Праз паўгода ва Украіне адбудуцца прэзідэнцкія выбары. Хто асноўныя кандыдаты? 93

Аўтар: Максім Маханькоў

31 сакавіка 2019 года ва Украіне адбудуцца чарговыя прэзідэнцкія выбары, сёмыя па ліку за часы незалежнасці. Ідзе рэальная барацьба асобаў, праграм і капіталаў. За паўгода да выбараў відавочных лідараў няма. Палітыкі маюць невялікія лічбы падтрымкі, і галасы электарату амаль раўнамерна, як масла на бутэрбродзе, размазаны паміж імі. 

Адсутнасць відавочных лідараў звязана не толькі з вялікай палітычнай канкурэнцыяй ва Украіне, але і з агульным недаверам украінскага грамадства да цяперашняга палітычнага істэблішменту краіны. А большая частка выбарцаў яшчэ проста не вызначылася, за каго будзе галасаваць. «Наша Ніва» сабрала асноўныя звесткі пра палітыкаў і дзеячаў, якія сёння разглядаюцца ва Украіне як асноўныя кандыдаты на прэзідэнцкую пасаду і маюць самыя высокія рэйтынгі.

«Армія, Мова, Вера» Пятра Парашэнкі

Фота: Facebook.

Здавалася б, дзейны прэзідэнт, які на выбарах-2014 у першым туры набраў 54,7% галасоў, разгубіў амаль усю сваю падтрымку. Большая частка сацыялагічных апытанняў дае яму не больш за 10% галасоў падтрымкі ў першым туры. І прычын гэтаму шмат: нявыкананыя абяцанні 2014 года завяршыць вайну за два тыдні і даваць кожнаму салдату па 80 даляраў за дзень на фронце, адсутнасць уцямнай стратэгіі рэінтэграцыі Данбаса і Крыма, марудны тэмп рэформ. Нават тыя неабходныя рэформы, якія ўжо пачаліся, не даюць ніякіх бонусаў і нават шкодзяць рэйтынгу Парашэнкі. Большая частка грамадзян яшчэ проста не паспела адчуць нейкага паляпшэння жыцця пасля некаторых рэформ (дэцэнтралізацыя, рэформа медыцынскай сістэмы, адукацыі, моўныя законы), а ад некаторых рэформ дабрабыт грамадзян на гэтым этапе нават пагоршаў (рэформы камунальнай гаспадаркі і рынку энерганосьбітаў выклікалі шматразовае павелічэнне цэн на камунальныя паслугі).

Украіна памятае лёс былога прэзідэнта Віктара Юшчанкі, які за сваю кадэнцыю разгубіў усю сваю падтрымку і набраў на чарговых выбарах ганебныя 5,75% галасоў выбарцаў. Але Парашэнка як палітык мацнейшы за Юшчанку, дый украінцы разумеюць, з якімі складанымі выклікамі ён сутыкнуўся — дзяржава выстаяла ў стане фактычнай вайны. Таму, нягледзячы на нізкія лічбы рэйтынгаў, дзейны прэзідэнт сёння разглядаецца ва Украіне як адзін з асноўных кандыдатаў.

Па-першае, сваю перадвыбарчую кампанію ён яшчэ ўсур’ёз не пачынаў і не рабіў ніякіх заяў пра планы на другі тэрмін. Ён зможа смела перахапіць галасы тых людзей, што яшчэ не вызначыліся з выбарам. Па-другое, Парашэнка мае надзейны тыл у выглядзе найбуйнейшай фракцыі ў Вярхоўнай Радзе, а таксама сваіх людзей на кіруючых пасадах у сілавых структурах (СБУ кіруе былы кіраўнік аховы Парашэнкі Васіль Грыцак, Генеральнай пракуратурай — кіраўнік «Блока Пятра Парашэнкі» Юрый Луцэнка і г.д.). Па-трэцяе, Парашэнка, відавочна, мае некалькі схаваных козыраў на руках, якія ён яшчэ не выкарыстаў, а медыярэсурсы, якія належаць Парашэнку ці звязаныя з ім (5 канал, тэлеканал «Прямий» і іншыя), пакуль што сур’ёзна не пачыналі піярыць дзейнага прэзідэнта.

Пра тое, што Парашэнка збіраецца на выбары, гавораць толькі плакаты і білборды з лозунгам «Армія! Мова! Віра!» і подпісам «Петро Порошенко» на вуліцах украінскіх гарадоў. Менавіта гэтая трыяда, імаверна, стане асновай яго перадвыбарчай праграмы як найбольш моцныя і паспяховыя вынікі прэзідэнцтва Парашэнкі.

Украінская армія, якая на пачатку 2014 года была напаўразваленай, за некалькі гадоў ператварылася ў істотную сілу і ў самы паважаны інстытут у грамадстве. Цалкам зразумела, чаму Парашэнка выкарыстоўвае імідж украінскай арміі ў сваёй праграме.

Умацавалася за апошнія некалькі гадоў і ўкраінская мова. І менавіта Вярхоўная Рада, дзе найбуйнейшай фракцыяй з’яўляецца «Блок Пятра Парашэнкі», павялічыла моўныя квоты на радыё і тэлебачанні, прыняла новыя законы аб мове і адукацыі, што істотна ўмацавала пазіцыі ўкраінскай мовы, асабліва ў сферы медыя і адукацыі. Было б дзіўна, калі б Пятро Парашэнка не эксплуатаваў гэтую тэму ў сваёй перадвыбарнай праграме, асабліва сярод патрыятычнага электарату Заходняй Украіны.

Калі Украіна ўсё ж канчаткова атрымае гістарычны томас аб аўтакефаліі, гэта таксама стане важным і істотным пунктам у перадвыбарчай праграме Парашэнкі.

«Новы курс» Юліі Цімашэнка

Скрыншот: ютуб.

Менавіта Юлію Цімашэнка абсалютная большасць сацыялагічных цэнтраў называе фаварытам маючых адбыцца выбараў. Паводле розных апытанняў, у першым туры яна можа разлічваць на галасы да 20% выбаршчыкаў. Але нават такія высокія, па ўкраінскіх мерках, лічбы не робяць яе галоўным фаварытам.

Па-першае, Цімашэнка пачала сваю перадвыбарчую праграму даволі рана ў параўнанні з іншымі кандыдатамі. Гэта часткова можа патлумачыць яе цяперашняе лідарства.

Па-другое, Цімашэнка здолела мабілізаваць свой электарат папулістычнымі заявамі. Аналітычны факт-чэкінгавы сайт Vox Ukraine, які правярае праўдзівасць заяў украінскіх палітыкаў, назваў яе галоўным украінскім папулістам і маніпулятарам разам з былымі «рэгіяналамі» Вадзімам Рабіновічам, Юрыем Бойкам і Аляксандрам Вілкулам. Адзін з галоўных пунктаў яе перадвыбарчай праграмы — зніжэнне тарыфаў на газ для насельніцтва. Такія заявы зрабілі яе лідарам сацыялагічных апытанняў і дазволілі мабілізаваць цімашэнкаўскі электарат, але далёка не факт, што такія папулісцкія прыёмы дазволяць Цімашэнка атрымаць новых прыхільнікаў сярод людзей, якія пакуль што не вызначыліся са сваім кандыдатам. А такіх ва Украіне большасць. Тым больш што Цімашэнка, нягледзячы на даволі высокі рэйтынг, мае і адзін з самых высокіх антырэйтынгаў сярод палітыкаў. 

Па-трэцяе, Цімашэнка ўжо даўно знаходзіцца ў першым эшалоне ўкраінскай палітыкі. А ўкраінскае грамадства моцна стамілася ад старых палітыкаў і мае вялікі запыт на новыя твары. Калі Цімашэнка выйдзе ў другі тур з кандыдатам, які мае меншы палітычны досвед за яе (а гэта амаль усе кандыдаты), — ёй будзе цяжка пераадолець гэты грамадскі запыт на новыя твары.

З іншага боку, велізарны палітычны досвед мае і свае плюсы — Цімашэнка пазнавальная, яе партыя «Батьківщина» мае вялікую колькасць рэгіянальных прадстаўніцтваў. З моцнай партыяй, якая заняла першае месцы сярод палітычных партый па колькасці дэпутатаў, абраных у мясцовыя рады, ёй прасцей будзе арганізаваць моцную перадвыбарчую праграму.

Акрамя зніжэння тарыфаў, Цімашэнка ў сваёй праграме абяцае Украіне «Новы курс». Ва ўсёй Украіне, нават у самых занядбаных мястэчках, вісіць дарагая палітычная рэклама Цімашэнка, у якой рэкламуецца «Новий курс України». Праўда «Новий курс України» — даволі размытая праграма. Уплывовы аналітычны сайт Vox Ukraine, які прааналізаваў праграму Цімашэнка, сцвярджае, што яе эканамічная праграма складаецца з «плагіяту, напаўплагіяту, неіснуючых крыніц і памылак». Цімашэнка сцвярджае, што шматлікія праблемы Украіны зможа вырашыць новая канстытуцыя.

«Сёння больш за 100 навукоўцаў, філосафаў, візіянераў і канстытуцыяналістаў працуюць над стварэннем новай Канстытуцыі Украіны. Наша мэта такая, каб да чарговых прэзідэнцкіх выбараў паказаць грамадству новую Канстытуцыю, узгодненую з усёй краінай», — заявіла Цімашэнка на прэзентацыі канцэпту новага асноўнага закона.

Яна абяцае, што з прыняццем новай канстытуцыі адбудзецца пераход да парламенцкай рэспублікі, кіраваць якой будзе «канцлер».

Праўда, не да канца зразумела, як праблемы Украіны зможа вырашыць новая канстытуцыя, калі і цяперашняя Канстытуцыя Украіны (якая лічыцца адной з найлепшых у Еўропе) шмат у чым не выконваецца.

Замежнапалітычная праграма Цімашэнка мала адрозніваецца ад праграмы цяперашніх прэзідэнта і ўрада — курс на ўступленне краіны ў ЕС і НАТА.

Цімашэнка мае прыкладна аднолькавы ўзровень падтрымкі на захадзе, цэнтры і ўсходзе Украіны.

«Новы твар» Анатоль Грыцэнка + дробныя рэфармісцкія апазіцыйныя партыі

Адзін з галоўных трэндаў маючых адбыцца выбараў — запыт на «новыя твары». Менавіта Анатоль Грыцэнка абраў сабе такі імідж, хаця цалкам «новым тварам» яго назваць цяжка.

Грыцэнка — прафесійны вайсковец, які з 2005 па 2007 год быў міністрам абароны Украіны, а з 2007 па 2014 год быў дэпутатам Вярхоўнай Рады. Да таго ж, ён ужо балатаваўся на прэзідэнцкіх выбарах у 2010 і 2014 гадах, але праваліўся з трэскам.

Але цяпер сацыёлагі называюць Грыцэнку адным з фаварытаў прэзідэнцкай гонкі. Паводле розных сацыялагічных апытанняў, ён зараз мае да 9% галасоў выбарцаў (хаця яшчэ некалькі месяцаў таму ў яго была большая падтрымка).

Грыцэнка спрабуе аб’яднаць малыя рэфармісцкія дэмакратычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Вясной ён аб’яднаўся з «Альтэрнатывай» Ягора Фірсава і «Народным кантролем» Дзмітрыя Дабрадомава. Запрашае Грыцэнка аб’яднацца вакол сябе і іншыя рэфармісцкія сілы (Грамадзянскі рух «Хвиля», «Еўрапейская партыя» і іншыя).

Спадзяваўся Грыцэнка і на аб’яднанне з мэрам Львова Андрэем Садавым і яго партыяй «Самопоміч», але Садавы вырашыў ісці на выбары самастойна.

Грыцэнка ў сваёй праграме выкарыстоўвае вобраз вайскоўца і «сапраўднага палкоўніка». Ён выступае за ўзмацненне ролі прэзідэнта ва Украіне і мяркуе, што «асвечаны аўтарытарызм» дапаможа гэтай краіне выйсці з перманентнага хаосу.

«Я хачу, каб людзі зразумелі адну простую рэч — не трэба баяцца аўтарытарнага рэжыму. Гэта не дыктатура, якая масава душыць правы і свабоды людзей. Аўтарытарызм мае аднакарэннае слова — аўтарытэт. Асвечаны аўтарытарызм выводзіць краіну на новы, больш высокі ўзровень і эканомікі, і на яе аснове — дэмакратыі»,

— кажа Грыцэнка і ўзгадвае Адэнаўэра, дэ Голя, Атацюрка і нават Піначэта.

У замежнапалітычных пытаннях — ён даўні і паслядоўны прыхільнік інтэграцыі краіны ў НАТА.

Нават у выпадку аб’яднання з блізкімі сіламі, Грыцэнку будзе вельмі цяжка перамагчы на выбарах. Яму бракуе фінансавых рэсурсаў, арганізацыйных структур на мясцовым узроўні, а таксама доступу да тэлебачання.

Большую падтрымку Грыцэнка мае на захадзе краіны.

Юрый Бойка і іншыя прарасійскія кандыдаты

Юрый Бойка — былы сябар «Партыі рэгіёнаў» і міністр пры прэзідэнцтве і прэм’ерстве Віктара Януковіча, які стварыў на аскепках «Партыі рэгіёнаў» новую партыю — «Апазіцыйны блок».

Бойка лічыцца прарасійскім палітыкам і прэтэндуе на галасы былых выбарцаў «Партыі рэгіёнаў» з Усходняй Украіны. Галоўныя тэзісы яго праграмы — прамыя перамовы з Расіяй, абарона рускай мовы, аднаўленне выплат Украінай пенсій і сацыяльнай дапамогі ў акупаваных раёнах Данбаса і, самае галоўнае, усталяванне міру. Вядома, хто не хоча міру? Але Бойка не кажа, што мір зараз магчымы толькі калі гэтага захоча Пуцін. Які калі і выведзе войскі з Украіны, рабіць гэта будзе на сваіх умовах.

Бойка з усіх патэнцыйных прарасійскіх кандыдатаў мае самы высокі ўзровень падтрымкі. Сярод іншых імаверных прарасійскіх кандыдатаў — Вадзім Рабіновіч, Яўген Мураеў і Міхаіл Добкін.

Калі Добкін, Мураеў, Рабіновіч і Бойка змогуць аб’яднацца вакол аднаго кандыдата, цалкам рэальна, што ён зможа атрымаць добры вынік на выбарах (асабліва ва Усходняй Украіне) і нават тэарэтычна трапіць у другі тур. Але ў другім туры перамога прарасійскага кандыдата ў сучаснай Украіне выглядае проста нерэальнай.

У выбарах не будуць браць удзел жыхары Крыма і значнай часткі Данбаса, дзе якраз і пражывае электарат гэтых кандыдатаў. На ўсіх мінулых выбарах (да 2014 года) галоўныя кандыдаты дзяліліся на «празаходняга», за якога галасавала Заходняя Украіна (з найбольшай канцэнтрацыяй на Галіччыне), і «прарасійскага» (з найбольшай канцэнтрацыяй галасоў на Данбасе). Гэтыя 2 полюсы былі аднолькавымі па сіле, і прэзідэнтамі Украіны па чарзе станавіліся то «прарасійскія», то «празаходнія» кандыдаты. Але пасля агрэсіі Расіі Украіна страціла кантроль над Крымам і часткай Данбаса, дзе жыве, пераважна, прарасійскі электарат, таму прарасійскі кандыдат у цяперашніх умовах проста фізічна не можа перамагчы. Апроч усяго, калі раней прарасійскія партыі маглі прэтэндаваць на добрыя вынікі ў Цэнтральнай Украіне, цяпер іх папулярнасць там стала мізэрнай.

Галоўнай апорай прарасійскіх партый і кандыдатаў застаецца кантраляваная Украінай частка Данбаса.

Рок-зорка Святаслаў Вакарчук

Фронтмен гурта «Акеан Эльзы» цалкам адпавядае запытам украінскага грамадства на новыя твары ў палітыцы. Розныя сацыялагічныя службы даюць яму каля 6—7% рэйтынгу. Але сам Вакарчук пакуль што не пацвердзіў свой удзел у выбарах. Ён выступае па ўсёй краіне з лекцыямі на палітычныя і дзяржаўныя тэмы, але ад пытанняў пра сваю прэзідэнцкую кампанію ўхіляецца. Калі ён усё ж пагодзіцца браць удзел у выбарах, не выключана, што папулярны рок-музыкант і маральны аўтарытэт Вакарчук зможа істотна палепшыць свой рэйтынг.

Пра тое, што Вакарчук збіраецца на выбары, ускосна кажа расследаванне газеты The Washington Times, паводле якога рок-зорку падтрымлівае Джордж Сорас і ўкраінскі алігарх Віктар Пінчук.

Яшчэ адзін факт — Вакарчук рабіў перапынак у сваёй музычнай кар’еры і адпраўляўся на навучанне ў знакамітыя Ельскі і Стэндфардскі ўніверсітэты. Гэта спарадзіла шматлікія чуткі, маўляў, заходнія лідары і аналітычныя цэнтры рыхтуюць Вакарчука на прэзідэнцтва. Але пакуль пытанне пра яго ўдзел застаецца адкрытым.

Найбольшы ўзровень падтрымкі Вакарчук мае сярод моладзі ў Заходняй Украіне.

«Слуга народа» Уладзімір Зяленскі

Кадр з серыяла «Слуга народа».

Уладзімір Зяленскі — папулярны ўкраінскі шоўмен, адзін з лідараў медыякампаніі «95-ы Квартал». «95-ы Квартал» — не толькі аднайменнае палітычнае кабарэ, а гіганцкая кампанія, адзін з найбуйнейшых вытворцаў забаўляльных фільмаў, серыялаў і перадач на ўкраінскім тэлебачанні.

Сацыёлагі кажуць, што цяперашні рэйтынг Зяленскага — прыкладна ў раёне 6—8%. Але як Зяленскі трапіў у спіс імаверных кандыдатаў?

У 2015 годзе «95-ы Квартал» выпусціў культавы для Украіны серыял «Слуга народа», у якім Зяленскі сыграў галоўнага героя — настаўніка гісторыі Васіля Галабародзьку, які нечакана стаў новым прэзідэнтам. Серыял можна назваць палітычнай сатырай, якая паказвае ўвесь бруд сучаснай украінскай палітыкі.

Нечакана некаторыя людзі сталі асацыяваць выдуманага персанажа Галабародзьку з самім Зяленскім, што і знайшло сваё ўвасабленне ў з'яўленні Зяленскага сярод патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцкую пасаду. Калі Зяленскі зможа дамовіцца з алігархам Ігарам Каламойскім, якому належыць медыягігант «1+1» (на гэтым канале паказваюць «Слугу народа» і іншыя праграмы «95-га Квартала»), Уладзімір Зяленскі зможа раскруціцца яшчэ больш.

Сам Зяленскі ніяк не каментуе свой магчымы ўдзел ці няўдзел у выбарах. Толькі аднойчы на канцэрце «95-га Квартала» ён выступіў з гумарыстычным нумарам на гэтую тэму.

Нейкага палітычнага досведу Зяленскі (у адрозненне нават ад Вакарчука) не мае. Якая праграма можа быць у кандыдата Зяленскага — незразумела. Вядома толькі, што Зяленскі падтрымлівае дзеянні ўкраінскай арміі на ўсходзе, пастаянна выступае перад украінскімі вайскоўцамі і ахвяруе ім свае грошы. Праз такую сваю грамадзянскую пазіцыю Зяленскі згубіў усялякую магчымасць выступаць у Расіі і рабіць сумесныя з расійскімі вытворцамі фільмы.

Самы вялікі ўзровень падтрымкі Зяленскага — у Паўднёвай Украіне.

Мэр Львова Андрэй Садавы

Садавы, які вырашыў удзельнічаць у выбарах, узначальвае адну з парламенцкіх партый «Самопоміч», якая набрала на парламенцкіх выбарах 11%, таму разглядаецца адзін з асноўных кандыдатаў.

Праўда, зараз рэйтынгі як Садавога, так і яго партыі меншыя. Нават прыхільнікі Садавога асабліва не вераць у яго поспех, і на выбары ён, відавочна, ідзе, каб падтрымаць сваю партыю і зарабіць для яе дадатковых галасоў выбарцаў перад парламенцкімі выбарамі, што таксама адбудуцца ў 2019 годзе.

Садавы валодае тэлеканалам і некалькімі радыёстанцыямі, што можа яму дапамагчы ў перадвыбарчай кампаніі.

Ідэалогіяй Садавога і яго палітычнай сілы можна назваць хрысціянскую дэмакратыю, найбольшую падтрымку ён можа атрымаць у Заходняй Украіне.

Вілы Алега Ляшко

Папуліст Алег Ляшко эксплуатуе вобраз простага вясковага мужыка, які з віламі ў руках будзе казаць праўду і змагацца з алігархамі. Яго яшчэ называюць украінскім жырыноўскім.

Таксама Ляшко выступае за ізаляцыянізм і пратэкцыянізм: «Украіна — перш за ўсё», «Купляй украінскае, плаці ўкраінцам».

Такая рыторыка дазваляе Ляшко трымацца ў спісе асноўных кандыдатаў, розныя сацыёлагі даюць яму ад 4 да 8%. Але ў перамогу Ляшко і выхад яго ў другі тур ніхто асабліва не верыць. Хутчэй, ён часткова зможа забраць галасы ў Грыцэнкі і Цімашэнка і падрыхтаваць сваю партыю да парламенцкіх выбараў.

Каго яшчэ не назвалі?

Сярод магчымых кандыдатаў фігуруюць і іншыя імёны, хаця і з меншым узроўнем падтрымкі: Алег Цягнібок, Арсеній Яцанюк, Раман Бяссмертны, Валянцін Налівайчанка, Сяргей Тарута, Іна Багаслоўская, Аляксандр Шаўчэнка, Мішэль Цярэшчанка. Але запыт з боку грамадства на новыя твары такі вялікі, і цалкам магчыма, што сярод лідараў перад самымі выбарамі могуць з’явіцца і зусім новыя і невядомыя прозвішчы. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?