Польскі еўрадэпутат Марэк Мігальскі падтрымаў петыцыю па аблягчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і Еўрасаюзам і таксама заклікаў беларускія ўлады пачаць перамовы з ЕС па пытаннях спрашчэння выдачы віз для беларусаў, паведамілі ў прэс-службе еўрапарламентарыя.

Мігальскі заяўляе, што такія дзеянні беларускага кіраўніцтва, як «парушэнне правоў чалавека, абмежаванне грамадзянскіх свабод, прыгнёт апазіцыянераў і незалежных журналістаў», вымушаюць ЕС уводзіць візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў.

Як адзначаецца ў заяве, ЕС адкрыты для дыялогу з грамадствам і заклікае спрасціць працэдуру выдачы віз для беларусаў, аднак «Аляксандр Лукашэнка няспынна ігнаруе гэтыя заклікі і дзейнічае на шкоду свайму народу».

«Я ўпэўнены, што аблегчаны візавы рэжым для беларусаў можа садзейнічаць рэалізацыі дэмакратычных працэсаў у Беларусі. У сувязі з вышэйсказаным я поўнасцю падтрымліваю петыцыю беларускіх грамадзян», — прыводзіць словы Мігальскага яго прэс-служба.

Збор подпісаў пад петыцыяй да ўлад з патрабаваннем пачаць перамовы з Еўрасаюзам па пытанні спрашчэння візавага рэжыму пачаўся ў студзені гэтага года на базе глабальнай сеткавай платформы change.org. Аўтарам петыцыі выступіў Аляксандр Вялітчанка, адлічаны ў лютым мінулага года з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта пасля ўдзелу ў акцыі салідарнасці з лідарам «Маладога фронту» Дзмітрыем Дашкевічам.

У петыцыі адзначаецца, што Беларусь ужо шмат гадоў з’яўляецца лідарам па колькасці атрыманых шэнгенскіх віз. Спрашчэнне візавага рэжыму дазволіць пасольствам хутчэй апрацоўваць хадайніцтвы, спросціць працэс іх падачы, знізіць кошт візы з 60 да 35 еўра.

На сёння сабрана каля 4 тыс. подпісаў і працэс працягваецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?