Аддзяленьне найноўшай гісторыі Беларускага Калегіюму запрашае Вас ў вандроўку «Беларусь і Літва ў ХХ ст. - шлях да вольнасьці», якая адбудзецца 16-18 кастрычніка 2015 г.
Разам зь беларускімі і літоўскімі гісторыкамі Аляксеем Ластоўскім, Русьцісам Камунтавічусам і Томашам Блашчыкам мы наведаем Вільню, Коўна, Пабержа, Шаўляй ды іншыя мясьціны Летувы, звязаныя з гісторыяй пакутаў, супраціву і нацыянальнага адраджэння ХХ ст.
Падчас вандроўкі мы пабываем у музеі ахвяраў генацыду ў былым будынку КДБ у Вільні, у парку Тускулену (аналагу нашых Курапатаў), на могілках Росы (месца пахаваньня выбітных дзеячоў беларускай і літоўскай культуры і нацыянальных рухаў), у музеі 9-га форта ў Коўне, музеях Чэслава Мілаша ў Шэтэйнях і антысавецкага супраціву ў Пабержы ды на знакамітай гары крыжоў у Шаўляі.
У саміх сталіцах — Вільні і Коўне — нас чакаюць вандроўкі, прысьвечаныя беларускаму нацыянальнаму адраджэньню ХХ ст.
У музеі ахвяр генацыду (КДБ) у Вільні плануецца сустрэча-семінар, прысьвечаны трагічным старонкам нашай найноўшай гісторыі з удзелам жывых сведкаў падзеяў.
Бонусам, зьвязаным з гісторыяй не столькі ХХ стагодзьдзя, але з нашмат больш сівой даўніной, стане наведваньне старажытных радзівілаўскіх Кейданаў.
Унёскі на 3-хдзённую вандроўку складуць 140 еўра ўключна з:
- праездам у аўтобусе,
- расповядам нашых цудоўных гісторыкаў,
- наведваньнем усіх вышэйпералічаных музеяў,
- 2-ма начаваньнямі ў ковенскім гатэлі «Мэтраполіс» (дзе ў свой час месціўся ўрад БНР), і адпаведна з 2-ма сняданкамі,
- з абедам у Кейданах.
Студэнтам Беларускага Калегіюму, а таксама ўсім студэнтам і навучэнцам — зьніжка 20 еўра.
Візы бескаштоўныя для ўсіх удзельнікаў.
Для запісу на вандроўку неабходна даслаць на гэты е-mail ([email protected]) свае дадзеныя:
- Імя і прозвішча лацінкай як у пашпарце
- Нумар пашпарту (не старэйшага за 10 год)
- Дату нараджэння
- звесткі пра патрэбу ў візе
- свой е-mail і кантактны тэлефон.
Уся дадатковая інфармацыя па тэл.: +375291342804, +375255458430 (Валерыя).