Нараўлянская альтанка. Фота: СБ. Беларусь Сегодня

Нараўлянская альтанка. Фота: СБ. Беларусь Сегодня

Паркавая альтанка ў парку пры палацы Горватаў у Нароўлі, якую часта прымаюць за маяк, аказалася паўтарэннем помніка старажытнарымскай архітэктуры — маўзалея Юліяў. Гэта заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына».

Пабудова была ўзведзена ў Глануме прыблізна ў 30-20 гадах да н. э. прадстаўнікамі раманізаванай гальскай сям'і. Сёння ад Гланума засталіся толькі руіны, якія размешчаны на самым поўдні Францыі, недалёка ад Авіньёна.

Маўзалей фундавалі тры браты, Секст, Луцый і Марк, сыны нейкага Гая Юлія. Маўзалей узводзіўся ў памяць іх бацькі і дзеда. Сям'я, відаць, атрымала рымскае грамадзянства за падтрымку, аказаную Юлію Цэзару падчас Гальскай вайны. Раней лічылася, што маўзалей быў пабудаваны пазней для пляменнікаў імператара Аўгуста, якія памерлі маладымі.

Маўзалей Юліяў і руіны трыумфальнай аркі рымскага горада Гланум. Фота: Wikimedia Commons

Маўзалей Юліяў і руіны трыумфальнай аркі рымскага горада Гланум. Фота: Wikimedia Commons

Паколькі пахавальная камера выяўлена не была, сёння дакладна не вядома, ці сапраўды гэтая пабудова былі маўзалеем, ці сімвалічнай магілай — кенатафам.

Гланумскі маўзалей вельмі падобны да маўзалея Істацыдыяў у тым жа горадзе, але мае больш выцягнутыя прапорцыі і больш цяжкія аб'ёмы. 

Руіны рымскага горада Гланума. Фота: Wikimedia Commons

Руіны рымскага горада Гланума. Фота: Wikimedia Commons

Кубічны ніжні ярус, пакрыты рэльефамі, трактаваны як саркафаг. Над ім, падобна да ўрачыстай трыумфальнай аркі ў гонар юных герояў, падымаецца высокі скразны аб'ём — так званы тэтрапілон. Кожны яго фасад у цэнтры прарэзаны аркай.

Гланумскі маўзалей вянчае круглы храм — маноптар. Фота: Wikimedia Commons

Гланумскі маўзалей вянчае круглы храм — маноптар. Фота: Wikimedia Commons

Вянчае круглы храм — так званы маноптар (круглы храм), у якім да XVIII ст. стаялі статуі абодвух Юліяў. Магчыма, ён быў задуманы як памінальны храм. 

Гланумскі маўзалей добра захаваўся і таму мусіў быць вядомым еўрапейскім архітэктарам XIX стагоддзя, якія вывучалі архітэктуру на класічных узорах.

Гланумскі маўзалей. Фота: Wikimedia Commons

Гланумскі маўзалей. Фота: Wikimedia Commons

Палац Горватаў у Нароўлі быў пабудаваны ў сярэдзіне XIX стагоддзя ў стылі позняга класіцызму. Ягоны аўтар на сёння не вядомы, але вядома, што славуты віленскі архітэктар Тадэвуш Раствароўскі, які меў сяброўскія і сваяцкія адносіны з гаспадарамі сядзібы, намаляваў эскізы сцэн з антычнымі міфалагічнымі сюжэтамі для аздаблення інтэр'ераў. Ці не мог ён прыўнесці і ў парк пры сядзібе трошкі антычных матываў?

Паркавая альтанка ў Нароўлі. Фота: Wikimedia Commons

Паркавая альтанка ў Нароўлі. Фота: Wikimedia Commons

Рамантычная альтанка ў Нароўлі, хоць пераймае формы Гланумскага маўзалея, але атрымалася рамантычна вытанчанай і ўзнёслай, праўда, трошкі нераўнаважнай па аб'ёмах. Выкарыстанне цэглы замест натуральнага каменю таксама запатрабавала зменаў — больш устойлівай асновы з магутнымі контрфорсамі. 

Гэты невялікі помнік архітэктуры — яшчэ адно пацвярджэнне моцнай повязі беларускай культуры з сусветнай.

Чытайце таксама:

«Ніхто нічога не кінуў і не збіраецца». Як ідуць справы на рэканструкцыі палаца Горватаў у Нароўлі

Адкуль Лангбард скапіраваў праект Опернага тэатра ў Мінску?

Усё яшчэ думаеце пра Рымскую імперыю штодня? Пачытайце «Гісторыю Старажытнага Рыма» Мэры Бёрд

Сталінкі, саборы, мячэці. Чым расійская архітэктура абавязана Беларусі

Клас
13
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
0
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?