было. Мы спалі на падлозе. Замест матрацаў рассцілалі кофты — і на іх клалася дачка, а сын спаў у шэзлонгу-пераносцы, які нам аддалі добрыя людзі.

Нам так дапамаглі, я вельмі ўсім удзячны: на OLX у рубрыцы Oddam zadarmo мы знайшлі і каляску, і аўталюльку — людзі самі іх нам прывезлі. Жонка брата прынесла дзіцячых рэчаў — аддалі на працы. 

Працу я знайшоў вельмі хутка. На будоўлю людзі заўжды патрэбныя. Але трэба ўлічыць, што рознарабочых часта бяруць без Umowa o pracę: ты проста прыходзіш кожны дзень, твая стаўка 20 злотых на гадзіну, а грошы хто як плаціць — хто ў канцы дня, а хто ў канцы тыдня. Я адпрацаваў месяц — і мне нічога не заплацілі, проста кінулі. 

Наступным месцам працы стала бальніца. У мясцовым беларускім тэлеграм-чаціку хтосьці падказаў, што бачыў аб’яву: патрэбны электрык. Я паехаў — і там на месцы ўжо разбіраўся, куды ісці, з кім гаварыць. І гэта аказалася нескладана, бо ўвесь абслуговы персанал бальніцы — украінцы. Я і цяпер, калі не ведаю чаго, падыходжу да любой санітаркі і пытаюся: «Сястрычка, падкажы…»

Электрыка сабе ў пару шукаў Мікалай — дзядзечка 50+, які калісьці вучыў рускую. Мы з ім дамовіліся, і ад верасня я выйшаў на новае месца працы.

«Плацяць як у Беларусі, але ўсе грошы мусіш аддаць за кватэру»

Як з таго моманту змянілася маё жыццё — язву набыў. Сур’ёзна, мой напарнік увесь дзень не есць, і я разам з ім. Выязджаю з дому а 6-й раніцы, прыязджаю а 18-й — вядома, на здароўі гэта адбіваецца.

У шпіталі дзень на дзень не выпадае. Часам усё спакойна, і ты думаеш: дарма я не купіў MacBook у крэдыт — цяпер бы сеў і UX/UI падцягваў. А бывае працы столькі, што ты толькі ў 22 гадзіны дадому вяртаешся. І жонка абураецца: «Навошта такая праца, калі на грашах гэта не адбіваецца?!»

А і сапраўды не адбіваецца: што б я ні рабіў, мне заплацяць 2500 злотых — усё тыя ж грошы, якія я атрымліваў у Беларусі. Але ж з той розніцай, што ўсе іх мусіш аддаць за кватэру. Я нават пост адчаю на LinkedIn напісаў: што зноў даводзіцца лезці ў скарбонку, каб пракарміць сям’ю. Заўтра зноў буду браць адтуль грошы. 

Калі прыехалі ў Польшчу, у мяне было з сабой 4000 даляраў. Палову я адразу аддаў гаспадару кватэры: 1500 — як заклад і 500 даляраў — за пражыванне на працягу месяца. У наступным месяцы я нічога не зарабіў, яшчэ 500 узяў са скарбонкі, каб заплаціць за кватэру. Але скарбонка ж не бяздонная — яшчэ месяц, і ў мяне не застанецца ні цэнта.

Я як думаю: 1000 даляраў мне б хапіла на жыццё тут. На 500, што заставаліся б пасля выплаты арэнды, можна і есці, і памперсы купляць, і нават апранацца. Але няма такіх грошай. Я размаўляў з санітаркамі-ўкраінкамі — яны столькі ж зарабляюць. Але яны на траіх здымаюць кватэру і хоць нешта эканомяць. 

«Ад ліпеня да жніўня — 120 адмоў з польскіх ІТ-кампаній»

Спытаеце, чаму не шукаю заказы як дызайнер, — я шукаю працу. Але правільна адзін хлопец у каментарах да майго паста заўважыў: усе, хто раіць Міхаілу «не здавацца», «не апускаць рук» — вы заданацьце, каб ён мог сядзець дома і шукаць працу, а не вашаваць па 11 гадзін, каб заплаціць за кватэру і пракарміць сваіх дзяцей.

Я прыходжу дадому а 18-й, а дачка ўжо на вушах стаіць — яна за дзень столькі энергіі акумулявала, і трэба прысвяціць ёй увагу. Малую можна было б адправіць у сад, але ў найбліжэйшым да нас просяць 1000 злотых. Я знайшоў больш танны — ля бальніцы, знаходжанне там абыдзецца ў 500 злотых на месяц. Але ў мяне столькі няма!

Я вучу польскую — настаўніцу знайшоў у тым жа беларускім чаціку. Мы з ёй месяц пазаймаліся, я пішу: «Моніка, ты прабач, у мяне цяпер грошай няма». А яна: «Ладна, не важна». А крыху пазней дадае: «Ты зрабі мне візітоўкі і лагатып…» Вось яна — мой адзіны заказчык пакуль.

З польскіх ІТ-кампаній прыходзяць адмовы, ад ліпеня да жніўня іх ужо 120 назбіралася. Часам у LinkedIn іншыя карыстальнікі пішуць: трэба UI/UX пракачаць. Слухайце, я ведаю, што трэба, але на гэта патрэбны час.

Кажуць, што праца на фрылансе «псуе» UI/UX-дызайнера — гэта праўда: у кампаніях працуюць па-іншаму, і зусім іншымі рэчамі займаюцца. Спадзяюся, у мяне будзе магчымасць даведацца пра гэта больш на практыцы.

Мне раяць шукаць працу ў Казахстане — там цяпер актыўна развіваецца ІТ. Хоць калі ў цябе ёсць праца ў ІТ-кампаніі ў Польшчы, то лепшай краіны для рэлакейту і не прыдумаеш.

У эміграцыі — цяжка, так і напішыце. Я раней важыў 86 кг, а цяпер — 68. Але, вядома, я сплю тут спакойна і больш не прыслухоўваюся да крокаў за дзвярыма. Вы не ўяўляеце, які гэта жах, калі ты бачыш у двары машыну з мінскімі нумарамі, — у цябе рэальна сэрца спыняецца. Я дагэтуль шарахаюся, калі міма праязджае Skoda Octavia, а потым згадваю: я ж у Польшчы. 

Нядаўна быў выпадак: дачка павіталася з паліцэйскімі — яны паклікалі яе ў машыне пасядзець. Мігалкі ўключылі, паказваюць усё — ледзь не цукеркамі частуюць. А я побач стаю, насуплены. Адзін пытаецца: «Чаго пан такі нервовы?» А я адказваю: «Бо пан з Беларусі — і ў нас у такія машыны ніхто па сваёй волі не ідзе». 

Калі ў вас ёсць, чым дапамагчы Міхаілу, — напішыце яму на пошту [email protected]

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Виленская айтишка / адказаць
29.11.2022
Чтобы релокейтнутся, люди с 15 летним опытом в айти 3 - 4 месяца собеседуются, да поляки часто отказывают, практически всегда, что ж не постучаться в компанию где много белорусов? А дизайнер это вообще блатная вакансия, на них своих знакомых и жен устраивают - один - два раза что - то подкрутил на удаленке и сиди делай умный вид дальше, а зарплата капает
1
Ludek / адказаць
29.11.2022
Уехать, работать за бесплатно, жаловаться на жизнь, спать на полу, просить деньги на жизнь через НН - странный выбор для человека с детьми, но widocznie Bóg tak chciał :D
3
Алекс / адказаць
29.11.2022
Живу в Польше, и человек действительно реально описывает , что тут происходит, так что не звиздеж!
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2022 2023 2024
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1 2 3 4 5
6 7 8 9 10 11 12
13 14 15 16 17 18 19
20 21 22 23 24 25 26
27 28