Затрыманыя сёння ў Мінску Павел Вінаградаў і яго бацька дастаўлены ў суд Савецкага раёна сталіцы.

Як паведаміла БелаПАН жонка актывіста Святлана Вінаградава, у дачыненні да іх складзены пратаколы па артыкуле 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавага мерапрыемства або пікетавання).

Лідар «Zмены» — маладзёжнага крыла грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!» — быў затрыманы сёння прыблізна апоўдні супрацоўнікамі міліцыі каля пад’езда свайго дома. Паводле слоў Святланы Вінаградавай, Павел вяртаўся з акцыі, якую актывісты «Zмены» правялі на плошчы Якуба Коласа.

Удзельнікі акцыі расставілі на лаўках свіныя галовы з плакатамі, якія заклікалі вызваліць палітзняволеных, падняць зарплаты ўрачам, не ўводзіць выязную пошліну і іншымі.

Вінаградава даставілі спачатку ў Маскоўскае РУУС (па месцы жыхарства), а затым перавезлі ў Савецкі раён, на тэрыторыі якога праводзілася акцыя. Разам з Паўлам быў затрыманы яго бацька, які, як паведаміла Святлана Вінаградава, «апынуўся побач зусім выпадкова».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?