Гэтая кніга напісаная перадусім для сяброў і паплечнікаў Алеся Бяляцкага, для тых, хто далучыўся да нацыянальнага руху ў сярэдзіне 80-х, хто быў у той час сябрам якой-небудзь нацыянальнай моладзевай суполкі, што з’явіліся тады практычна ў кожным вялікім беларускім горадзе.

Каб згадалі той легендарны час, каб не мелі пачуцця, што ўсё тое было дарма і жыццё прайшло ў мройных пошуках чагосьці недасяжнага.

Не, не дарма, кажа ў сваёй кнізе Бяляцкі. І хто тады ўдзельнічаў у беларускім нацыянальным руху — набліжаў паўставанне незалежнай Беларусі, уласнымі сіламі рабіў гісторыю Айчыны. І хоць крыло радзімы аказалася халодным, аднак, прынамсі, жывым.

Новая кніга Алеся Бяляцкага таксама карысная для даследчыкаў найноўшай гісторыі. Бо яна ўтрымлівае не толькі ўспаміны непасрэднага аранізатара і ўдзельніка многіх пратэстных акцый канца 80-х — пачатку 90-х, але і шмат гістарычных дакументаў. Адозваў, статутаў, артыкулаў падпольнага друку, прамоў і інтэрв’ю, а таксама лісты аўтара з-за кратаў.

Ёсць тут і чыста літаратурныя творы, як, напрыклад, апавяданне ў жанры непрыдуманай гісторыі «Усяго толькі суткі» — аповед пра тое, як аўтар трапіў у 1999 годзе ў міліцыю, як яго хацелі пасадзіць на суткі, але міжнародная рэакцыя ў той раз дапамагла выйсці на волю. Бяляцкі па-майстэрску апісвае будні беларускага РАУС і кантынгент, які туды трапляе штодзень.

Ёсць у кнізе і гістарычныя нарысы пра розных дзеячаў беларускай гісторыі, як прыклад, пра айца Андрэя Цікоту або пра савецкіх дысідэнтаў.

Мала хто, напэўна, памятае, што 1996—97 гадах у тыднёвіку «Літаратура і мастацтва» была аўтарская калонка Алеся Бяляцкага. Тады Алесь быў дырэктарам музея Максіма Багдановіча. У кнігу ўкючаны і тагачасныя публікацыі ў «ЛіМе», якія і сёння цікава пачытаць. Асабліва развагі пра вайну ў Чачні. Цяжка паверыць, што такое насмельвалася друкаваць дзяржаўная газета. Адна з нататак заканчваецца словамі: «Расейцы аргументавалі сваю палітыку на Каўказе «прыроднай схільнасцю да разбою» тубыльцаў. Зусім нядаўна генерал —«замірыцель» Чачні Барсукоў назваў усіх чачэнцаў бандытамі, зладзеямі і рабаўнікамі. Дык што ж змянілася за гэты час у псіхалогіі нашых усходніх суседзяў?» Прайшло шмат часу, як былі напісаныя гэтыя радкі, але пытанне, зададзенае Бяляцкім, не згубіла актуальнасці.

* * *

Алесь Бяляцкі. Халоднае крыло радзімы. – Вільня, 2014.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0