— кажа Томас Венцлава пра беларускую сытуацыю. Але беларуская апазыцыя мусіць паступова гадаваць свой народ, ператвараць яго ў нацыю.

Пра Беларусь мы ведаем няшмат. Нават яе імя ў нашым друку не ўсталявалася — часта яе называюць «Гудзія». Беларусы разумеюцца як адсталыя, нацыянальна безаблічныя, саветызаваныя людзі, якія ад часоў сярэднявечча не спазналі нічога, апрача рабства. Рэдка ўспамінаем іх сьмеласьць і стойкасьць, праяўленыя ў часы паўстаньняў XIX ст. і ў апошняй вайне. Наша няведаньне і незацікаўленасьць зьяўляюцца парадаксальнымі, бо нас злучае (праўда, цяпер падзяляе) даўжэйшая мяжа, чым зь іншымі суседзямі, і агульная гісторыя, якая цягнулася многія стагодзьдзі.

Сёй-той злуецца, што нацыянальна сьвядомыя беларусы лічаць сябе сапраўднымі спадкаемцамі Вялікага Княства Літоўскага, але гістарычныя вузлы тут цяжка разблытаць: Канстанцін Астроскі ці Леў Сапега сапраўды былі русінамі, то бок продкамі беларусаў. Беларускае нацыянальнае адраджэньне было вельмі шчыльна зьвязанае з нашым, была думка і пра агульную дзяржаву (пародыяй на яе стаў «Літбел» Вінцаса Капсукаса). У незалежнай Літве некаторы час існавала Міністэства беларускіх спраў. Закрытая мяжа паміж Вільняй і Ашмянамі або Горадняй зьявілася толькі апошнім часам — сотні гадоў яе не было. Пачуцьцё супольнасьці канчаткова зьнікла толькі ў савецкія часы, калі праявіліся сымпатыі да латышоў і эстонцаў, а беларусы ў Балтыйскую садружнасьць ужо не ўмясьціліся.

Таму Літва, я б сказаў, гістарычна адказная за Беларусь — больш за іншыя краіны. Не дарма наш і беларускі гербы да эпохі Лукашэнкі былі аднолькавыя — такія рэчы ў сьвеце здараюцца рэдка.

Сёньня ў Беларусі, як нам вядома, камічная паўсавецкая дыктатура. У ёй нават больш, чым у Расеі, захаваліся эканоміка і ідэалёгія тых часоў з прысмакам прымітыўнага нацыяналізму ды параноі. Сьцьвярджаецца, што Аляксандра Лукашэнку падтрымліваюць 80% насельніцтва, хоць гэта, хутчэй за ўсё, міт. Так ці інакш, ён любімы многімі, як усе папулісты: гуляе ў хакей, публічна лае сваіх чыноўнікаў. Але яго нэрвовыя паводзіны апошняга часу сьведчаць, што ён не адчувае сябе ўпэўнена.

Пашырана меркаваньне, што Расея сёньня альбо заўтра праглыне Беларусь. На маю думку, гэта таксама міт. Пра аб’яднаньне гаворыцца колькі гадоў, але рэальна яно не набліжаецца. Лукашэнка зусім ня хоча стаць шараговым расейскім губэрнатарам. Яшчэ больш важна тое, што аб’яднаньне дадасьць Расеі невырашальных праблем, якіх ёй і так не бракуе… Непакояцца, што беларуская мова можа зьнікнуць, але нават і гэта ня стала б катастрофай. Аўстрыйцы размаўляюць па-нямецку, а ірляндцы — па-ангельску, але іх краіны не зьяўляюцца ні Нямеччынай, ні Ангельшчынай. З другога боку, трэба сказаць, што беларуская мова трымаецца лепш, чым мы думаем: для інтэлігенцыі і моладзі яна стала справай прэстыжу і нават моды. Парадаксальна, але ўжо вырасла пакаленьне беларусаў, якія зь дзяцінства разумеюць Беларусь як асобную дзяржаву.

Згодны з тымі, хто гаворыць, што найгоршай палітыкай у дачыненьні да Беларусі была б яе ізаляцыя — эскаляцыя канфліктаў і гэтак далей. Напрыклад, трэба зразумець неспакой Беларусі пра нашы сховішчы ядзерных адкідаў — яна, так ці іначай, перажыла Чарнобыль. Трэба думаць і пра літоўскую грамаду ў Беларусі: яе становішча на сёньняшні момант прымальнае, але ўжо ёсьць пагрозьлівыя сыгналы таго, што яна, як і ў шмат разоў большая грамада палякаў, можа стаць закладніцай Лукашэнкі. Эканамічныя сувязі, кантакты зь дзеячамі культуры і моладзьдзю (якая пакрысе вэстэрнізуецца), нарэшце, больш жвавы турызм у Нарачанскі ці Наваградзкі край нам пэўна не пашкодзяць, а беларуская сыстэма захістаецца, як гэта здарылася з намі ў пэрыяд акупацыі. З другога боку, важна арганізаваць сетку дапамогі беларусам — такую, якую Захад і эміграцыя арганізавалі для нас яшчэ да «Саюдысу»: заахвочваць незалежную беларускую культуру, падтрымліваць пацярпелых. Гэта маюць рабіць грамадзкія арганізацыі, якія пры неабходнасьці не пазьбягалі б і неафіцыйных шляхоў. У сваю чаргу, беларуская апазыцыя мусіць паступова гадаваць свой народ, ператвараць яго ў нацыю, і ня толькі ў Менску.

Сілы Лукашэнкі і апазыцыі выглядаюць няроўнымі, але гэта можа быць аптычным падманам. Беларусы маюць адну супольную зь літоўцамі рысу: яны марудныя, але могуць зьмяніцца за некалькі дзён. І гэтая перамена можа адбыцца нават больш удала, чым ва Ўкраіне, бо Беларусь меншая і больш маналітная за яе краіна.

Зь літоўскай пераклаў Андранік Антанян

Гэты тэкст Томаса Венцлавы прагучаў у штодзённай аналітычнай праграме «Savaitės kometrai» Літоўскага радыё (www.lrt.lt) 29 верасьня.

ТОМАС ВЕНЦЛАВА (нар. 1937) — літоўскі паэт. У 1977-м быў высланы з СССР. Выкладае славянскія мовы і літаратуры ў Ельскім унівэрсытэце (ЗША).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0