Валавы ўнутраны прадукт у Беларусі ў студзені—верасні 2013 года вырас на 1,1% і склаў 452,1 трлн. рублёў, паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.

Пры гэтым гадавы прагноз росту ВУП складае 8,5%. Вытворчасць прамысловай прадукцыі ў студзені—верасні 2013 года знізілася на 4,6% да 453,7 трлн. рублёў. Запасы гатовай прадукцыі склалі 28,1 млрд. рублёў, ці 70,6% да сярэднямесячнага аб'ёму прамвытворчасці (леташні паказчык — 54,1%). Удзельная вага інавацыйнай прадукцыі ў агульным аб'ёме адгружанай прадукцыі склала 18%.

Выпуск сельгаспрадукцыі гаспадаркамі ўсіх катэгорый знізіўся на 2,2% да 76,1 трлн. рублёў, сельгасарганізацыямі — на 2,1% да 59 трлн. рублёў.

Інвестыцыі ў асноўны капітал выраслі на 9,3% да 142,6 трлн. рублёў. Уведзена ў эксплуатацыю 3 млн. 747,6 тыс. кв. метраў жылля (на 9,8% больш за леташні паказчык).

Аб'ём перавозкі грузаў транспартам паменшыўся на 5,2% да 330,7 млн. тон, рознічны тавараабарот вырас на 18,6% і склаў 193,1 трлн. рублёў.

Спажывецкія цэны ў верасні ў адносінах да жніўня выраслі на 1,7%, з пачатку года — на 10%, цэны вытворцаў прамысловай прадукцыі павялічыліся на 0,2 і 6,3% адпаведна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?