Андрэй Смірноў чатыры гады адбываў пакаранне ў калоніі. У снежні 2012 ён выйшаў на волю, але сваёй хаты ў цэнтры Жлобіна не знайшоў — ні родных сцен, ні роднага даху.

Замест драўлянай пабудовы, у якой жылі некалькі пакаленняў адной сям’і, паўстаў навюткі катэдж.

34­-гадовы былы асуджаны не раз узіраўся ў свой пашпарт з рэгістрацыяй, параўноўваючы адрас на паперы і на металічнай шыльдзе, прыбітай да плоту.

Суседнія дамы былі тыя ж, але родны дом Андрэя, дзе ён нарадзіўся і вырас, магічным чынам знік, як маці­-зямля яго праглынула, нарадзіўшы замест хацінкі катэдж­-карцінку.

Збянтэжаны малады чалавек нясмела пастукаў у брамку. Выйшаў гаспадар катэджа — мясцовы прадпрымальнік і прапанаваў візіцёру правальваць.

Андрэй пайшоў у міліцыю, паказаў праваахоўным органам свой пашпарт з рэгістрацыяй. Міліцыянты разам з ім паехалі да новага гаспадара. Прадпрымальнік паказаў дакументы на дом, маўляў, памяшканне маё, законна набытае, легальна пабудаванае.

Бізнэсовец зрабіў жэст добрай волі: аплаціў небараку пражыванне ў мясцовым гатэлі за трыццаць дзён. А пасля прапанаваў новае месца жыхарства — у вёсцы Старая Рудня за 35 км ад Жлобіна.

Варта дадаць некалькі слоў перадгісторыі. Андрэй быў сірата, выхоўвала яго бабуля. Жыў ён да «пасадкі» з бабуляй і сужыцелькай у цэнтры райцэнтра.

Неяк у спрэчцы ўнук штурхнуў бабулю, якой было ўжо за 80. Старая ўпала, потым памерла. Унука тады пасадзілі — за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў.

Было гэта ў снежні 2008-­га. Андрэю далі сем гадоў, але вярнуўся ён праз чатыры гады з дакументам аб умоўна­датэрміновым вызваленні за добрыя паводзіны.

Аказалася, што пакуль Смірноў сядзеў у калоніі, спадчыну атрымала ягоная цётка. Сітуацыя дзіўная, бо першаснае права на дом меў якраз-­такі ўнук. Калі б суд вырашыў, што той забіў бабулю, прэтэндаваць на спадчыну ён не змог бы. Але за прычыненне цялесных пашкоджанняў дом, паводле закону, у яго забраць не маглі.

Ягоная цётка (пляменніца памерлай бабулі) здолела нават прадаць дом, нягледзячы на зарэгістраванага там чалавека. Па новым Жыллёвым кодэксе гэта не з’яўляецца парушэннем, але сітуацыя адбылася яшчэ да яго прыняцця.

Андрэй Смірноў працягвае жыць у Старой Рудні. На дапамогу былому асуджанаму прыйшоў яго далёкі сваяк. Пятро Паўлавіч звязаўся з юрыстамі і напісаў скаргу ў жлобінскую пракуратуру, якая праводзіць праверку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?